Маскавічы (гарадзішча)

гарадзішча ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia

Маскавічы (гарадзішча)map
Remove ads

Ма́скавічы, або Маскаўцы — гарадзішча днепра-дзвінскай культуры каля в. Маскавічы Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Знаходзіцца за 0,3 км на поўдзень ад вёскі, на беразе воз. Дзерба.

Хуткія факты Маскавічы, Краіна ...
Remove ads

Апісанне

Пляцоўка няправільнай формы, плошчай 1 га. З паўночнага і ўсходняга боку абкружана балоцістай нізінай, з захада — возерам. Паўночны бок мае плаўны схіл.

Гісторыя

На рубяжы нашай эры гарадзішча было ўмацавана драўляным плотам, у XI—XII стагоддзях на ім зроблены сцены з тоўстых гарызантальна пакладзеных бярвёнаў. У XII—XIII стагоддзях з’яўлялася памежнай крэпасцю на паўднёва-заходняй ускраіне Полацкага княства, магчыма, было сядзібай-замкам, або гандлёвай факторыяй.

На пасяленні жылі славяне (крывічы), прадстаўнікі ўсходнебалцкіх і фіна-ўгорскіх плямёнаў. Знаходкі абломкаў касцей з рунічнымі надпісамі сведчаць аб наяўнасці на гарадзішчы слядоў скандынаваў.

Remove ads

Даследаванні

Thumb
Руны на костках з гарадзішча Маскавічы

Выявіў у XIX стагоддзі Ф. В. Пакроўскі (як Рацішскае гарадзішча). Абследавалі ў 1955 годзе Л. В. Аляксееў, у 1972 годзе — М. М. Чарняўскі. У 1976—1988 гадах раскопкі праводзіла Л. У. Дучыц — ускрыта 2200 м² плошчы.

Культурны пласт у цэнтры, на паўночным і заходнім схілах ад 0.2 да 0.3 м, на заходняй тэрасе дасягае 1.2 м. Знойдзены фрагменты ляпной і ганчарнай керамікі, жалезныя нажы, замкі, ключы, крэсівы, нажніцы, сякеры, косы, сярпы, прыстасаванні для рыбнай лоўлі, конская збруя і рыштунак конніка, наканечнікі стрэл і дзідаў, шпоры, страмёны, вырабы з косці: грабяні, гузікі, праколкі, тронкі нажоў, керамічныя і шыферныя прасліцы, бранзалеты, пярсцёнкі, падвескі, фібулы, пацеркі і інш.

Выяўлены 4 крыжы-энкалпіёны. На адным з іх на вонкавым баку распяцце, на адваротным — выява Маці Божай з дзіцём. З абодвух бакоў па краях — медальёны з выявамі святых. Два іншыя складні па форме аднолькавыя, у іх расшыраныя канцы з кроплепадобнымі выступамі па вуглах. Адзін з іх упрыгожаны эмаллю і пазалотай.

Рэшткі пабудоў не былі выяўлены, аднак ускосныя дадзеныя сведчаць пра комплексную забудову гарадзішча. Верагодна, жытлы былі наземныя, зрубавыя, па форме блізкія да квадрата, памерамі 16—25 м². Пад ніжнімі вугламі знойдзены драўляныя і мураваныя падкладкі. Сцены былі складзены з круглых абчасаных бярвёнаў дыяметрам 0.15—0.2 м, пазы абмазваліся глінай. Падлога была драўлянай і глінабітнай з пясчанай, або глініста-земляной падсыпкай.

Печы — глінабітныя на слупавых апечках. Адна печ даўжынёй 1 м, шырынёй 0.6 м, вышынёй скляпення 0.6 м захавалася добра, у ёй знойдзены вуголле, рэшткі керамікі і бронзавы арнаментаваны бранзалет.

Гаспадарчыя ямы памерамі ад 0.5×0.5 м да 1×1.5 м былі заглыблены ў мацярык на 0.1—1.2 м. Сценкі некаторых абмазаны глінай, і верагодна, што ў іх захоўваліся харчовыя прыпасы.

У 1982, 1983, 1985 і 1988 гадах у возеры Дзерба, якое прымыкае да гарадзішча, праводзіліся гідраархеалагічныя даследаванні і падводныя раскопкі. У культурным пласце 0.2—0.3 м былі знойдзены цыліндрычны замок, шыфернае прасліца, фрагмент сіняга шклянога пярсцёнка, медная блешня, кераміка і іншае. Гэта дае падставу меркаваць пра існаванне на гэтым месцы пасада, які з цягам часу апынуўся пад вадой.

Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, Музеі старажытнабеларускай культуры, Полацкім краязнаўчым музеі.

Remove ads

Літаратура

  • Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2: Л—Я. — 464 с. ISBN 978-985-11-0549-2. — С. 62—63
  • Дучыц Л. У. Гарадзішча // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. Мн.: БелСЭ, 1985.  Віцебская вобласць.  496 с., іл. — С. 152.
  • Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына. Гісторыя і археалогія гарадзішча Маскавічы: зборнік навуковых артыкулаў // Інстытут беларускай гісторыі і культуры (Рыга), Таварыства аматараў беларускай гісторыі імя В. Ластоўскага. 2013. – 386 с.
  • Дучыц Л. У. Маскавiчы // Полоцкий летописецъ. № 1 (2). Полоцк, 1993.
  • Дучиц Л. В., Мельникова Е. А. Надписи и знаки на костях с городища Масковичи (Северо-Западная Белоруссия) // Древнейшие государства на территории СССР, 1980. Москва: 1981. C. 185—216.
  • Дучыц Л. У. Маскавіцкае гарадзішча (XI—XIII ст.) // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук, 1980.
  • Плясун В. Ю. Сведкі далёкай гісторыі Маскавіч // Образование ХХІ века, 2010. С. 306—307.
Remove ads

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads