Вялікі Воз (мерапрыемства)
Штогадовая канферэнцыя навукоўцаў з Беларусі, што праводзіцца ў Эстоніі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Вялікі Воз — штогадовая нефармальная сустрэча беларускіх навукоўцаў, якія жывуць і працуюць за межамі Беларусі. Праходзіць у павеце Пярнумаа (Эстонія) па ініцыятыве часопіса «Памылка».

Мерапрыемства аб’ядноўвае даследчыкаў у галіне прыродазнаўчых, тэхнічных, гуманітарных навук, а таксама папулярызатараў навукі і творцаў, што развіваюць беларускамоўную адукацыю і асвету[1][2].
Remove ads
Мэты і фармат
Мерапрыемства накіравана на наладжванне прафесійных кантактаў, абмен вопытам, прэзентацыю навуковых дасягненняў і стварэнне новых міждысцыплінарных камандаў. Удзельнікамі становяцца беларускія даследчыкі (у тым ліку супрацоўнікі high-tech сектара і педагогі) розных этапаў акадэмічнай кар’еры — ад студэнтаў да прафесараў. Фармат спалучае элементы навуковай канферэнцыі з нефармальнымі дыскусіямі, майстар-класамі і групавымі абмеркаваннямі.
Remove ads
Арганізатары
Арганізатарам з’яўляецца Згуртаванне беларускіх суполак Эстоніі (Friida Bell MTÜ) пры падтрымцы агенцтва «ESTDEV». Мэта арганізацыі — садзейнічаць развіццю беларускай культуры, адукацыі і грамадзянскіх ініцыятыў у Эстоніі, у тым ліку ў галіне навукі.[3]
Гісторыя
Свае мерапрыемствы арганізатары называюць «з’ездамі».
Першы з’езд
Першы з’езд адбыўся 5—7 ліпеня 2024 года. Ён сабраў 13 удзельнікаў і стаў пляцоўкай для абмену навуковымі ідэямі і наладжвання кантактаў паміж даследчыкамі па-за межамі Беларусі. Падчас правядзення сустрэчы абмяркоўваліся развіццё беларускай акадэмічнай супольнасці за мяжой, ідэі стварэння прэміі «Бізон Гіґс»[4], правядзення фестывалю навукі і стварэння беларускага STEM-універсітэта. Для мерапрыемства была выбрана назва «Вялікі Воз» — беларуская народная назва сузор’я Вялікай Мядзведзіцы. Гэтае сузор’е, па словах Зміцера Канановіча, аднаго з арганізатараў канферэнцыі, даследчыка з Талінскага тэхналагічнага ўніверсітэта, не знікае з неба паўночных краін і зіхаціць над Эстоніяй нават у светлыя летнія ночы, яго відаць як з балтыйскага ўзбярэжжа, так і паўсюль у Беларусі. Гэта натхніла супольнасць, «бо неба не мае межаў і належыць усёй чалавечай супольнасці»[5].
Другі з’езд
Другі з’езд прайшоў з 31 ліпеня да 3 жніўня 2025 года[6]. У ім узялі ўдзел больш як дваццаць даследчыкаў з Польшчы, Швейцарыі, Германіі, Літвы, Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі і Эстоніі. Сярод удзельнікаў былі прадстаўнікі розных навуковых дысцыплін, уключаючы клеткавую біялогію, археалогію і археагенетыку, геноміку, астрафізіку, арганічную хімію, матэрыялазнаўства, сацыяльную экалогію, гуманітарныя і міждысцыплінарныя кірункі, а таксама папулярызатары навукі і творчыя асобы, якія займаюцца беларускамоўнай асветай. Праграма ўключала навуковыя даклады, тэматычныя дыскусіі і тэхнічныя майстар-класы, у тым ліку на адкрытым паветры. Асноўныя пытанні, якія абмяркоўваліся[3]:
- праблемы, з якімі сутыкаюцца беларускія навукоўцы ў эміграцыі;
- перспектывы грамадзянскай навукі;
- метады эфектыўнага ўзаемадзеяння з медыямі;
- этыка ў навуковых даследаваннях;
- развіццё беларускамоўных STEM-праектаў.
Па выніках мерапрыемства ўдзельнікі прынялі шэраг рашэнняў, скіраваных на развіццё беларускай навуковай супольнасці за мяжой і пашырэнне беларускамоўных адукацыйных рэсурсаў[5][7]:
- Штогод ладзіць «Вялікі Воз» як флагманскую імпрэзу супольнасці. Наступная сустрэча адбудзецца з 30 ліпеня да 2 жніўня 2026 года ў тым жа месцы ў Эстоніі, але ўжо ў адкрытым фармаце. Плануюць прыняць да 30 удзельнікаў. Рэгістрацыя будзе адкрытая за некалькі месяцаў і абвешчаная праз сацыяльныя сеткі.
- Развіваць сетку ўзаемадзеяння паміж беларускімі навукоўцамі: запрашаць навукоўцаў і тых, хто цікавіцца навукай і тэхналогіямі, далучацца да мерапрыемства. Плануецца пашыраць супольнасць праз адкрыты фармат, умацоўваць гарызантальныя сувязі, міждысцыплінарнасць і партнёрства з падобнымі ініцыятывамі.
- Запускаць і рэалізоўваць супольныя праекты, што пераносяць перадавыя навуковыя ідэі ў тэхналогіі, грамадскія ініцыятывы, адукацыю і культуру. Падтрымліваць асабістыя праекты ўдзельнікаў супольнасці ў справе папулярызацыі навуковых ведаў. Падтрымліваць беларускамоўнае навуковае асяроддзе, адкрытую камунікацыю і грамадзянскую навуку, робячы веды дасяжнымі для ўсіх.
- Даваць голас Беларусі ў міжнароднай навуковай прасторы і захоўваць/развіваць інтэлектуальны патэнцыял нацыі.
Remove ads
Гл. таксама
Спасылкі
- Маніфест «Вялікага Возу»: Сузор’е беларускай навукі (бязмежжа) (25 жніўня 2025). Архівавана з першакрыніцы 26 жніўня 2025.
- Cтаронка «Вялікага Возу» у Linkedin
- Фотаздымкі канферэнцыі 2025 года на Wikimedia Commons
Зноскі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads