Гоф
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Востраў Гоф (англ.: Gough Island) — востраў на поўдні Атлантыкі. Уваходзіць у склад брытанскай заморскай тэрыторыі Астравы Святой Алены, Узнясення і Трыстан-да-Кунья. Агульная плошча — 91 км²[1].
Remove ads
Геаграфія
Востраў Гоф мае вулканічнае паходжанне. Лічыцца адным з найбольш аддаленых ад буйных масіваў сушы — 350 км на поўдзень ад архіпелага Трыстан-да-Кунья, 2,7 тыс. км. — на захад ад Кейптаўна, 3,2 тыс. км. — на ўсход ад Бразіліі.
Цэнтральная частка гарыстая. Найвышэйшы пункт — каля 900 м над узроўнем мора. На востраве маецца шмат крыніц пітной вады, ёсць ручаі і рэкі. Дзякуючы дзеянню вады і тэктанічным зрухам уздоўж берагоў і ў гарах утварыліся пячоры, у якіх у канцы XVIII — пачатку ХХ стст. знаходзілі прытулак часовыя насельнікі вострава. Шмат вадаспадаў.
Клімат мяккі вільготны, пераходны да субантарктычнага. Сярэдняя летняя тэмпература (студзень — люты) вагаецца ад 11,1 да 17,4 °C. Сярэдняя зімовая тэмпература (ліпень — верасень) рэдка апускаецца ніжэй за 6,5 °C. Аднак дзякуючы паўднёвым вятрам узімку здараюцца снегапады. Снег пакрывае вяршыні гор усе тры зімовыя месяцы. Гадавая норма ападкаў — 3069 мм[2].
Вакол Гофа месцяцца некалькі малых выспаў і марскіх скал.
Remove ads
Гісторыя
Востраў быў упершыню адкрыты ў ліпені 1505 г. партугальскім мараплаўцам Гансала Альварысам і названы ў яго гонар (парт.: Gonçalo Álvares). Але ў 1731 г. ён нанава быў адкрыты брытанскім капітанам Чарльзам Гофам. У 1939 г. востраў быў анексаваны Вялікабрытаніяй.
Маракі звычайна пазбягалі вострава, паколькі яго скалістыя берагі разам са сталымі штармамі лічыліся небяспечнымі для суднаў. Толькі з канца XVIII ст. сюды сталі наведвацца паляўнічыя на ластаногіх і зборшчыкі гуана. Яны стваралі часовыя паселішчы і жылі тут па некалькі месяцаў. У пачатку ХХ ст. на Гофе няўдала вяліся пошукі дыяментаў.
Навуковае даследаванне вострава пачалося ў 1904 г., калі шатландская антарктычная экспедыцыя зрабіла першыя апісанні геалогіі і мясцовага расліннага свету. Брытанскія і нарвежскія палярнікі спыняліся на ім у 1922 і 1935 гг. Найбольшы поспех мела брытанская кембрыджская экспедыцыя 1955—1956 гг., якая зрабіла поўнае даследаванне прыроды, надвор’я і экалогіі Гофа. Пасля экспедыцыі па ініцыятыве ўрада ПАР на востраве была адкрыта метэаралагічная станцыя, якая сёння таксама з’яўляецца даследчай базай.
У 1995 г. Гоф быў абвешчаны прыродным запаведнікам.
Remove ads
Прырода
Дзякуючы ізаляванасці на Гофе захавалася амаль не кранутая чалавекам прырода.
Раслінны свет не багаты. Аднак цікавасць прадстаўляюць розныя віды эндэмічных імхоў, а таксама сафоры — дрэвавіднай расліны, якая сустракаецца яшчэ ў Новай Зеландыі.
Гоф славіцца птушынымі базарамі. Усяго яго насяляе каля 50 відаў птушак, у тым ліку 12 відаў альбатросаў, кудлаты пелікан, каралеўскі буравеснік, пінгвіны і г. д. Асабліва вылучаецца рэдкі трыстанскі альбатрос, падобны да паўднёвага альбатроса. Размах яго крылаў дасягае 3,5 м. Ён гняздуецца на вышыні 400—700 м над узроўнем мора, сілкуецца рыбай і ракападобнымі. Эндэмічнымі з’яўляюцца мясцовая аўсянка і «вадзяная курыца», якая страціла ўменне лётаць. Каля вострава заўсёды шмат ластаногіх.
Але прырода вострава даволі далікатная. Было заўважана, што пасля наведвання на імхах на некалькі гадоў застаюцца чалавечыя сляды. Разам з чалавекам на Гоф патрапілі мышы, якія ў адсутнасці іншых наземных драпежнікаў распладзіліся і ўяўляюць сабой рэальную пагрозу для эндэмікаў.
Ахова
З 1995 г. увесь востраў цалкам уяўляе сабою запаведнік. У 2004 г. да яго таксама быў далучаны востраў Інасесібл. З’яўляецца прыродным аб’ектам сусветнай спадчыны.
Галерэя
- Выгляд з космасу
- Астраўны пейзаж
- Эндэмічная прырода
- Вадзяная курыца
Зноскі
- http://www.sanap.ac.za/sanap_gough/sanap_gough.html Архівавана 12 верасня 2017.
- http://www.climate-charts.com/Locations/u/UA68906.php Архівавана 20 жніўня 2016.
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads