Роты
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Роты (індан.: Rote) — востраў у групе Малых Зондскіх астравоў. Уваходзіць у склад Інданезіі. Плошча — 978,54 км². Насельніцтва — 119 711 чал. (2010).
Remove ads
Геаграфія
Востраў Роты знаходзіцца за 11,25 км на паўднёвы захад ад большага па плошчы вострава Тымор, за 1880 км на паўднёвы ўсход ад Джакарты, сталіцы Інданезіі. Выцягнуты з паўднёвага захаду на паўночны ўсход на 82 км. Найбольшая шырыня — 22 км.
Востраў з’явіўся ў зоне субдукцыі літасферных пліт (гл. Тэктоніка пліт) у Юрскі перыяд. Доўгі час ён уяўляў сабою падводны хрыбет, дзе на плыткаводдзі развіваліся каралы, адбываўся працэс адкладання асадкавых парод. Падняцце над вадою прывяло да ўтварэння паверхні, складзенай пераважна вапнякамі і даламітамі. Сучасныя ландшафты сфарміраваліся ў немалой ступені дзякуючы працэсу выветрывання.
Для берагоў характэрны пясчаныя пляжы і скальныя ўздымы. Частка берагавой лініі, асабліва на поўначы, парэзана глыбокімі залівамі. Вылучаецца некалькі невялікіх па плошчы, але глыбокіх азёр — рэштак старажытных лагун. Возера Усіпока на паўночным усходзе мае глыбіню 245 м. Вада ў ім вельмі салёная. У цэнтральнай частцы вылучаюцца пагоркі да 444 м у вышыню.
Клімат трапічны, блізкі да экватарыяльнага. Сярэднія тэмпературы на працягу года вагаюцца ад +26 °C да +29 °C. Найбольш вільготны месяц — студзень, калі выпадае да 361 мм ападкаў.
Remove ads
Прырода
Паверхня вострава Роты пакрыта лугамі, саваннамі і лясамі. Агульная плошча лясоў дасягае 17 019,84 га. З іх 1 899,17 га займаюць мангры. На Роты сустракаюцца пальміравая пальма, тыкавае дрэва, фікусы, акацыі і г. д. Фаўна славіцца шматлікімі птушкамі і эндэмічнымі чарапахамі.
- Прыбярэжныя скалы
- Пляж Боа
- Эндэмічная чарапаха
Гісторыя
Роты быў населены ў першай палове 1 тысячагоддзя н. э. аўстранезійцамі з вострава Серам. Згодна паданням астравіцян, іх продкі перасяляліся невялікімі групамі праз суседні Тымор. Да кантактаў з еўрапейцамі яны стварылі 18 дзяржаўных утварэнняў нусак на чале спадчынных арыстакратаў з тытуламі раджаў. Нусак належалі да усходняга або заходняга саюзаў. Жыхары Роты падтрымлівалі сувязі з аддаленымі краінамі. Доказам гэтага з’яўляецца знаходка на востраве старажытнага кітайскага фарфору.
Першымі еўрапейцамі, якія дасягнулі вострава, былі партугальцы ў XVI ст. На іх картах упершыню з’яўляецца назва Ротэс. Яе паходжанне да канца не вызначана. Былі вядомы і іншыя назвы. Канчаткова яна замацавалася ў XVII — XVIII стст. дзякуючы галандцам. У 1662 г. Галандская Ост-Індская кампанія заключыла дамову з 12 нусак. Яна атрымала манаполію ў знешнім гандлі, а таксама права адміністравання. У XVIII ст. большасць арыстакратаў прыняла хрысціянства. Дзякуючы гэтаму на Роты была пабудавана сетка царкоўных школ, дзе астравіцяне маглі атрымліваць адукацыю на блізкай малайскай мове. Многія з іх пераязджалі на Тымор, займалі пасады ў каланіяльнай адміністрацыі. Пазней выхадцы з Роты ўдзельнічалі ў барацьбе за незалежнасць Інданезіі.
Пасля далучэння да незалежнай Інданезіі ў 1949 г. раджы нусак фактычна страцілі ўладу. Востраў увайшоў у склад Усходняй Нуса-Тэнгара. У 2002 г. была створана асобная акруга Ротэ—Ндаа. На востраве развіваецца турызм.
Спасылкі
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Роты
- Rote Ndao — Situs Resmi Pemerintah Kabupaten Rote Ndao
- Fauzie HASIBUAN, Geological and paleontological investigation of Rote Island, Indonesia
- Frans Gana, A Model-Ecotourism Development Based on Regional Strategic Potential: A Case Study in Rote Ndao East Nusa Tenggara
- PHILIPPE VERBELEN, COLIN R. TRAINOR, VEERLE DOSSCHE & ROHAN FISHER, Rote Island, East Nusa Tenggara Province, Indonesia: an emerging hotspot of avian endemism
Remove ads
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads