Сноўская сядзіба
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Сноўская сядзіба — палацава-паркавы комплекс Рдултоўскіх у Снове Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. Помнік архітэктуры класіцызму. Мае рысы шматпланавай аб’ёмна-прасторавай сіметрычнай кампазіцыі, сам палац уяўляе сабой новы тып палацавых будынкаў з раскрытай франтальнай планіроўкай уздоўж адной папярочнай восі.
Remove ads
Гісторыя

Фарміраванне сядзібы, якая захавалася да нашага часу, вялося на раўнінным беразе р. Сноўка пры Казіміры Рдултоўскім (1785—1855), які стварыў тут рэзідэнцыю з зімовым садам, галерэяй, у Адахоўшчыне заснававаў суконную фабрыку.
Будынак датуецца 1827 г. і аўтарам праекта называецца архітэктар Б. Л. Тычэцкі[1]. Аднак існуе факт знаходжання ў Сноўскім палацы ў 1764 г. караля Станіслава Панятоўскага. Але, верагодна, кароль наведваў малавядомы палац Яна Хрызастома Рдултоўскага (1735—1791), пабудаваны ў 1760 г., які, згодна з сямейнай хронікай, быў разбураны пад час Барскай канфедэрацыі.
З 1854 г. маёнтак Сноў і сноўскі палац (2672 дзесяцін зямлі і лесу) перайшоў у рукі рускага барона Густава Гарцінга (1819—1879), які парадніўся з мясцовымі каталіцкімі землеўласнікамі і па сутнасці асіміляваўся ў мясцовым асяроддзі. Пасля маёнтак перайшоў у рукі яго сына — барона Мікалая Гарцінга, а затым унука — барона Генрыка Гарцінга, які быў жанаты з Тэкляй Неміровіч-Шчыт і які валодаў палацам аж да 1939 г. (пачатку Другой сусветнай вайны)[2].
Пасля рамонту каля 1925 г., барон Генрык Гарцінг прыстасаваў палац пад канцылярыю і жыллё польскага корпуса аховы граніцы. Палац выкарыстоўваўся і як казіно. Сам барон Генрык Гарцінг у тыя часы жыў побач у адной з гаспадарчых пабудоў маёнтка Сноў[2].
Remove ads
Архітэктура

Палац, пабудаваны ў 1827 годзе па праекце дойліда Б. Тычэцкага, размешчаны на адкрытым месцы ў звілістай рэчкі Сноўка.
Сядзіба размешчана на роўнай тэрасе, у плане мела форму прамавугольніка плошчай каля 37 га. Уключала партэр, пейзажны парк, ахоплены па перыметры алеяй, на якую выводзіць цэнтральная трохрадная алея з ясеняў і клёнаў. Да цэнтральнай параднай часткі з правага (паўднёвага) боку прымыкаў вялікі вадаём, з левага — пладовы сад з алеяй з ясеняў і ліп. Сістэма каналаў утварыла некалькі астравоў мудрагелістай формы, густа зарослых хмызняком і дрэвамі розных парод.
Галоўнае месца ў сіметрычна-восевай кампазіцыі адведзенае палацу. Працягласць палаца — каля 140 м[1]. Каб пазбегнуць манатоннасці, увесь масіў збудавання рассечаны на асобныя выступаючыя і рознавысокія аб’ёмы[1]. Цэнтральная частка палаца і фланкуючыя рызаліты — у два паверхі, бакавыя крылы аднапавярховыя.
Галоўны ўваход у палац вылучаны чатырохкалонным порцікам іанічнага ордара[1]. Такі ж порцік, але з меншым выступам ад плоскасці муроў, збудаваны з боку парку. Праходзячы пад порцікамі, наведвальнікі трапляюць у вестыбюлі, злучаныя паміж сабою і асноўнымі памяшканнямі палаца — заламі, гасцінымі, кабінетамі, размешчанымі на першым паверсе.
Парадная зала ў плане прамавугольнай формы, плошча яго перавышае 100 кв. м. Шэсць высокіх вокнаў, якія выходзяць на абодва фасада палаца (па тры на кожны), забяспечваюць вялікую лёгкасць інтэр’еру і адкрываюць перспектыву ў бок парку і мястэчка. З аднаго боку залы ўладкованы алькоў, які займае вялікую частку сцяны. Глыбокі алькоў авальнага абрысу з нішамі для скульптур адгароджаны ад залы чатырма калонамі. Гэтым дасягаецца выразная прамавугольная форма плану залы.
Убранне інтэр’ера залы адрозніваецца сціпласцю. Столі і муры пазбаўленыя дэкарацыі. Толькі верхняя частка муроў залы нясе карніз. Упрыгожваннем, акрамя алькова, з’яўляецца вялікая кафляная печ, выкананая з вялікім майстэрствам.

У бакавых крылах і ў фланкуючых аб’ёмах палаца месцавлася галоўным чынам жыллё. Дойлідства крылаў прадстаўленае іанічным ордарам. Пры гэтым левае крыло палаца вырашанае адкрытай галерэяй — каланадай, а правае — каланадай, якая прылягае да фасаднага мура. Пабудова фланкуючых аб’ёмаў вельмі простая: у неглыбокіх і плоскіх нішах размешчаныя вокны з сандрыкамі, а ў верхняй частцы муроў — рэльеф расліннага арнаменту.
У дойлідстве палаца нічога лішняга, што б магло надаць яму знарочыстую параднасць. Прапарцыйнасць і вытанчанасць порцікаў з прыгожым малюнкам капітэляў, ажурныя рызаліты з шырокімі трохчастковымі вокнамі на два паверха, сціплыя дэкаратыўныя ўстаўкі ў аркавага завяршэння вокнаў надаюць фасадам палаца ладнасць і велічнасць. Да асаблівасцей палаца-сядзібы ў Снове можна аднесці вялікую адкрытасць кампазіцыі збудавання, выразнасць планавай і аб’ёмнай пабудовы, а таксама строгасць формаў дойлідства і прастату канструкцыйнага рашэння. У гэтым комплексе яскрава ўвасобленыя рысы класічнага дойлідства[1].
- Палац у Снове, фота пачатку XX ст. Фатограф Ян Булгак
- Палац у Снове, фота 1931 г.
- Жаўнеры польскага корпуса аховы граніцы на фоне палаца ў Снове, фота 1930-х гг.
- Палац у Снове, фота 2010 г.
- Палац у Снове, фота 2014 г.
Remove ads
У культуры
У Сноўскай сядзібе адбываецца дзеянне п’есы «Крык рабіны» Вацлава Кубацкага , пастаўленай у 1949 годзе адразу ў некалькіх тэатрах Польшчы.
Зноскі
- Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 350. — 430 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 2. Województwa brzesko-litewskie, nowogródzkie. — С. 355.
Remove ads
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads