Свіслач (прыток Бярэзіны)

рака, прыток Бярэзіны From Wikipedia, the free encyclopedia

Свіслач (прыток Бярэзіны)
Remove ads

Сві́слач — рака ў Мінскай і Магілёўскай абласцях, правы прыток ракі Бярэзіны (басейн Дняпра).

Хуткія факты Свіслач, Характарыстыка ...

Даўжыня 285 км. Плошча вадазбору 5,2 тыс. км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 40—50 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,5 .

Remove ads

Назва

На думку Ю. Сташэўскага, такія назвы ў славянскіх краінах як Свіслач, Вісла, Віслак, Віслока, Свісліна, Вісліца, Увісла і г. д. утвораны ад асновы wis-, якая ад індаеўрапейскага veis-, што абазначае рознага роду цячэнні[1].

На думку У. Тапарова, назва хутчэй за ўсе балцкага паходжання, у другой частцы (-ач) утрымоўвае балц. -akis «крыніца». Рудніцкі прапаноўваў славянскую этымалогію — з *Vistlokъ[2].

Remove ads

Гідраграфія

Пачынаецца на схіле гары Маяк (Мінскае ўзвышша), на тэрыторыі садоўніцкага таварыства «Аір», ў 1,6 км на поўдзень ад вёскі Шапавалы Валожынскага раёна. Вусце знаходзіцца на паўднёва-ўсходняй ускраіне гарадскога пасёлка Свіслач Асіповіцкага раёна. Цячэ па цэнтральнай частцы Мінскага ўзвышша і па заходняй ускраіне Цэнтральнабярэзінскай раўніны.

Прыродны рэжым ракі зарэгуляваны каскадам вадасховішчаў (Заслаўскае, Крыніца, Дразды, Камсамольскае возера, Чыжоўскае, Асіповіцкае). На сцёк уплывае перапампоўка вады з ракі Віліі па Вілейска-Мінскай воднай сістэме. З вадасховішча Дразды частка сцёку паступае ў Сляпянскую водную сістэму, у перспектыве паступіць у Лошыцкую водную сістэму, што дасць магчымасць стварыць воднае кола ў Мінску агульным працягам каля 50 км.

Лядовы рэжым значна змяніўся пасля будаўніцтва Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Да яе будаўніцтва рака замярзала ў сярэдзіне снежня, крыгалом у 2-й палове сакавіка, найбольшыя ўзроўні вады ў 1-й дэкадзе красавіка, працяг разводдзя 50 сутак; пасля будаўніцтва рэжым ракі мала вывучаны.

Даліна ў вытокавай частцы У-падобная і скрынкападобная, у сярэднім цячэнні пераважна трапецападобная, у ніжнім — невыразная або трапецападобная, шырыня яе ў вярхоўі 0,4—0,6 км, у сярэднім і ніжнім цячэнні 1—2 км. Схілы ў верхнім і сярэднім цячэнні ўмерана стромкія, радзей спадзістыя (вышыня 10—12 м), парэзаныя далінамі прытокаў. Пойма двухбаковая (радзей аднабаковая), чаргуецца па берагах, парэзаная старыцамі і меліярацыйнымі каналамі, пераважна адкрытая. Шырыня яе 0,3—0,5 км у верхнім і 0,8—1 км у ніжнім цячэнні.

У вярхоўі ад вёскі Векшыцы, дзе рака з’яўляецца часткай канала Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, шырыня рэчышча да Заслаўскага вадасховішча 20—25 м. Рэчышча ў межах Мінска і ніжэй да вёскі Каралішчавічы Мінскага раёна на 7 невялікіх участках агульнай працягласцю 7,9 км каналізаванае.

У межах Мінска рака ўтварае 8 лукавін. У цэнтры горада берагі забетаніраваны, добраўпарадкаваны. У сярэднім і ніжнім цячэнні рэчышча меандруе, глыбокаўрэзанае, звілістае, шырынёй 25—30 м, ніжэй плаціны Асіповіцкага вадасховішча — да 50 м. Берагі ў ніжнім цячэнні вышынёй 2—3 м, месцамі 6—8 м.

Асноўныя прытокі

Справа: Няміга, Цітаўка, Жалязянка, Сіняўка, Талька, Сіняя. Злева: Вяча, Волма, Балачанка, Жыцінка.

Remove ads

На рацэ

Thumb
Рака Свіслач у Мінску зімой.

Гарады: Мінск, Заслаўе. Гарадскія пасёлкі: Свіслач. Водзяцца: акунь звычайны, плотка, шчупак, карась, лінь (ніжэй Мінска, з-за забруджання, рыбы амаль няма).

У творчасці

Рацэ Свіслачы прысвечаная паэма «Свіслачанка», якую па-польску напісала менская шляхцянка Гэлена Цэпрынская. Паэма надрукаваная ў 1909 годзе ў віленскай польскамоўнай літуанафільскай газеце «Litwa»[3]. У паэме аўтарка творча перапрацавала сюжэт балады Адама Міцкевіча «Свіцязянка», перанёсшы яго на берагі Свіслачы: перад нашчадкам старалітоўскіх рыцараў Веславам са свіслацкіх водаў паказваецца дух ракі ў дзявочым абліччы, заклікаючы яго быць годным вялікіх спраў высакародных продкаў, у адказ на гэта Веслаў прызнаецца ў сваёй слабасці і «Свіслачанка» расчаравана знікае ў водах ракі.

Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads