Станіслаў Пятровіч Ярашэвіч
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Станіслаў Пятровіч Ярашэвіч (13 кастрычніка 1938, в. Уселюб, Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць — 30 лістапада 2017) — беларускі ўрач-марфолаг. Кандыдат медыцынскіх навук (1971), дацэнт (1983)[2].
Remove ads
Біяграфія
Нарадзіўся 13 кастрычніка 1938 года ў вёсцы Уселюб Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці ў сям’і селяніна[3]. Паходзіў са шляхецкага роду Шабуневічаў-Ярашэвічаў. Католік[4].
Скончыў у 1957 годзе Навагрудскае медыцынскае вучылішча. У 1957—1958 гадах рэнтген-лабарант Гродзенскага абласнога супрацьтуберкулёзнага дыспансера. Скончыў у 1964 годзе Мінскі медыцынскі інстытут. У 1964—1967 гадах аспірант аддзела марфалогіі Цэнтральнай навукова-даследчай лабараторыі Мінскага медыцынскага інстытута, у 1967—1978 гадах старэйшы навуковы супрацоўнік ЦНДЛ[3].
У 1972 прысуджана навуковая ступень кандыдата медыцынскіх навук. У 1978—1982 гадах асістэнт кафедры нармальнай анатоміі Мінскага медыцынскага інстытута, у 1982—1996 гадах дацэнт кафедры. З 1996 года загадчык кафедры нармальнай анатоміі Мінскага медыцынскага інстытута[3].
У 1975—1984 гадах старшыня прафсаюзнага камітэта супрацоўнікаў МДМІ[3].
Памёр 30 лістапада 2017 года[2].
Remove ads
Навуковая дзейнасць
Навукова-даследчай працай пачаў займацца ў студэнцкія гады. Асноўныя кірункі навуковай дзейнасці — праблемы гістафізіялогіі, марфалогіі, морфагенезу цэнтральнай нервовай сістэмы. Вывучаў гістафізіялогію кары наднырачнікаў пад уплывам фізічных нагрузак («Аб утрыманні аскарбінавай і нуклеінавых кіслот у наднырачніках трусоў рознага ўзросту пры фізіялагічнай нагрузцы», з сааўт., 1966; «Гістахімічныя зрухі ў кары наднырачнікаў у жывёл рознага ўзросту пры фізіялагічнай фізічнай нагрузцы», 1967). У гэтай групе даследаванняў вялікае навукова-практычнае значэнне маюць працы пра прыстасавальніцкія рэакцыі арганізма да фізічных нагрузак, напрыклад, «Некаторыя гіста- і біяхімічныя паказчыкі трэніраванасці арганізма, які расце» (з сааўт., 1967)[3].
Вывучаў марфалогію і морфагенез цэнтральнай нервовай сістэмы («Актыўнасць дэгідрагеназ і тэтразолійрэдуктаз у ядрах перагародкі галаўнога мозгу белых пацукоў», 1981; «Размеркаванне актыўнасці некаторых акісляльна-аднаўленчых ферментаў у ядрах пярэдняй вобласці гіпаталамуса белых пацукоў», 1990). Удзельнік комплекснага даследавання фармакалагічных уласцівасцяў сінтэтычнай камфары і мясцовых мінеральных вод («Некаторыя фармакалагічныя ўласцівасці сінтэтычнай камфары, атрыманай з жывіцы іглічных дрэў», з сааўт., 1979)[3].
Асобныя даследаванні прысвяціў пытанням выкладання нармальнай анатоміі ў медыцынскіх вну («Прыкладныя аспекты ў выкладанні нармальнай анатоміі чалавека», з сааўт., 1992; «Пытанні экалогіі ў выкладанні анатоміі чалавека», 1992; «Анатомія чалавека ў сістэме праблемнаарыентаванага навучання», 1996)[3].
Аўтар 73 навуковых прац, сааўтар 2 навучальных дапаможнікаў: «Праводзячыя шляхі галаўнога і спіннога мозгу», 1993; «Анатомія зубоў», 1995. Браў удзел у працы 3 міжнародных навуковых з’ездаў і шэрагу канферэнцый[3].
Распрацоўка беларускай наменклатуры
Станіслаў Ярашэвіч першым пачаў выкладаць анатомію на беларускай мове. Па ініцыятыве Ярашэвіча было распачата складанне спісу беларускамоўных эквівалентаў анатамічных тэрмінаў[4]. Сааўтар распрацоўкі анатамічнай наменклатуры на беларускай мове («Распрацоўка беларускіх марфалагічных наменклатур як аснова стварэння навуковай медыцынскай тэрміналогіі», з сааўт., 1993)[3].
Вынікі шматгадовых даследаванняў па выкарыстанні беларускай мовы ў медыцынскай адукацыі, распрацоўцы і станаўленні беларускай анатамічнай тэрміналогіі і выданні вучэбных дапаможнікаў на беларускай мове сталі асновай для стварэння анатамічнага слоўніка. «Анатамічны слоўнік» (1998 г.) складаецца з трох частак: руска-беларуска-лацінскай, беларуска-лацінскай і лацінска-беларускай. У аўтарскі калектыў слоўніка таксама ўваходзілі выкладчыкі кафедры нармальнай анатоміі БДМУ Л. М. Байцоў, Д. В. Кавалёва, П. І. Лабко[4].
Слоўнік стаў першым этапам у распрацоўцы нацыянальнай анатамічнай наменклатуры, пасля чаго былі падрыхтаваны да выдання беларускамоўныя эквіваленты да «Міжнароднай анатамічнай тэрміналогіі», а ў 2016 годзе быў выдадзены слоўнік «Анатомія. Слоўнік», у якім прыведзены спіс анатамічных тэрмінаў на лацінскай, рускай і беларускай мовах, размешчаных адпаведна па сістэмах арганізма і органах[4].
Remove ads
Узнагароды
Узнагароджаны Ганаровай граматай ВС БССР (1981)[3][2].
Крыніцы
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads