Сядзібна-паркавы ансамбль Швыкоўскіх (Пружаны)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Сядзібна-паркавы ансамбль Швыкоўскіх — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры сярэдзіны XIX ст. Пабудаваны на паўночнай ускраіне Пружан паводле праекту архітэктара Лянцы. Належала пружанскаму маршалку В. Швыкоўскаму.
Remove ads
Архітэктура

Ансамбль сядзібы ўключае мураваную гасподу стылізаванага італьянскага рэнесансу, да якой з боку гораду вядзе шырокая алея, дзве мураваныя афіцыны па баках ад яе і парк пейзажнага тыпу.
Сіметрычная кампазіцыя гасподы складаецца з рознавялікіх аб'ёмаў, аб'яднаных аднапавярховым корпусам. У заходняй частцы — двухпавярховы аб'ём з эркерам, з усходняга боку да яго прылягае квадратная ў плане вежа, з заходняга — аднапавярховая прыбудова з паўкруглай верандай, з паўночнага — трохпавярховы аб'ём. Усходняя частка гасподы — двухпавярховы Г-падобны ў плане корпус, тарэц якога выступае на паўднёвым фасадзе невялікім рызалітам, завершаным шчытом. Усе аб'ёмы маюць пакатыя дахі. З боку паўночнага фасада, арыентаванага на парк, — вялікая тэраса з перакрыццем на дзвюх калонках. Планіроўка анфіладная. Інтэр'ер аздоблены ляпнымі прафіляванымі карнізамі, камінамі і інш.
Remove ads
Парк
Парк закладзены ў 2-й пал. XIX ст. Плошча каля 8 га (у гарадскім парку агульнай плошчай 48 га). Пейзажны. Цэнтр кампазіцыі — мураваны сядзібны дом. Перад ім — партэр у выглядзе эліпса, падзелепы на 4 сектары. За домам — разрэджаны дрэвавы масіў з мясцовых лісцевых парод, прарэзаны ў паўночна-заходняй частцы грабавай алеяй. Каля ўсходняй мяжы парку — сажалка і канал да 3 м шырынёй, на беразе якога тры паляны. Ад дома да іх вядзе алея бэзу звычайнага. На партэры растуць ясень ніцы звычайны (узрост каля 80 гадоў) і елка калючая блакітная, веранду абвівае старэйшы ў Беларусі экземпляр пузыраплодніка крутлалістага (дыяметр ствала пры аснове каля 10 см, вышыня больш за 6 м). Да парку далучаецца сад з павільёнам (былая аранжарэя), паблізу якога растуць і пладаносяць старыя экзэмпляры культурнага вінаграду, шаўкоўніцы, арэху грэцкага.
Remove ads
Сучасны стан
У будынку размешчаны музей-сядзiба "Пружанскi палацык". Ансамбль — помнік рэспубліканскага значэння.
Літаратура
- Анціпаў В. Пружанскі парк // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — 599 с., іл. — 10 000 экз.
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
Remove ads
Спасылкі
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Сядзібна-паркавы ансамбль Швыкоўскіх (Пружаны)
- Афіцыйны сайт
- Сядзібна-паркавы ансамбль Швыкоўскіх (Пружаны) ў сацыяльнай сетцы «Facebook»
- Сядзібна-паркавы ансамбль Швыкоўскіх (Пружаны) ў сацыяльнай сетцы X
- Пружанскі палацык у Instagram
- Сядзібна-паркавы ансамбль Швыкоўскіх на партале Radzima.org
- Сядзіба Швыкоўскіх на партале "Глобус Беларуси"
- Сядзібна-паркавы ансамбль Швыкоўскіх (Пружаны) на сайце «Архіварта»
Remove ads
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads