Кут (Ірак)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Кут (араб. ٱلْكُوت), афіцыйна Эль-Кут, таксама Кут-эль-Імара або Кут-эль-Амара — горад на ўсходзе Ірака, на левым беразе ракі Тыгр, прыкладна за 160 км на паўднёвы ўсход ад Багдада. Адміністрацыйны цэнтр мухафазы Васіт . Насельніцтва — каля 389 400 чалавек (2018, ацэнка). Сталіца рэгіёна, доўгі час вядомага як Эль-Кут, але з 1960-х гадоў перайменаванага ў Васіт.
Стары горад знаходзіцца ва U-падобнай лукавіне ракі, насупраць месца, дзе Шат-эль-Гараф адгаліноўваецца ад Тыгра[2]. Гэты U-падобны выгін робіць яго амаль што востравам, які злучаецца з берагам толькі вузкім перашыйкам. Шмат стагоддзяў Кут быў цэнтрам мясцовага гандлю дыванамі. Навакольная тэрыторыя — урадлівы рэгіён, дзе вырошчваюцца збожжавыя культуры. Недалёка ад Кута знаходзіўся цэнтр ядзерных даследаванняў, разрабаваны пасля ўварвання ЗША ў Ірак (2003).
Remove ads
Геаграфія
Клімат
Кут мае арыдны клімат (BWh) у сістэме кліматычнай класіфікацыі Кёпена-Гейгера. Сярэдняя гадавая тэмпература — 23,4 °C. Штогод выпадае каля 138 мм ападкаў.
Remove ads
Гісторыя

На месцы сучаснага Кута знаходзіўся сярэднявечны горад Мадхарая[4][2][5]. Ён размяшчаўся пры ўпадзенні канала Нахраван у Тыгр[2]. Лічыцца, што Мадхарая — родны горад Маздака , зараастрыйскага рэлігійнага лідара сасанідскай эпохі[6]. Аднак ужо ў пачатку XIII ст., па сведчанні Якута аль-Хамаві, горад Мадхарая быў разбураны[4].

Сучасны Кут у значнай ступені абавязаны сваім росквітам з’яўленню параходнага транспарту на Тыгры ў XIX ст.[2]
Першая сусветная вайна

Кут быў месцам баёў у час Першай сусветнай вайны. Брытанскія Месапатамскія экспедыцыйныя сілы пад кіраўніцтвам генерал-маёра Чарльза Таўнсенда рушылі на поўнач з Басры ў верасні 1915 года, гэтыя падзеі вядомыя пад назвай Месапатамская кампанія. Брытанцы дасягнулі Кута 26 верасня і пасля трох дзён баёў выбілі асманскія войскі з горада.
Пасля амаль дзевяцімесячнага перапынку Таўнсенд накіраваўся ўверх па рацэ да Ктэсіфона . Пасля бітвы ля Ктэсіфона брытанскія войскі зноў адышлі ў Кут. 7 снежня 1915 года туркі пад камандаваннем палкоўніка Нурэдзіна-пашы пачалі аблогу Кута, якая доўжылася 147 дзён. Брытанскай кавалерыі пад камандаваннем палкоўніка Джэрарда Лічмана ўдалося прарвацца, але Таўнсенд і асноўная частка войскаў засталіся ў аблозе. Было зроблена шмат спроб вызваліць сілы Таўнсенда з аблогі, але ўсе яны не мелі поспеху. Пры спробах вярнуць Кут загінула каля 23 тысяч брытанскіх і індыйскіх салдат, гэта, хутчэй за ўсё, самыя значныя страты брытанцаў па-за еўрапейскім тэатрам баявых дзеянняў. Бліжэй да канца аблогі Т. Э. Лоўрэнс і Обры Герберт з брытанскай разведкі беспаспяхова спрабавалі падкупіць Халіла-пашу, каб дазволіць войскам уцячы. Нарэшце 29 красавіка 1916 года Таўнсенд і разам з ім каля 8 тысяч салдат здаліся ў палон. Палонных вайскоўцаў падзялілі: афіцэраў адправілі ў розныя месцы, а многіх з радавых салдат прымусілі да катаржных работ, якія працягваліся да капітуляцыі Асманскай імперыі; больш як палова катаржнікаў загінула. У снежні 1916 года большыя і лепш забяспечаныя брытанскія сілы пад камандаваннем генерала Фрэдэрыка Стэнлі Мода аднавілі наступ і 23 лютага 1917 года, панёсшы цяжкія страты, зноў занялі Кут.
Кут быў моцна пашкоджаны ў час Першай сусветнай вайны і амаль цалкам перабудаваны пасля яе[2].
Сучасная гісторыя
У 1930-я гады ў горадзе была пабудавана дамба, каб забяспечваць навакольныя тэрыторыі вадой для арашэння. На дамбе ёсць дарога і шлюз для караблёў, якія праходзяць уверх і ўніз па Тыгры. Дамба падтрымлівае дастаткова высокі ўзровень вады ў Тыгры для забеспячэння вадой ірыгацыйнага канала Гараф.
Станам на 1952 год, 26 440 гектараў арашаліся вадой з канала Гараф. З гэтых зямель 14 080 гектараў былі размеркаваны паміж дробнымі фермерамі ў рамках праграмы сацыяльнай зямельнай рэформы: фермеры атрымлівалі па 10 га на сям’ю і абавязваліся жыць на зямлі, якую апрацоўвалі. У 2005 годзе дамба і рэгулятар канала Гараф былі адрамантаваны, выдаткі склалі 3 млн долараў ЗША.
Remove ads
Гл. таксама
Зноскі
Крыніцы
Знешнія спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads