Сяргей Палуян

беларускі публіцыст, празаік, літаратуразнавец. From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Сяргей Епіфанавіч Палуян (19 кастрычніка 1890(1890-10-19), Брагін, Мінская губерня8 (21) красавіка 1910, Кіеў; Крыптанімы: П. Ян.; С. П.) — беларускі публіцыст, празаік, літаратуразнавец.

Хуткія факты Сяргей Палуян, Асабістыя звесткі ...
Remove ads

Біяграфія

Нарадзіўся 19 кастрычніка 1890 года ў Брагіне Рэчыцкага павета, быў трэцім дзіцём у сям’і арандатараў Епіфана Іванавіча і Аляксандры Дзмітрыеўны Палуянаў. У сям’і было 5 дачок і 3 сыны. Праз пяць месяцаў па нараджэнні Сяргея сям’я пераехала на сталае месца жыхарства ў вёску Крышычы Юравіцкай воласці Мазырскага павета, дзе ў 1897 годзе купіла ўласны фальварак.

Вучыўся ў Мазырскай прагімназіі, дзе зблізіўся з рэвалюцыянерамі, распаўсюджваў улёткі і ўдзельнічаў у мітынгах. Праз пагрозу выключэння за рэвалюцыйную дзейнасць, пераведзены бацькам у Мітаўскую гімназію (цяпер — Елгава, Латвія) пад нагляд сваякоў, але ўдзелу ў рэвалюцыйных арганізацыях не спыніў. З прычыны палітычнай дзейнасці, якую бацька не ўхваляў, адбыўся іх канфлікт і разрыў.

У 1908 годзе самавольна з Мітавы з’ехаў у Кіеў, жыў у сваякоў, таксама ўдзельнічаў у рэвалюцыйным руху. Ездзіў у Вільню на сустрэчу з Янкам Купалам. У 1908 годзе ўвайшоў у кіруючы орган Беларускай сацыялістычнай грамады. Пісаў у «Нашу ніву», у тым ліку артыкулы «Беларуская справа і ўкраінскае грамадства», «Лісты з Украіны» (1909). З 1910 годзе зноў жыў у Кіеве. Працаваў у часопісах «Українська хата» і «Світло», дзе друкаваў свае творы, супрацоўнічаў з газетай «Рада» і іншымі.

Паводле афіцыйнай версіі, скончыў жыццё самагубствам у ноч з 7 на 8 красавіка 1910 года[1]. Таксама ёсць версія пра гвалтоўную смерць[2]. Пахаваны ў Кіеве на Байкавых могілках, магіла не захавалася.

Меў пазашлюбнага сына са сваёй каханкай Наталляй.

Remove ads

Творчасць

Падтрымліваў сяброўскія і творчыя сувязі з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам, Цішкам Гартным, Ядвігіным Ш. і іншымі.

Аўтар апавяданняў («Вёска» і іншыя), вершаваных і драматычных твораў (не выяўлены), вершаў у прозе, рэцэнзій («Якуб Колас. Другое чытанне для дзяцей беларусаў», «Тарас на Парнасе», «Ядвігін Ш. Дзед Завала» і іншыя), першага ў беларускай крытыцы агляднага артыкула «Беларуская літаратура ў 1909 г.», першага гістарычнага нарыса новай беларускай літаратуры «Беларуская паэзія ў яе тыповых прадстаўніках» (абодва 1910). Выступаў як тэатральны крытык («Віленская беларуская вечарынка», «Беларускія вячоркі», 1910 і іншыя). Даследаваў украінскую культуру і літаратуру, беларуска-ўкраінскія літаратурныя сувязі (цыкл артыкулаў «Лісты з Украіны» і іншыя). Адстойваў правы беларусаў на развіццё сваёй мовы і культуры («Пра нацыянальную школу на Беларусі», цыкл артыкулаў «З нашага жыцця»)[1].

Не ўся творчая спадчына Сяргея Палуяна захавалася, цяпер вядома яго апавяданне «Вёска», абразок «Хрыстос уваскрос!» (зварот да беларускага народа), дваццаць адзін публіцыстычны артыкул, рэцэнзіі. Выйшаў зборнік твораў Сяргея Палуяна «Лісты ў будучыню» (1986).

Remove ads

Бібліяграфія

  • Лісты ў будучыню: проза, публіцыстыка, крытыка / Сяргей Палуян. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1986. — 214, [1] c., [11] л. іл., партр., факсім.
  • Творы. Успаміны. Прысвячэнні. Даследаванні / Сяргей Палуян; укладанне, падрыхтоўка тэксту, аглядныя аналітычныя артыкулы, прадмова i каментар Таццяны Кабржыцкай, Вячаслава Рагойшы. — Мінск : Кнігазбор, 2018. — 336 с. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»; выпуск 114). — ISBN 978-985-7207-51-0

Памяць

Памяці Сяргея Палуяна Янка Купала прысвяціў паэму «Курган» і вершы «Памяці С. Палуяна», Максім Багдановіч — першы і апошні прыжыццёвы зборнік твораў «Вянок»[3] і вершы «С. Палуяну», Ядвігін Ш. — верш у прозе «Раны».

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads