Казімір Ражноўскі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Казімір Юльян Ражноўскі (польск.: Kazimierz Julian Rożnowski; 16 лютага 1875, Гірсы, Лепельскі павет, Віцебская губерня — 5 лістапада 1939, Вулька Казлоўская, Польшча)[1][2] — польскі грамадска-палітычны дзеяч, рэвалюцыянер, вучоны-натураліст.
Remove ads
Біяграфія
Быў малодшым з чатырох дзяцей у сям'і землеўладальнікаў Францішка і Тэрэзы Ражноўскіх[1].
Пасля заканчэння гімназіі ў Віцебску вучыўся на аддзяленні заалогіі фізіка-матэматычнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта. Падчас вучобы ва ўніверсітэце быў адным з заснавальнікаў студэнцкага Польскага зямляцтва ў Маскоўскім універсітэце, потым скарбнікам у яго праўленні, а таксама ўваходзіў у кіраўніцтва студэнцкай арганізацыі ў Маскве Рада аб'яднаных зямляцтваў (Саюзная рада аб'яднаных рэгіянальных арганізацый). У 1894 г. сустрэўся ў Маскве з Юзафам Пілсудскім і ў 1895 г. уступіў у склад Польскай сацыялістычнай партыі (ППС), займаўся партыйнай прапагандай сярод польскіх работнікаў і салдат[1]. У 1897 г. пакінуў універсітэт (які не скончыў[3]) і ў 1897 г. быў арыштаваны па справе Рады аб'яднаных зямляцтваў і пасля некалькіх месяцаў знаходжання ў турме быў высланы ў Гірсы пад нагляд паліцыі[1].
На заклік Пілсудскага выехаў у Вільню, і адтуль, карыстаючыся чужым пашпартам, паехаў у Лондан. Атрыманую ў той час рэнту за маёнтак у Гірсах перадаў на партыйныя мэты. У Лондане прайшоў навучанне друкарскай справе ў друкарні «Przedświt», якая належала Замежнаму саюзу ППС. У канцы красавіка 1899 г. вярнуўся разам з Пілсудскім у Вільню, дзе яны прынялі ад Станіслава Вайцяхоўскага, які ад’яжджаў за мяжу, друкарню партыйнай газеты «Robotnik». Ражноўскі працаваў у гэтай друкарні да восені 1899 г., у тым ліку пасля яе перамяшчэння ў Лодзь, аж да часу яе выяўлення жандарамі. Пасля арышту ў лютым 1900 г. Юзафа Пілсудскага і Аляксандра Маліноўскага, Ражноўскі выехаў у Вільню. Але 26 лютага 1900 г. уначы ў Вільні быў арыштаваны на канспірацыйнай кватэры і зняволены ў Варшаўскай цытадэлі, праз паўтара гады пераведзены ў Седлецкую турму. Паводле прысуду ад 5 мая 1902 г. высланы на 6 гадоў у Сібір. Пасля працяглага этапу к канцу года быў дастаўлены ў Верхаянск у Якуціі[1].
Падчас ссылкі працаваў на метэаралагічнай станцыі ў Верхаянску, пачаў займацца ў галіне батанікі, арніталогіі, этнаграфіі. Там жа пазнаёміўся з вучоным-натуралістам Аляксеем Бялыніцкім- Біруля. У 1904 г. метэаралагічная абсерваторыя ў Іркуцку накіравала яго для працы на метэаралагічнай станцыі ў паселішчы Рускае Вусце Верхаянскай акругі, што ў дэльце Індыгіркі, куды ён 27 красавіка 1904 г. выехаў з Верхаянску. У 1905 г. атрымаў магчымасць прыняць удзел у працах экспедыцыі Міністэрства ўнутраных спраў па вывучэнні пытанняў забеспячэння Калымскага і Ахоцкага краёў. У сваіх працах Ражноўскі апісаў тундру, яе клімат, біялагічнае жыццё краю, пераважна пералёты птушак, адкрыў невядомае да гэтага ў дэльце Індыгіркі месца гнездавання ружовых чаек[1].
У выніку амністыі, абвешчанай пасля Маніфеста 17 кастрычніка 1905 г., вярнуўся на радзіму. У 1906-1912 гг. жыў у Гірсах у брата Браніслава. Прывезеныя з Сібіры біялагічныя калекцыі перадаў Імператарскай Акадэміі Навук у Санкт-Пецярбургу, этнаграфічныя калекцыі - Музею імя Аляксандра III у Санкт-Пецярбургу. У той жа час на працягу восеньскага семестру 1906/1907 г. вывучаў медыцыну ў Вене. У 1907 г. паўгода знаходзіўся ў навуковай экспедыцыі на Мадагаскары ад Геаграфічнага таварыства ў Вене. Працягваў захоўваць сувязі з ППС-Рэвалюцыйнай фракцыяй, якая ўтварылася пасля расколу ППС[1].
У 1912-1917 гг. працаваў у Санкт-Пецярбургу/Петраградзе ў сіндыкаце па продажу вырабаў металургічнай прамысловасці «Продамет». У 1915 г. увайшоў у склад Польскага таварыства дапамогі ахвярам вайны, дзе з 1916 г. належаў да яго Цэнтральнага камітэта. У 1917 г. як прадстаўнік ППС-Рэвалюцыйнай фракцыі ўвайшоў у Ліквідацыйную Камісію да спраў Каралеўства Польскага ў Петраградзе[4]. У тым жа годзе прыехаў у Мінск ад Таварыства дапамогі бедным сем’ям палякаў і застаўся тут у якасці прадстаўніка арганізацыі на тэрыторыі Літвы і Беларусі да мая 1919 г. Перадаў свае прватныя калекцыі ў музей у Полацку[1].
З 1919 г. жыў у Варшаве. Быў начальнікам аддзела ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Польскай Рэспублікі (1919-1921), быў членам польскай дэлегацыі ў змешанай памежнай камісіі на ўсходзе пры Міністэрстве замежных спраў (1921-1924). Затым вярнуўся ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны (1924-1929), дзе займаўся працай, звязанай з увядзеннем у дзеянне закона аб страхаванні на выпадак беспрацоўя. У маі 1929 г. стаў камісарам, а потым дырэктарам Касы страхавання па хваробе ў Варшаве (1929-1932). У далейшым працаваў на розных пасадах у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны (1932-1933), Міністэрстве скарбу (1933 -1933), старшынёй Палаты сацыяльнага страхавання (1933-1934). Пасля выхаду на пенсію пасяліўся ў Вульцы Казлоўскай[1].
З 1928 г. уваходзіў у склад Польскай сацыялістычнай партыі - былой рэвалюцыйнай фракцыі, быў членам яе цэнтральнага камітэта. Быў членам Інстытута найноўшай гісторыі Польшчы. У 1933 г. стаў віцэ-прэзідэнтам Таварыства сяброў Дзяржаўнага заалагічнага музея, у гэтай якасці садзейнічаў завяршэнню II заалагічнай выправы ў раён Параны (Бразілія) і Паўднёвай Афрыкі. У Яноўцы працягваў займацца зборам заалагічных калекцый, якія перадаваў Дзяржаўнаму заалагічнаму музею[1].
Remove ads
Сям'я
У шлюбе са Стэфаніяй Здраеўскай (1875-1971) меў дачок:
- Яніна (нар. у1909 г.), у замужжы Феліксякова, заолаг, старшы дыпламаваны захавальнік бібліятэкі Інстытута Заалогіі Польскай акадэміі навук у Варшаве;
- Ганна (нар. у 1911 г.).
Творы
- Ptaki stałe w Wierchojańsku (Kraina Jakucka) // Wszechświat. — T. XXIII. — Z. 23. — 5 czerwca. 1904. — S. 362.
- Urywki wrażeń z wycieczki ornitologicznej do tundry beyleśnej // Wszechświat. — T. XXIV. — 1905. — Nr 7, 8, 9.
- Z biologii kaczkowatych na Dalekim Wschodzie // Wszechświat. — T. XXVI. — 1907. — Nr 41 (S. 645-649); Nr. 42 (S. 666-669).
- Płatkonóg rdzawoszyjny // Wszechświat. — T. XXVI. –1907. — Nr 45.
- Dzikie gęsi // Łowiec Polski. — 1910. — Z. 10.
- Ze wspomnień wspólnego pobytu z Aleksandrem Malinowskim w więzieniach // Aleksander Malinowski 1869-1922. — Kraków, 1924.
- Wspomnienia z tajnych drukarń „Robotnika” w Wilnie i Łodzi // Józef Piłsudski, pisarz, wydawca i drukarz. — Kraków, 1936.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads
