Польская сацыялістычная партыя ў Літве

From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Польская сацыялістычная партыя ў Літве (пол. Polska partia Socjalistyczna na Litwie) - рэгіянальнае аддзяленне Польскай сацыялістычнай партыі (ППС), потым самастойная партыя на тэрыторыі Літвы і Беларусі ў 1902-1906 гг.[1]

Ідэя Рэчы Паспалітай як новай федэрацыі ў праграме ППС

Польская сацыялістычная партыя была ўтворана на з'ездзе ў Парыжы ў лістападзе 1892 г. На ім была прынята так званая Парыжская праграма - першы палітычны дакумент Польскай сацыялістычнай партыі. У прэамбуле праграмы яе аўтары, сярод якіх найбольшую ролю меў Станіслаў Мендэльсон, падкрэслівалі сваю пераемнасць з традыцыяй польскага нацыянальна-вызваленчага руху, паўстанняў канца XVIII - XIX стст. Падкрэслівалася ідэя стварэння незалежнай польскай дзяржавы. Разам з тым адзначалася, што шляхта, якая дагэтуль была лідэрам нацыянальнага руху, страціла свае вызваленчыя патэнцыі, пайшла на кампраміс з дзяржавамі-захопнікамі з мэтай захавання сваіх прывілеяў. У той жа час у выніку развіцця капіталізму ў Польшчы сфарміраваўся новы клас - пралетарыят, які ў сваёй барацьбе за сацыяльныя правы адначасова становіцца лідэрам нацыянальнага змагання за палітычнае вызваленне Польшчы. Праграма змяшчала ў сабе наступныя палітычныя патрабаванні:

Самастойная дэмакратычная Рэч Паспалітая, заснаваная на наступных [прынцыпах]: прамое, усеагульнае і тайнае галасаванне; народнае заканадаўства; поўная роўнасць нацыянальнасцей, якія ўваходзяць у склад Рэчы Паспалітай на аснове добраахвотнай федэрацыі; мясцовае і правінцыйнае самакіраванне з выбарнасцю чыноўнікаў адміністрацыі; роўнасць усіх грамадзян без адрознення полу, расы, нацыянальнасці або рэлігіі; поўная свабода слова, друку, сходаў, асацыяцый; бясплатныя судовыя працэсы, выбарнасць суддзяў і судовая адказнасць чыноўнікаў; бясплатная, абавязковая, усеагульная поўная адукацыя; забеспячэнне студэнтаў адукацыйнымі сродкамі дзяржавай; ліквідацыя пастаяннага войска, усеагульнае ўзбраенне народа; прагрэсіўны падатак на прыбытак і маёмасць, а таксама падатак на спадчыну; адмена падаткаў на прадукты харчавання і прадметы першай неабходнасці[2].

Такім чынам, будучая Рэч Паспалітая бачылася як федэрацыя, заснаваная на добраахвотным аб'яднанні раўнапраўных нацый. Аднак гэтае сцвярджэнне мела дэкларатыўны характар, у ім не канкрэтызавалася, якія нацыі і на якіх прынцыпах будуць утвараць гэтую федэрацыю[3].

Remove ads

Фарміраванне Літоўскай секцыі ППС

Аснову партыі ў складзе Расійскай імперыі склалі варшаўская і віленская арганізацыі. У студзені 1893 г. Вільню наведаў Станіслаў Мендэльсон, які правёў сустрэчу з групай віленскіх сацыялістаў (Юзаф Пілсудскі, Аляксандр Сулькевіч, Стэфан Беляк, Людвік Зайкоўскі), вынікам чаго стала стварэнне Літоўскай (або Віленскай) секцыі ППС[4]. І краёвы з'езд ППС адбыўся ў чэрвені 1893 года ў Панарах, каля Вільні. Галоўную ролю ў яго арганізацыі адыграла Літоўская секцыя. У з'ездзе прымалі ўдзел Юзаф Пілсудскі, Станіслаў Вайцяхоўскі, Аляксандр Сулькевіч, Стэфан Беляк і іншыя. З'езд прыняў Парыжскую праграму ППС. Было вырашана пачаць выданне газеты «Robotnik» («Рабочы»), які стаў важным інструментам партыйнай прапаганды[4].

У Панарах у канцы чэрвеня 1895 г. адбыўся ІІІ з'езд ППС. У яго рашэннях партыя пазіцыянавала сябе як адзіную прадстаўніцу інтарэсаў польскага рабочага класа. У абноўлены склад Цэнтральнага рабочага камітэта ўвайшлі Юзаф Пілсудскі, Аляксандр Сулькевіч і Людвік Кульчыцкі, што сведчыла пра "віленскую" дамінацыю ў кіраўніцтве партыяй[5]. У выніковых дакументах сцвярджалася, што

"самым надзейным сродкам ліквідацыі царызма з'яўляецца аддзяленне ад сучаснай расійскай дзяржавы прыгнечаных народаў"[5].

ППС дэкларавала сваю падтрымку незалежніцкіх нацыянальных рухаў на тэрыторыі Расійскай імперыі. У той жа час яна выказвала прэтэнзіі на гегемонію ў рэвалюцыйным руху на ўсёй тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Партыя ставіла перад сабой місію абуджэння мясцовых нацыянальных сацыялістычных рухаў у сумеснай барацьбе з царызмам пад фактычна ўласным кантролем. Прычым указвалася, што расійскія рэвалюцыйныя арганізацыі павінны прызнаць лідэрскую ролю ППС на гэтых землях[6]. У гэтым кантэксце ППС крытычна ставілася да дзейнасці Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі (ЛСДП) і асабліва Бунда. IV з'езд ППС, які адбыўся ў Варшаве ў лістападзе 1897 г., выказаў непрыхільнае стаўленне адносна заснавання ў тым жа годзе Бунда:

"Узяўшы пад увагу, што яўрэйскі пралетарыят можа мець пажаданні толькі супольныя з пралетарыятам нацыі, сярод якой ён пражывае; узяўшы пад увагу, што дзейнасць яўрэйскіх груп да гэтага часу, якія зараз выступаюць пад назвай "Усеагульныя яўрэйскі рабочы саюз у Расіі і Польшчы", носіць шкодныя для руху рысы арганізацыйнай і праграмнай адасобленасці, што неаднаразова прымаюць варожую да нас пазіцыю, з'езд лічыць кірунак дзейнасці такога саюза фальшывым, тым, што адмаўляе салідарнасць з польскім і літоўскім пралетарыятам у яго барацьбе за вызваленне з-пад панавання расійскіх захопнікаў"[7].

Пазіцыя ППС у дачыненні да ЛСДП, якая паўстала ў 1896 г., заключалася ў імкненні яе падпарадкавання гегемоніі польскага сацыялістычнага руху. Раздражненне выклікала нежаданне літоўскіх сацыял-дэмакратаў аб'ядноўвацца з ППС. Сцвярджалася, што пралетарыят Літвы з'яўляецца пераважна польска-, а не літоўскамоўным, а таму ён не мае патрэбы ў існаванні асобнай арганізацыі, бо яго інтарэсы адстойвае ППС[8]. Юзаф Пілсудскі ў адным са сваіх лістоў таго часу адзначаў:

«... Літоўскія сацыял-дэмакраты не змаглі выцягнуць з сябе, за якую яны федэрацыю: з Польшчай ці з кімсьці яшчэ ... Яны федэрацыю не адмаўляюць, але толькі невядома, з кім і для чаго. У гэтым уся абсурднасць сітуацыі"[9].

У 1890-я гг. арганізацыі ППС на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю дзейнічалі ў Вільні, Беластоку і Гродне. У 1895 г. у Гродне ўзнік сацыялістычны гурток моладзі, які знаходзіўся пад уплывам ППС. Яго заснавальнікам быў Пётр Шумаў. У 1897 г. гурток далучыўся да ППС у выглядзе Гродзенскага рабочага камітэту[9]. Першапачаткова прапаганда вялася сярод рабочых-яўрэяў. Толькі ў 1900 г. П. Шумаў здолеў наладзіць прапагандысцкую працу сярод каталіцкага насельніцтва Гродна. Актыўнымі дзеячамі Гродзенскага рабочага камітэту былі Мікалай Клачэўскі, Ян Сівэк, Францішак Эйдукевіч, Яніна Міхнеўская, Францішак Грабоўскі. З дапамогай апошняга Гродзенскі рабочы камітэт стварыў уласную друкарню. Працяглы час гэты камітэт быў найбуйнейшай сацыялістычнай арганізацыяй на тэрыторыі Беларусі і Літвы[10].

У 1901-1902 гг. суполкі ППС узніклі ў Брэсце, Слоніме, Ваўкавыску і некаторых мястэчках[11].

Remove ads

Арганізацыя ППС у Літве

У чэрвені 1902 г. у Любліне адбыўся VI з'езд ППС, які зыходзіў з перспектывы арганізацыі масавай партыі. Былі ўтвораны пяць аўтаномных партыйных акругаў, у тым ліку Літоўская акруга, або ППС у Літве. Яе буйнейшыя камітэты дзейнічалі ў Вільні, Гродне, Беластоку, Сувалках, Коўне і Бельску[12][13].

Акружны камітэт ППС у Літве размяшчаўся ў Вільні (па іншых звестках - у Гродне). Яго органам друку стала газета "Walka", галоўным рэдактарам якой з'яўляўся Юзаф Пілсудскі. Выданне заклікала да стварэння адзінай сацыялістычнай партыі на тэрыторыі гістарычнай Літвы. Аднак ні Бунд ні Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя не адрэагавалі на гэтыя прапановы[11].

У 1902-1904 гг. актывізавалі сваю дзейнасць Гродзенскі і Віленскі рабочыя камітэты ППС у Літве. Пад кіраўніцтвам першага дзейнічалі партыйныя суполкі ў Ваўкавыску, Слоніме, Індуры; пад кіраўніцтвам другога - у Мінску, Вілейцы, Свянцянах[9]. У 1903 г. ППС у Літве выступіла ў якасці аднаго з арганізатараў першых агульнагарадскіх палітычных выступленняў у Гродне, Вільні, Мінску. Так, па ініцыятыве Гродзенскага рабочага камітэта і Камітэта Бунда 17 лютага 1903 г. пахаванне ў горадзе вядомага ўрача Юльяна Бенецкага перарасло ў масавую маніфестацыю. У тым жа годзе рабочыя камітэты Вільні і Гродна арганізавалі буйныя сходы рабочых, на якіх прысутнічала каля 1 тыс. чалавек[9].

На аснове пастановаў VI з'езда акружны камітэт ППС у Літве атрымаў паўнамоцтвы па выданні прапагандысцкай літаратуры на мясцовых мовах. Выдаваліся брашуры і пракламацыі на польскай, рускай, беларускай мовах і ідыш[13]. Польскія сацыялісты ўжо мелі пэўны вопыт у гэтай галіне. Паводле даследаванняў Юрыя Туронка, польскія сацыялісты дапамаглі пераправіць праз мяжу і распаўсюдзіць кракаўскае выданне "Дудкі беларускай" Францішка Багушэвіча, а таксама агітацыйны ананімны твор "Дзядзька Антон". У 1902-1903 гг. у лонданскай друкарні ППС былі выдадзены тры брашуры на беларускай мове лацінкай: "Гутарка аб тым, куды мужыцкія грошы ідуць", "Як зрабіць, каб людзям стала добра на свеце", "Хто праўдзівы прыяцель беднага народу", а таксама зварот да сельскагаспадарчых рабочых са Скідзеля "Да браці мужыкоў"[14][15].

У дачыненні да няпольскіх рэвалюцыйных арганізацый у Беларусі і Літве ППС у Літве першапачаткова прытрымліваўся стратэгіі ППС: супрацоўніцтва з імі пры адначасовым імкненні паставіць іх пад свой кантроль. Нягледзячы на непрыхільнае ў цэлым стаўленне да Бунда Віленскі рабочы камітэт ППС у Літве ў 1903 г. даў дазвол сваім арганізацыям на ўдзел у акцыях, арганізаваных Бундам. Адначасова рабіліся спробы перацягнуць яўрэйскіх рабочых у шэрагі сваёй партыі. У структуры ППС у Літве з'явіўся спецыяльны Яўрэйскі камітэт. Першая канферэнцыя яўрэйскіх арганізацый ППС у Літве адбылася ў Гродне 6 красавіка 1903 г. Да кастрычніка 1906 г. яўрэйскія арганізацыі ў структуры ППС у Літве дзейнічалі ў Вільні, Гродне (да 150 чалавек), Брэсце (каля 200 чалавек), Мінску і Баранавічах[9].


Пасля з'яўлення інфармацыі аб правядзенні з'езда для ўтварэння Беларускай рэвалюцыйнай партыі ў 1902 г. ППС вызначыла на яго дэлегацыю з інструкцыяй, у якой выказваліся сімпатыі да беларускага нацыянальнага руху, а таксама пажаданне, каб той імкнуўся да незалежнасці і аднаўлення федэрацыі з Польшчай. Адначасова сцвярджалася, што

"ППС лічыць сябе маючай права ўплываць на беларускае насельніцтва даступнымі ёй сродкамі, якія не супярэчаць прынцыпам і мэтам Беларускай сацыялістычнай арганізацыі"[11].

Стаўленне ППС да Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) было неадназначным. З аднаго боку, дэкларавалася падтрымка, аказвалася дапамога ў выданні прапагандысцкай літаратуры. У 1904 г., пасля пачатку руска-японскай вайны, была выдадзена сумесная антываенная адозва ППС у Літве, БСГ, ЛСДП і Латышскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі "Таварыш" на польскай, беларускай, літоўскай і латышскай мовах, а таксама адозва ППС у Літве і БСГ "Брацця сяляне"[9]. З другога, ППС імкнулася кантраляваць беларускі сацыялістычны рух, вызначаць яго мэты (у гэтай сувязі непакой магла выклікаць першая праграма БСГ 1903 г., у якой адсутнічала палажэнне аб федэрацыі Беларусі з Польшчай)[16].

У ажыццяўленні сваіх планаў адносна беларускага руху кіраўнікі ППС маглі разлічваць на створаную ў 1904 г. Сацыялістычную партыю Белай Русі (СПБР). Яе аснову склалі члены Гродзенскай арганізацыі ППС у Літве і некаторыя прадстаўнікі Варшаўскага камітэту ППС: Мар'ян Фальскі, Францішак Завадскі, Станіслаў і Казімір Трускоўскія, Браніслаў Шушкевіч і інш. Новая партыя мела свае арганізацыі толькі там, дзе існавалі камітэты ППС: у Гродне, Вільні і Мінску. У Гродне была створаная друкарня СПБР, якой займаліся актывісты ППС, бліжэйшыя супрацоўнікі Пілсудскага Валеры Славак і Аляксандр Прыстар. На думку Юрыя Туронка, галоўнай мэтай СПБР было наладжванне цеснага супрацоўніцтва з БСГ з наступным аб'яднаннем абедзвюх партый, каб узмацніць уплыў ППС на беларускіх сацыялістаў[17][16].

Remove ads

ППС у Літве падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг.

Дзейнасць ППС у Літве значна актывізавалася падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг. Яе Гродзенскі камітэт разам з арганізацыяй Бунда кіравалі ўсімі рэвалюцыйнымі акцыямі ў горадзе: стачкамі, дэманстрацыямі. На пачатку 1906 г. пры Гродзенскім камітэце была створана баявая арганізацыя ў складзе каля 70 чалавек[18]. Аналагічна кааліцыя ППС у Літве і Бунда кіравала рэвалюцыйным рухам у Брэсце[19].

Рашэнні VIII з'езда партыі ў лютым 1906 г. павысілі самастойнасць ППС у Літве. З гэтага часу яна стала дзейнічаць фактычна як самастойная партыя. Яна падтрымлівала партыйны лозунг ППС аб скліканні ўстаноўчых соймаў асобна для Каралеўства Польскага ў Варшаве і для земляў гістарычнай Літвы - у Вільні. Гэтае патрабаванне садзейнічала яе збліжэнню з Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыяй (ЛСДП). З ёй, а таксама з БСГ вяліся перамовы аб стварэнні сумеснай арганізацыі. Ад БСГ кантакты з ППС у Літве вялі Антон Луцкевіч, Аляксандр Уласаў і Вацлаў Іваноўскі. Аднак, паводле ўспамінаў Антона Луцкевіча, пагаднення не ўдалося дасягнуць з-за рознагалоссяў па аграрным пытанні: БСГ настойвала на больш радыкальнай аграрнай рэформе[20]. Разам з тым ППС у Літве і БСГ актыўна супрацоўнічалі на практычным узроўні. ППС у Літве падтрымлівала прапагандысцкую дзейнасць БСГ, даючы для друку некаторых беларускіх адозваў свае друкарні. Абедзьве партыі супрацоўнічалі пры арганізацыі стачкі работнікаў шпіталю ў Новай Вілейцы (жнівень 1905 г.), усеагульнай палітычнай стачцы ў Вільні (снежань 1905 г.)[16].

На канферэнцыі 1906 г. у Вільні было вырашана пераўтварыць ППС у Літве ў Сацыял-дэмакратычную партыю Літвы. У лістападзе 1906 г., на фоне расколу ў ППС, адбылося аб’яднанне цэнтральных камітэтаў ЛСДП і СДПЛ (былой ППС на Літве), а таксама рэгіянальных арганізацый у Вільні, Коўне і Панявежы. У новы склад ЦК ад ППС у Літве увайшлі Пётр Шумаў, Казімір Пяткевіч, Вітальд Абрамовіч і інш. Канчатковае аб'яднанне адбылося на з'ездзе ў Кракаве ў жніўні 1907 г. Такім чынам, ППС у Літве спыніла сваё існаванне. Яе намаганні да кіруючай ролі ў рэвалюцыйным руху Літвы і Беларусі ў выніку прывялі да супрацьлеглага выніку - растварэння ў літоўскай сацыял-дэмакратыі[20].

Remove ads

Літаратура

Remove ads

Зноскі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads