1-я Віленская мужчынская гімназія
(1803—1914) From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
1-я Віленская мужчынская Аляксандра I класічная гімназія — колішняя расійская сярэдняя навучальная ўстанова ў 1803—1914 гадах у Вільні.
Фармальна створана ў 1803 годзе імператарскім актам Аляксандра I ад 4 красавіка пераўтварэннем падрыхтоўчага вучылішча Галоўнай школы Вялікага Княства Літоўскага, адначасова з пераўтварэннем самой Галоўнай школы ў Імператарскі Віленскі ўніверсітэт.[1]
У 1803—1831 гады гімназія непарыўна звязана з універсітэтам. Выкладалі ў гімназіі прафесары ўніверсітэта. Выпускнікі гімназіі, калі выбіралі ўніверсітэцкі працяг адукацыі, у асноўным паступалі ў Віленскі ўніверсітэт.[1]
Пасля паўстання 1830—1831 гадоў Віленскі ўніверсітэт скасаваны рэскрыптам расійскага імператара Мікалая I ад 1 мая 1832 года. Сувязь гімназіі з універсітэтам засталася толькі гістарычнай, яна размяшчалася ў былым універсітэцкім будынку па адрасе Благавешчанская вул., 26.[1]
Магчымасці атрымаць універсітэцкую адукацыю на землях былой Рэчы Паспалітай тым часам ужо не было, Варшаўскі ўніверсітэт таксама быў закрыты. Выпускнікі 1-й Віленскай гімназіі паступаюць у Харкаўскі, Маскоўскі і Санкт-Пецярбургскі універсітэты. Садзейнічаў гэтаму і шэраг захадаў расійскага ўраду, каб палепшыць сітуацыі з расійскай юрыдычнай адукацыяй на тэрыторыях былой Рэчы Паспалітай, у Санкт-Пецярбургскім і Маскоўскім універсітэтах адкрылі па дзве польскія кафедры: грамадзянскага права і судаводства, а таксама крымінальнага і адміністрацыйнага права. У Санкт-Пецярбургскім універсітэце такія кафедры на юрыдычным факультэце адкрыты ў 1841 годзе, іх узначалілі прафесары К. А. Забароўскі (выпускнік Варшаўскага ўніверсітэта) і К. К. Губэ.[2]
Удзел многіх выпускнікоў гімназіі ў паўстанні 1863—1864 гадоў не застаўся незаўважаным, 1-я Віленская гімназія, як і ўся Віленская навучальная акруга, трапіла пад жорсткі кантроль.[2]
«Гэта ўжо была даўно наяўная рэчаіснасць, з якой сутыкаліся ўсе, хто паступаў у яе. Віленская першая гімназія, якая выхоўвала і прэм’ер-міністра Сталыпіна, і маршала Пілсудскага, і драматычнага артыста Шверубовіча-Качалава, была заўсёды адной з узорных па строгасці гімназій Расіі. Школьныя законы на паўночна-заходняй ускраіне былі пасля Польскага паўстання 1864 года самыя драконаўскія. М. А. Сергіеўскі, стаўленік графа Д. А. Талстога, які 29 гадоў запар кіраваў віленскай навучальнай акругай, адкрыта і няўмольна праводзіў палітыку клерыкальна-рэакцыйную. Палякаў і яўрэяў толькі цярпелі. Да 1905 рэвалюцыйнага года, у пасільнае перайманне непараўнальнаму Мураўёву-вешальніку, няўхільна ажыццяўлялася генерал-губернатарамі праграма помсты і знішчэння нацыянальных асаблівасцяў. Апека педагагічнай паліцыі была раўнівая і выведвальная»[3].
Юзаф Пілсудскі, які скончыў гімназію ў 1885 годзе, пісаў:
«Я стаў навучэнцам першай Віленскай гімназіі, якая знаходзіцца ў сценах старадаўняга Віленскага ўніверсітэта, былой Альма матар Міцкевіча і Славацкага. Выглядала тут, вядома, інакш, чым у іх часы. Гаспадарылі тут, вучылі і выхоўвалі моладзь царскія педагогі, якія прыносілі ў школу ўсякія палітычныя страсці, лічачы за парадак рэчаў зневажанне самастойнасці і асабістай годнасці сваіх выхаванцаў. Для мяне гімназічнае жыццё было свайго роду катаргай <…> Не хапіла б валовай скуры на апісанне нястомных, прынізлівых прыдзірак з боку настаўнікаў, іх дзеянняў, якія ганьбяць усё, што ты прывык паважаць і любіць <…> У такіх умовах мая нянавісць да царскіх устаноў, да маскоўскага прыгнёту ўзрастала з кожным годам…»[4].
Падобна адгукаўся пра рэжым у гімназіі Фелікс Дзяржынскі, які паступіў у гімназію праз два гады па сканчэнні яе Пілсудскім[2]. Гуляючы ў 1909 годзе са сваёй будучай жонкай па ваколіцах Кракава, Дзяржынскі згадваў гады навучання неахвотна, Зоф’я Дзяржынская пра гэта пісала:
«Скупа, але з нянавісцю ўспамінаў Юзаф гімназічны рэжым, русіфікатарства, шпіянаж за вучнямі, прымусовае наведванне ў табельныя дні малебнаў, дрэсіроўку на кватэры настаўніка гімназіі ў Вільні, дзе ён жыў разам з братамі»[5].
У 1914 годзе сам Фелікс Дзяржынскі пісаў пра гэта:
«Калі я ўспамінаю гімназічныя гады, якія не ўзбагацілі маёй душы, а зрабілі яе больш убогай, я пачынаю ненавідзець гэтую дрэсіроўку, якая ставіць сабе задачай вытворчасць так званых інтэлігентаў. І светлыя ўспаміны мае вяртаюцца да дзён дзяцінства і пераскокваюць праз школьныя гады да пазнейшых гадоў, калі было так шмат пакут, але калі душа набыла гэтулькі шмат багаццяў…»[6]
Амаль таксама пра гімназію ў размове з прафесарам Валянцінам Спяранскім, таксама выпускніком гімназіі, адгукаўся яе навучэнец, вядомы акцёр Васіль Качалаў, тады яшчэ Шверубовіч, які скончыў гімназію ў 1894 годзе:
«…нягледзячы на належнасць сваю тады да пануючай нацыянальнасці і да прывілеяванага праваслаўя, ён успамінае гімназічныя гады з адным толькі сумам, нават жахам»[3].
Аднак, 1-я Віленская гімназія давала выдатную класічную адукацыю на рускай мове. Размаўляць на іншых мовах у гімназіі забаранялася.[2]
Закрыта з пачаткам Першай сусветнай вайны ў 1914 годзе.
Сярод выпускнікоў вядомыя польскія інтэлектуалы XIX стагоддзя, у тым ліку Ігнацы Івіцкі , Баляслаў Кулясінскі , Міхал Тышкевіч (вып. 1848).
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads