Како Шанэль
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Како Шанэль (фр.: Coco Chanel, сапраўднае імя Габрыэль Банёр Шанэль, фр.: Gabrielle Bonheur Chanel; 19 жніўня 1883, Самюр — 10 студзеня 1971, Парыж) — французская мадэльерка, адна з самых уплывовых асоб у гісторыі моды XX стагоддзя, заснавальніца брэнда «Chanel». Унесена часопісам «Тайм» у спіс сотні самых уплывовых людзей XX стагоддзя[7].
Remove ads
Біяграфія
Како Шанэль нарадзілася ў Самюры ў 1883 годзе, хоць сцвярджала, што з’явілася на свет у 1893 годзе ў Аверні. Маці памерла, калі Габрыэль было 12 гадоў, пазней яе з чатырма роднымі братамі і сёстрамі пакінуў бацька. Дзеці былі тады на апецы сваякоў і правялі некаторы час у прытулку, дзе Шанэль навучылася шыць.
У 18 гадоў Габрыэль уладкавалася прадаўцом у краму адзення, а ў вольны час спявала ў кабарэ. Любімымі песнямі былі «Ko Ko Ri Ko» і «Qui qua vu Coco», за што ёй і далі мянушку Како. У гэтай сферы Габрыэль не атрымала поспеху, аднак падчас аднаго са сваіх выступаў зачаравала афіцэра Эцьена Бальсана. Яна пераехала жыць да яго ў Парыж, але неўзабаве сышла да англійскага прамыслоўца Артура Кейпела. Пасля стасункаў са шчодрымі багатымі мужчынамі Шанэль змагла адкрыць капялюшную краму ў Парыжы ў 1910 годзе.

Паступова асартымент пашыраўся, і Шанэль пачала ствараць адзенне, якое вызначалася прастатой, функцыянальнасцю і элегантнасцю. Яна распрацавала легендарныя дызайны, сярод якіх — маленькая чорная сукенка, касцюм «Chanel», і духі «Chanel № 5», якія сталі сімваламі стылю і жаночай эмансіпацыі[8].
Яе дом моды размясціўся на вуліцу Камбон, дзе і знаходзіцца па сёння, насупраць гатэля «Рыц».
Падчас Другой сусветнай вайны ў перыяд акупацыі Францыі Шанэль была цесна звязана з нацысцкімі ўладамі. Яна знаходзілася ў блізкіх адносінах з нямецкім дыпламатам, чыноўнікам НСДАП, баронам Гансам Гюнтэрам фон Дынклаге[9]. Пасля вайны ёй паставілі ўмову пакінуць Францыю, таму мадэльерка пераехала ў нейтральную Швейцарыю на 15 гадоў. Там яна працягвала некалькі гадоў жыць з Дынклаге, а ў 1952 годзе аплаціла пахаванне начальніка знешняй выведкі нацыстаў, брыгадэфюрэра СС Вальтэра Шэленберга[10][11].
У 1954 годзе вярнулася ў Парыж і адрадзіла свой модны дом[11].
Памерла 10 студзеня 1971 года ў нумары люкс гатэля «Рыц» у Парыжы. Пахавана на могілках Буа-дэ-Во ў Лазане (Швейцарыя).
Remove ads
Спадчына
Како Шанэль лічыцца адной з найбуйнейшых рэфарматарак жаночай моды XX стагоддзя. Яе ўплыў выходзіць за межы моды — яна стала сімвалам незалежнай, вольнай і сучаснай жанчыны. Модны дом Chanel застаецца адным з самых уплывовых і прыбытковых брэндаў у свеце. Імя Шанэль стала сінонімам элегантнасці, мінімалізму і бездакорнага густу[8].
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads