Серабранскія Млыны
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Серабра́нскія Млыны́, прадмесце Серабра́нка — гістарычная мясцовасць Мінска, якая месціцца ў паўднёвай частцы горада, паміж рэйкамі Лібава-Роменскай чыгункі і рэчкай Свіслач, паабапал Ігуменскага гасцінца.
На захадзе ад Серабранскіх млыноў месцяцца Сенажаны, на паўночным захадзе — Уборкі, на поўначы — Араны, на паўночным усходзе — прадмесце Тры Карчмы, на паўднёвым усходзе — Сакалянка, на поўдні — Козыраўскае прадмесце[1][2].
Remove ads
Гісторыя

Назва прадмесця, як сведчаць дакументы XVI ст., пайшла ад некалі існай тут рэчкі Серабранкі і Сярэбранага логу. Таксама існуе легенда, паводле якой у карчме, што знаходзілася ў гэтай мясцовасці, спыняліся на начлег г. зв. «срэбныя» купцы, у якіх не хапала грошай на прыпынак у цэнтры горада, у адрозненні ад «залатых».[3]
У пачатку XIX ст. за Ігуменскай заставай, у раёне Серабранскіх Млыноў стаялі тры памятныя цагляныя калоны (слупы), накрытыя дахоўкай. Дзве з іх паводле газеты «Минские губернские ведомости» за 1868 год (№ 31, 35) стаялі на магілах братоў Свентажэцкіх, што загінулі у часе дуэлі. Згодна з паданнем трэцюю калону паставілі ў гонар нейкай Тэафілы Міладоўскай, якая памерла ў мінскай вязніцы[4].

Паводле беларускага падарожніка і краязнаўца Паўла Шпілеўскага ў XIX ст. урочышча Серабранскія Млыны разам з Кісцяроўкай (Кісцерам) былі папулярным месцам адпачынку сярэдняга класа мінскага насельніцтва[5].
Забудова прадмесця фармавалася ў пачатку XX ст. Важнымі аб’ектамі Серабранкі сталі Ігуменскі (Чэрвеньскі) рынак (пазней перанесены на іншае месца) і бойня (на яе месцы пазней пабудаваны корпус Белмедпрэпаратаў)[6]. У пачатку XX ст. Серабранскія Млыны ўваходзілі ў чацвертую паліцэйскую частку горада. Праз прадмесце праходзіў Ігуменскі тракт (цяпер — частка вуліцы Маякоўскага), Пажарная (назва паходзіць ад былога другога мінскага пажарнага дэпо каля Ігуменскага рынка, захавалася частка вуліцы ля Свіслачы), вуліцы Аранская, Аранжарэйная, 1-я і 2-я Надзееўская, Лясная, Лугавая, Сярэдняя, Палявая, Дзянісаўская, Лугавы завулак[7].
У гады Другой сусветнай вайны на тэрыторыі прадмесця існавала некалькі падпольных кватэр антыфашысцкага супраціву. Большая частка прадмесця была знесеная ў 1960-я—1970-я гады. Ізноў актывізаваўся знос у 2010-я гады[6].
Сучаснасць
Тапонім Серабранка выкарыстоўваецца для пазначэння іншай часткі горада за некалькі кіламетраў на паўднёвы ўсход ад колішніх Серабранскіх Млыноў. Пра месца першапачатковага размяшчэння прадмесця сведчаць Серабранская і Серабранская Малая вуліцы, а таксама Серабранскі завулак.
Старыя адрасы

- Ігуменскі тракт, 37. Дрожджава-вінакурны завод Я. І. Любанскага. Пачаў дзейнічаць у 1903 годзе, праз пяць гадоў трапіў у арэнду А. І. Фундылера і А. І. Іргера. Новыя ўладальнікі ўсталявалі паравы рухавік. Тут жа ў пана Любанскага быў невялікі рэктыфікацыйны завод, дзе рабілася ачыстка спірту. Будынкі прадпрыемстваў цяпер занятыя пад карпусы Даследчага электрарамонтнага завода (Маякоўскага, 79).
- Ігуменскі тракт, 39. Крухмальна-патачны завод «Сокал». Ініцыятарам будаўніцтва быў памешчык Я. І. Любанскі. Завод пачаў дзейнічаць у чэрвені 1900 года. На сельскагаспадарчай і саматужна-прамысловай выставе 1902 года ў Вільні прадукцыя завода адзначана медалём. Завадскі будынак знаходзіўся ў раёне сучаснай вуліцы Маякоўскага, паміж Палявой і Дзянісаўскай.
- Ігуменскі тракт. Гарадская бойня. Пабудаваная ў 1891 годзе, была адной з найвялікшых на Беларусі. Побач з бойняй было месца для прыгону жывёліны.
- Серабранка. Падпольная друкарня «Працоўнай партыі палітычнага вызвалення Расіі» — арганізацыі народніцка-эсэраўскага кірунку, створанай у Мінску ў канцы XIX ст. Сёння гэта раён вуліцы Маякоўскага. Дакладнае месцазнаходжанне друкарні не вызначана.
Таксама ў прадмесці месціўся Ігуменскі рынак.[8]
Remove ads
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads