Юра (горы)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Юра (фр.: Jura, ням.: Jura) — горы ў Швейцарыі і Францыі.
Юрскія горы размешчаны на ўскраіне маладой Заходне-Еўрапейскай платформы, складзены дэфармаванымі ў альпійскую эпоху тэктагенеза пародамі. Утвараюць дугу даўжынёй каля 250 км паміж Швейцарскім пласкагор’ем і раўнінамі Бургундыі. Вышыня да 1718 м (г. Неж).
Паралельныя хрыбты ўяўляюць сабой перадавыя складкаватыя ланцугі Альпійскай сістэмы. Антыклінальныя хрыбты чаргуюцца з шырокімі сінклінальнымі далінамі. Горныя грабяні складзены пераважна з вапнякоў і мергеляў юрскага ўзросту, якія далі назву юрскай сістэме (перыяду). Выцягнутыя шырокія даліны, запоўнены флішам. Хрыбты перасечаны вузкімі цяснінамі, якія злучаюць даліны між сабой і ствараюць рашотчатую эразійную сетку. Развіты карст.
У будове дугападобных складкавых структур Французскай Юры ўдзельнічаюць юрскія і часткова ніжнемелавыя вапнякі, якія ўтвараюць грабяні, плато і стромыя абрывы. Яна характарызуецца карставымі формамі ў выглядзе замкнёных западзін, леек, маленькіх польеў, сухіх далін, пячор і карставых шахт, сустракаюцца (пераважна на поўдні) кары. Часта знікаюць рэкі, якія затым бурна вырываюцца з-пад зямлі на паверхню. Паўночна-заходняй частцы Юры ўласцівы шырокія закарставаныя камяністыя плато, якія перасякаюцца рэкамі ў вузкіх каньёнападобных далінах. У Швейцарскай Юры таксама распаўсюджаны пячоры, прорвы, паноры, знікаючыя вадацёкі, карставыя крыніцы і азёры, лейкі, месцамі кары. Карставая шахта Нідленлох у раёне Золатурна дасягае 400-метровой глыбіні.
Платападобныя закарставаныя паверхні (плато Юра) ступеньчата паніжаюцца на захад. На ўсходзе горы стромка абрываюцца ўступам вышынёй да 1000 м, які аддзяляе іх ад Швейцарскага пласкагор’я.
У гарах Юры на вапняковых мацярынскіх пародах сфарміраваліся дзярнова-карбанатныя глебы, пашыраны буразёмы і горна-лугавыя глебы. На схілах — букавыя лясы, вышэй (да 1300—1400 м) лясы з елкі і піхты; на вяршынях — субальпійскія лугі. Даліны заселены і апрацаваныя, лугі на вяршынях хрыбтоў служаць летнімі пашамі.
Remove ads
Літаратура
- Юра // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — 472 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1).
Спасылкі
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Юра (горы)
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads