Мікалай Міхайлавіч Сапега
(пам. 1611) кухмістр вялікі літоўскі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Мікалай Міхайлавіч Сапега (да 1553 — да 13 жніўня 1611) — дваранін каралеўскі (1574), падкаморы гарадзенскі (з 1582), староста астрынскі, кухмістр вялікі літоўскі (1589—1611), дзяржаўца лунненскі (1589—1611).
Надпіс на партрэце братоў Льва і Мікалая з кодзеньскай серыі памылковы, бо інфарматары аўтара — Алойзі Міштальт і Ян Фрыдэрык Сапега — паблыталі вялікага кухмістра Мікалая Міхайлавіча (1553—1611) з польным пісарам Мікалаем Крыштафам (1613—1639), сынам Крыштафа Стэфана Сапегі.[8]
Remove ads
Біяграфія
З чарэйска-ружанскай лініі Сапегаў, сын Міхаіла Янушавіча Сапегі і Марыны Яцкаўны з Быстрэйскіх, старэйшы брат Льва, суддзі земскага гарадзенскага. Бацька памёр на пачатку 1554 года.
Стаўшы паўналетнім актыўна пачаў замацоўваць за сабою і братам Львом спадчыну на маёнтках Чарлёна i Лунна. Так, 10 сакавіка 1567 года ён паклаў перад земскімі ўраднікамі Гарадзенскага павета тастамент памёрлага дзядзькі Дзмітра Янушавіча, знойдзены сярод папер перададзеных з захавання Васілём Міхайлавічам Мялешкам. На Попіс 1567 года Мікалай Сапега ставіў двух «коней» і аднаго драба з непадзеленага маёнтка «Лунна alias Чарлёна», бо брат Леў быў непаўналетні. Тым часам Мікалай служыў падканцлеру літоўскаму Астафію Валовічу. Браў удзел у баявых дзеяннях Інфлянцкай вайны 1567 года. У 1570 годзе гарадзенскі земскі суд адпаведна дзязькавага тастаменту выдаў вырак на права выкупу па блізкасці Мікалаем Сапегам у Паўла Іванавіча Сапегі часткі Чарлёны, якая налажала і была застаўлена Дзмітром Янушавічам Сапегам.[9]
У 1576 годзе падтрымаў абранне каралём і вялікім князем Стэфана Баторыя. У 1579 годзе Мікалай Сапега запісаў у павятовыя кнігі тастамент дзядзькі Глеба Янушавіча на яго частку Чарлёны. Напэўна, быў тастамент і трэцяга дзядзькі Сцяпана Янушавіча, але ён пакуль не выяўлены[9]. Браў удзел у баявых дзеяннях Інфлянцкай вайны 1579—1581 гадоў.
Добраахвотным i палюбоўным падзелам з братам ад 7 студзеня 1581 года, Мікалай атрымаў маёнткі Чарлёна i Кулеўшчызна, а Леў — Лунна[10]. За спадчыну братоў пазвалі на суд спадчыннікі цётак — Тышковічы і Словікі. Мікалай і Леў выставілі сустрэчныя прэтэнзіі на маёнткі, грошы і скарбы свайго дзеда Януша, калісьці атрыманыя ці пабраныя цёткамі. У 1585 годзе бакі пагадзіліся на кампрамісны суд, які ў сакавіку 1586 года пакінуў за братамі тры дзядзькавыя часткі ў маёнтках Чарлёна і Лунна на вечна, а іншыя прэтэнзіі бакоў скасаваў пад зарукай 3 тысячы коп грошаў[11].
Такім чынам, у 1586 годзе канечна ўтварыўся самастойны маёнткавы комплекс Мікалая Сапегі з «двара» Чарлёна і Чарлёнскага фальварка з вёскамі Лаўна, Харціца, Казакоўцы і Міклашоўцы. Тады, магчыма, Мікалай Сапега пабудаваў новы «двор» у Чарлёне, а ў 1580—1590-я гады царкву на ім, што ўзняла статус паселішча.[12]
У 1587 годзе падтрымаў абранне каралём і вялікім князем Жыгімонта Вазы. У 1589 годзе атрымаў у дзяржаву суседняе з Чарлёнай гаспадарскае мястэчка Лунна з вёскамі Марцінаўцы і Петрашоўцы.
У 1593 годзе браты перадзялілі маёмасць, Леў дадаткова атрымаў аселую службу Шчэчыцы каля свайго Лунна і пляцы агароднікаў у Гродна каля замка і над Нёманам.
Быў паслом на соймы 1589, 1595 і 1603 гадоў, дэпутатам Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага ў 1590, 1596 і 1601 гадах.
Памёр у 1611 годзе, пахаваны ў Чарлёнскай царкве, якая пазней стала родавым некропалем.[12]
Remove ads
Сям’я
Жанаты з Багданай, дачкой кн. Юрыя Масальскага, скарбніка вількамірскага, і Ганны Алехаўны Крыўцовай. Багдана памерла пасля 1625 года, пахавана таксама ў Чарлёнскай царкве. У шлюбе нарадзілася тры сыны і чатыры дачкі.[12]
- Ян Дамінік (+пасля 1622) -- сакратар каралеўскі, дзяржаўца луненскі
- Мікалай, псіхічна хворы і неправадзейны — за заслугі бацькі намінаваны на двараніна каралеўскага
- Фрыдэрык, матчын улюблёнец — ваявода мсціслаўскі (1647—1650)
- Галіна (+1645) — жонка 1) Рамана Валовіча, старосты рагачоўскага 2) Якуба Кунцэвіча, харунжага лідскага[12]
- Крысціна — жонка Андрэя Трызны, падкаморага ваўкавыскага[13]
- Марыяна — жонка Юрыя Камароўскага, падкаморага вількамірскага[14]
- Ганна, у інацтве Еўфрасіння — манахіня базыліянскага Віленскага Траецкага манастыра[14]
Remove ads
Зноскі
- Гісторыя Сапегаў : жыццяпісы, маёнткі, фундацыі — Мн.: Віктар Хурсік, 2017. — С. 54. — 586 с. — ISBN 978-985-7025-75-6
- Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 674.
- Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 240.
- Гісторыя Сапегаў : жыццяпісы, маёнткі, фундацыі — Мн.: Віктар Хурсік, 2017. — С. 61. — 586 с. — ISBN 978-985-7025-75-6
- Рыбчонак С. Паходжанне і радавод Валовічаў XV — пачатку XVII ст. // Unus pro omnibus: Валовічы ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага XV—XVIII стст. / пад рэд. А. М. Янушкевіч — Мн.: 2014. — С. 83. — 508 с. — ISBN 978-985-7085-36-1
- Гісторыя Сапегаў : жыццяпісы, маёнткі, фундацыі — Мн.: Віктар Хурсік, 2017. — С. 62. — 586 с. — ISBN 978-985-7025-75-6
- Kałamajska-Saeed 2006, p. 158.
- Семянчук 2014, с. 386.
- Семянчук 2014, с. 387.
- Семянчук 2014, с. 387-388.
- Семянчук 2014, с. 388.
- Семянчук 2014, с. 388-389.
- Семянчук 2014, с. 389.
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads