Усходні сельскагаспадарчы комплекс
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Усходні сельскагаспадарчы комплекс (англ.: Eastern Agricultural Complex) — цэнтр узнікнення сельскай гаспадаркі і культурных раслін на ўсходзе Паўночнай Амерыкі. Сфарміраваўся незалежна ад іншых цэнтраў у сярэдні Архаічны перыяд на шырокіх лясных абшарах, што ахоплівалі тэрыторыі на поўдзень ад Вялікіх азёр, як на ўсход, так і на захад ад ракі Місісіпі.

Remove ads
Гісторыя вывучэння
Паняцце Усходні сельскагаспадарчы комплекс было ўведзена амерыканскім антраполагам Ральфам Лінтанам у сярэдзіне XX ст. для тлумачэння развіцця сельскай гаспадаркі на ўсходзе Паўночнай Амерыкі ў старажытнасці. Ён абапіраўся на розніцу ў аграрных прыёмах дакалумбавых культур усходняга ўзбярэжжа ЗША і Мексікі, адкуль былі запазычаны асноўныя паўночнаамерыканскія культурныя расліны (гл. Тры сястры), і прапанаваў гіпотэзу аб узнікненні сельскай гаспадаркі сярод усходніх індзейцаў да пашырэння гаспадаркі, заснаванай на вырошчванні кукурузы.
У 1970-я гг. ідэя Р. Лінтана знайшла прызнанне сярод археолагаў, якія заўважылі, што насенне некаторых раслін, знойдзенае ў ачагах на месцы паселішчаў старажытных індзейцаў і ў прыродзе, істотна адрозніваецца. У ачагах насенне было большым па памерах, яго было лягчэй чысціць ад шкарлупін або шалупіны. Аднымі з першых акультураных раслін сталі сланечнік і кабачкі ў сярэдні архаічны перыяд (сярэдзіна 7 тысячагоддзя да н. э. — канец 4 тысячагоддзя да н. э.). Кукуруза трапіла на палеткі мясцовых жыхароў у сярэдзіне ляснога перыяда як дадатковая культура і стала адыгрываць вызначальную ролю не раней за 1 тысячагоддзе н. э. Такім чынам, усходні сельскагаспадарчы комплекс стаў лічыцца адным з незалежных цэнтраў паходжання культурных раслін.
Remove ads
Развіццё
Згодна сучасным уяўленням, земляробства на тэрыторыі ўсходніх штатаў ЗША першасна ўзнікла на стаянках ўздоўж рэк верхняй плыні Місісіпі, дзе штогадовыя веснавыя паводкі робяць глебу прыдатнай для ручной апрацоўкі. Пазней земляробства перамясцілася на ўзвышшы, дзе практыкаваўся падсечна-агнявы метад падрыхтоўкі глебы.
Для культывавання адбіраліся расліны, якія раней выкарыстоўвалі ў працэсе збіральніцтва. Многія з іх традыцыйна раслі ў рачных абалонях, але некаторыя трапілі на палеткі з лесу і прэрыі. Сучасныя назіранні паказваюць, што некаторыя з акультураных раслін у дзікім выглядзе часцей сустракаюцца ўздоўж сцяжын, астаўленых бізонамі, а таму першымі земляробамі маглі стаць групы паляўнічых, што перамяшчаліся ўслед за бізонімі статкамі.
У сярэдзіне — канцы архаічнага перыяду старажытныя індзейцы асвоілі вырошчванне гарбузовых, аксамітнікавых, астравых і драсёнавых культур, багатых крухмалам і алеем. Лічыцца, што гарбузовыя культуры першасна вырошчваліся дзеля каларыйнага насення.
У лясны перыяд важным паўседзённым харчам сталі арэхі букакветных. Мяркуецца, што раннія земляробы маглі садзейнічаць пасадкам дубоў і арэшнікаў гікоры ў населеных імі месцах для далейшага выкарыстання іх драўніны, жалудоў і арэхаў. Гікоры складалі значную частку харчу нават пасля інтрадукцыі кукурузы.
Кукуруза стала вядома на ўсход ад Місісіпі ў канцы 1 тысячагоддзя да н.э. Першыя сарты, што трапілі з сучасных паўночнай Мексікі і паўднёвага захаду ЗША не былі прыстасаваны для прахалоднага вільготнага клімату і атрымалі абмежаванае распаўсюджанне. Спатрэбілася некалькі стагоддзяў для ўзнікнення сартоў, якія здолелі распаўсюдзіцца ад дэльты Місісіпі да Антарыа. Кукуруза стала дамінаваць на палетках Усходняга сельскагаспадарчага комплекса не раней за 1000—1200 гг. н.э. Гэта прывяло да змены харчовых пераваг і паступовай адмовы ад мясцовых зерневых культур. Тым не меней, некаторыя культуры, у тым ліку кабачкі, сланечнік, драсён заставаліся важнымі сельскагаспадарчымі раслінамі ў перыяд Місісіпскай культуры і пазней.
У каланіяльны перыяд выцісканне традыцыйных культур адбывалася з-за ўздзеяння абмена сельскагаспадарчымі раслінамі паміж Новым і Старым Светам. Такім чынам, значная частка першасных раслін, акультураных індзейцамі Усходняга сельскагаспадарчага комплекса, зноў сталі дзікімі і ў нашы дні часцяком успрымаюцца як пустазелле. Шырокае распаўсюджанне ва ўсім свеце набылі толькі некаторыя культурныя расліны Усходняга комплекса — кабачкі, лагенарыя, сланечнік, тапінамбур.
Remove ads
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads