Дом Поляка
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Дом Поляка — будынак у Мінску, размешчаны ў квартале, які прымыкае да Верхняга Горада, па адрасе вуліца Рэвалюцыйная, 28. Пабудаваны ў XIX ст. з цэглы.
Remove ads
Гісторыя


У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы існавала драўляная забудова, якая была знішчана падчас пажару 1874 года. Пасля пажару на месцы страчанай забудовы пабудаваны новы мураваны двухпавярховы дом, а таксама драўляны флігель. Гэтыя будынкі, якія належалі мінскаму мешчаніну Абраму Поляку, моцна пацярпелі падчас вялікага пажару 1881 года. Адразу пасля пажару ўладальнік звярнуўся ў Мінскую гарадскую ўправу з праектам на аднаўленне мураванага жылога дома, а таксама на ўзвядзенне комплексу гаспадарчых пабудоў[1].
Гэты праект быў цалкам рэалізаваны. Адноўлены пасля пажару мураваны двухпавярховы жылы дом выходзіў галоўным фасадам на Койданаўскую вуліцу. Асноўны аб’ём будынка быў накрыты двухсхільным дахам і аддзелены ад сцяны прафіляваным карнізам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў падзелены на два ярусы прафіляванай цягай. Вуглы будынка былі аформлены лапаткамі. У цэнтры знаходзілася праязная арка, перакрытая скляпеннямі. Над аркай быў змешчаны вялікі балкон з каванымі дэкаратыўнымі кратамі. Прамавугольныя аконныя праёмы другога паверха былі аздоблены прафіляванымі ліштвамі[1].
У 1891 годзе новы ўладальнік дома Ізраіль Ляхоўскі пабудаваў на тэрыторыі пляца новы мураваны флігель. У канцы XIX стагоддзя былы дом Поляка набыла дваранка Ідалія Воўк. У 1892 годзе яна пабудавала на тэрыторыі пляца некалькі дадатковых мураваных гаспадарчых пабудоў[1].
У 1906 годзе гэты дом разам з зямельным пляцам перайшоў ва ўласнасць да дваранкі Амеліі Ельскай. Паводле інвентарызацыі 1910 года большасць памяшканняў у доме Ельскіх займала гасцініца «Купецкая», якая мела 10 нумароў, акрамя таго, ў будынку было некалькі жылых кватэр[1].
Пасля 1920 года будынак быў нацыяналізаваны і выкарыстоўваўся пад жылыя кватэры. У гады Другой сусветнай вайны не пацярпеў. Пасля вайны ў выніку шматлікіх рамонтаў і перабудоў быў часткова страчаны дэкор галоўнага фасада, а таксама балкон на другім паверсе. Адначасова была замуравана праязная арка[1].
Да канца XX стагоддзя будынак выкарыстоўваўся пад жыллё[1].

У 2008—2009, а таксама ў 2012 гадах былі праведзены даследаванні, якія выявілі, што будынак знаходзіцца ў нездавальняючым стане. Планавалася яго адрэстаўраваць і прыстасаваць пад гандлёвыя і офісныя функцыі. Падчас даследавання быў высветлены першапачатковы характар фасадаў, знойдзены сляды колішняга балкона, кавалак кафлі з арнаментам ад ацяпляльнай печы[2].
Дакументацыя па рэстаўрацыі была распрацавана праектным інстытутам «Мінскграмадзянпраект» па заказе «Мінскай спадчыны». У часе рэканструкцыі ў 2013 годзе на аб’екце вяліся работы, якія не адпавядалі праектнай дакументацыі: будаўнікі збілі старую ўсе ляпныя дэкаратыўныя элементы, зрабілі таркрэтаванне — нанеслі слаі бетону на аўтэнтычную тынкоўку, а таксама правялі ацяпленне, якое не было ўзгоднена[2]. Міністэрства культуры выдала прадпісанне спыніць работы на аб’екце ў сувязі з парушэннямі заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны[3].
Remove ads
Архітэктура
Двухпавярховы Т-падобны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад падзелены карнізам па 2 часткі. Прамавугольныя вокны 1-га і лучковыя 2-га паверхаў маюць абрамленне. На 2-м паверсе праёмы дэкарыраваны прамымі сандрыкамі. Пад дахам праходзіць шматслойны развіты карніз[4].
Зноскі
- БУДЫНАК № 28. ДОМ ПОЛЯКА. ГАСЦІНІЦА «КУПЕЦКАЯ»(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 13 лютага 2019. Праверана 1 студзеня 2020.
- Рэвалюцыйная, 28: Помнік гісторыі ці будаўнічая пляцоўка?(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 1 студзеня 2020. Праверана 1 студзеня 2020.
- 271. Забудова вуліцы Рэвалюцыйнай // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads