Віленская навучальная акруга

From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Ві́ленская навуча́льная акру́га (руск.: Виленский учебный округ) — тэрытарыяльная адзінка кіравання навучальнымі ўстановамі ведамства Міністэрства народнай асветы, якая ахоплівала некалькі губерняў на захадзе Расійскай імперыі (на тэрыторыі сучасных Беларусі, Літвы, Украіны, а таксама Латвіі) у 1803—1832 і 1850—1917 гадах. Адміністрацыйны цэнтр — Вільня[1].

Гісторыя

1803—1832 гады

Віленская навучальная акруга створана ў ліку першых шасці навучальных акруг указам імператара Аляксандра I ад 24 студзеня 1803 года[2][3]. Пры стварэнні акруга аб’яднала навучальныя ўстановы васьмі губерняў: Віленскай, Віцебскай, Валынскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай, Кіеўскай і Падольскай. Навучальным і адміністрацыйным цэнтрам акругі была вызначана Галоўная віленская школа, ператвораная ўказам ад 4 красавіка 1803 года ў Імператарскі Віленскі ўніверсітэт. Першым папячыцелем акругі стаў князь А. А. Чартарыйскі (1803—1823), які сумяшчаў гэту пасаду з пасадамі таварыша міністра, а потым і міністра замежных спраў Расіі і іншымі дзяржаўнымі справамі.

Адукацыя на тэрыторыі Віленскай акругі напярэдадні яе стварэння была прадстаўлена вучылішчамі, якія знаходзіліся ў распараджэнні каталіцкага і ўніяцкага духавенства (у іх лік уваходзілі ў тым ліку былыя школы Эдукацыйнай камісіі, якія былі перададзеныя пад кіраванне духавенства пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе, але заставаліся свецкімі навучальнымі ўстановамі), а таксама галоўныя і малыя народныя вучылішчы, адкрытыя на землях Усходняй Беларусі паводле ўказу 1786 года. У 1803 годзе, на тэрыторыі акругі ў галоўных і малых народных вучылішчах навучалася 767 вучняў, у школах, якія кіраваліся каталіцкім і ўніяцкім духавенствам — 5820[4].

Паводле статута 1804 былі арганізаваны чатырохкласныя павятовыя вучылішчы, аднакласныя і двухкласныя прыхадскія вучылішчы[5]. А. Чартарыйскі перавёў на польскую мову выкладанне ў некаторых навучальных установах акругі, якія былі першапачаткова рускамоўнымі. Усялякую падтрымку яму аказваў рэктар Віленскага ўніверсітэта І. Страйноўскі. У перыяд апякунства Чартарыйскага ў акрузе актыўна развівалася нацыянальная адукацыя, падтрымлівалася навучанне польскай мове. Адваротным бокам стала развіццё ў навучальных установах, у першую чаргу ва ўніверсітэце патрыятычных арганізацый, часта антырасійскіх. Справа адной з такіх арганізацый — таварыства філаматаў прывяла да адстаўкі Чартарыйскага з пасады папячыцеля і скончылася маштабным судовым працэсам. Пасаду папячыцеля заняў М. М. Навасільцаў (1823—1831), які праводзіў расследаванне па справе.

У 1826 годзе акруга была рэарганізавана. Навучальныя ўстановы Віцебскай і Магілёўскай губерняў былі перададзены Санкт-Пецярбургскай навучальнай акрузе1829 годзе яны былі пераведзены ў ізноў утвораную Беларускую навучальную акругу). Праведзеная ў 1828 годзе рэформа змяніла сістэму пачатковай і сярэдняй адукацыі. З гэтага часу пачатковыя навучальныя ўстановы былі прадстаўленымі прыхадскімі і павятовымі вучылішчамі, а сярэднія — гімназіямі.

Паўстанне 1830—1831 гадоў прывяло да сур’ёзнага павароту ў адукацыйнай палітыцы Расійскай імперыі. У паўстанні бралі ўдзел многія студэнты і нават выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта. У гэтых умовах навучальная акруга была падвергнута далейшай рэарганізацыі. Указам ад 12 студзеня 1831 года навучальныя ўстановы Мінскай губерні былі перададзены Беларускай, а Валынскай і Падольскай губерняў — Харкаўскай навучальнай акрузе. 1 мая 1832 года Віленскі ўніверсітэт быў зачынены і разам з ім расфарміравана Віленская навучальная акруга. Навучальныя ўстановы, якія заставаліся ў яго распараджэнні, былі ўключаны ў Беларускую навучальную акругу, цэнтр якога некаторы час працягваў знаходзіцца ў Віцебску, а ў 1836 годзе быў перанесены ў Вільню.

1850—1917 гады

У 1850 годзе Беларуская навучальная акруга была скасавана, а на яго месцы адноўлена Віленская. У адноўленую Віленскую акругу былі ўключаны навучальныя ўстановы Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Ковенскай (вылучанай з заходняй часткі Віленскай губерні ў 1846 годзе) губерняў. Навучальныя ўстановы Віцебскай і Магілёўскай губерняў ізноў былі далучаны да Санкт-Пецярбургскай навучальнай акругі.

Яшчэ ў 1835 годзе ўніверсітэты былі вызвалены ад кіраўніцтва навучальнымі ўстановамі, гэта функцыя была перададзена апякунскім саветам на чале з папячыцелямі навучальных акруг, падпарадкаваным непасрэдна Міністэрству народнай асветы. Але пры аднаўленні Віленскай акругі, улічваючы складанае становішча з нацыянальным рухам, вырашылі пайсці далей і ліквідаваць пасаду папячыцеля акругі, з перадачай абавязкаў па кіраванні навучальнымі ўстановамі віленскаму генерал-губернатару, якім у 1850 годзе быў І. Г. Бібікаў. Аднак, праз некалькі гадоў такі вопыт быў прызнаны няўдалым і Віленскую акругу зноў узначаліў папячыцель, якім стаў Я. П. Урангель (1855—1861). Далей у XIX стагоддзі папячыцелямі былі А. П. Шырынскі-Шыхматаў (1861—1864), І. П. Карнілаў (1864—1868), П. М. Бацюшкаў (1868—1869), М. А. Сергіеўскі (1869—1899), які займаў гэту пасаду рэкордныя 30 гадоў, і былы папячыцель Казанскай навучальнай акругі В. А. Папоў (1899—1908).

У 1855 годзе ў Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях налічвалася 19 пяцікласных і 8 трохкласных павятовых вучылішчаў, 89 прыхадскіх вучылішчаў МНА і 89 — Міністэрства дзяржаўных маёмасцей, 7 вучылішчаў пры цэрквах замежных спавяданняў, 3 жаночыя школы. Існавалі таксама школы, падведамныя Найсвяцейшаму Сіноду.

За ўдзел у паўстанні 1863—1864 гадоў у 1864 годзе папячыцель акругі ў 1864—1868 гадах І. П. Карнілаў звольніў практычна ўсіх настаўнікаў-палякаў і каталікоў, выплаціўшы ім дараванне за год наперад. Быў зачынены і Віленскі дваранскі інстытут, які вёў выкладанне на польскай мове. Папячыцелем акругі І. П. Карнілавым пры падтрымцы генерал-губернатара М. М. Мураўёва на патрэбы народнай адукацыі былі вылучаны 25 000 руб. з агульнай сумы 10 %- збору з памешчыкаў, якія ўдзельнічалі ў паўстанні. Цыркулярам ад 1 студзеня 1864 года Мураўёў прадпісаў кіраўніцтву паветаў, паліцыі і міравым пасрэднікам назіраць за выпадкамі «недазволенага навучання». Без дазволу адміністрацыі не дапушчаліся да выкладання ксяндзы і навучанне на польскай мове. Каталікам Закон Божы выкладаўся асобна і на «мясцовай гаворцы»[6].

Акрамя палякаў, беларусаў і літоўцаў, навучэнцамі з’яўляліся і яўрэі. Да 1882 годзе ў сярэдніх навучальных установах акругі займалася 1703 яўрэі, што ў сярэднім складала 25 % ад агульнай колькасці навучэнцаў. У Ковенскай гімназіі колькасць яўрэяў дасягала 44 %.

Афіцыйным выданнем Віленскай навучальнай акругі з’яўляўся «Цыркуляр па кіраванні Віленскай навучальнай акругай», які выходзіў штомесяц у Вільні з 1862 па 1915 год.

12 студзеня 1918 года Пастановай народнага камісара па асвеце А. В. Луначарскім Віленская навучальная акруга была ліквідавана[7].

Remove ads

Тэрыторыя

1803—1832 гады

Больш інфармацыі Губерня (вобласць), Раней уваходзіла ...

1850—1917 гады

Больш інфармацыі Губерня, Раней уваходзіла ...
Remove ads

Склад навучальнай акругі

У 1803 годзе на тэрыторыі Беларусі 25 сярэдніх і няпоўных сярэдніх і каля 130 пачатковых школ. У пачатку 1820-х гадоў многіх выкладчыкаў-каталікоў вымусілі сысці.

Навучальная акруга ў пачатку XX стагоддзя

Станам на 1915 год Віленская навучальная акруга налічвала 11,967 устаноў усіх тыпаў, у якіх навучалася ўвогуле 685,526 якія вучацца, у тым ліку пачатковых школ 9,636 з колькасцю навучэнцаў 575,272. У размеркаванні па адміністрацыйна-тэрытарыяльных складніках акруга:

  • Віленская губерня: навучальных устаноў — 1,086, навучэнцаў — 63,039.
  • Віцебская губерня: навучальных устаноў — 1,710, навучэнцаў — 91,669.
  • Гродзенская губерня: навучальных устаноў — 2,434, навучэнцаў — 130,781.
  • Ковенская губерня: навучальных устаноў — 833, навучэнцаў — 56,269.
  • Мінская губерня: навучальных устаноў — 2,919, навучэнцаў — 180,933.
  • Магілёўская губерня: навучальных устаноў — 2,985, навучэнцаў — 162,835.

Размеркаванне навучэнцаў па тыпах навучальных устаноў (у лічніку — колькасць навучэнцаў, у назоўніку дробу — колькасць навучальных устаноў).

Больш інфармацыі Тып установы ...

Заўвага. Лічбамі ў слупках табліцы пазначаны адміністрацыйна-тэрытарыяльныя складнікі навучальнай акругі:

  • 1 — Віленская губерня
  • 2 — Віцебская губерня
  • 3 — Гродзенская губерня
  • 4 — Ковенская губерня
  • 5 — Мінская губерня
  • 6 — Магілёўская губерня
  • 7 — Холмская губерня (даныя ўключаны ў статыстыку губерняў, з частак якіх яна незадоўга да гэтага ўтворана)
Remove ads

Папячыцелі Віленскай навучальнай акругі

1803—1832 гады

1850—1917 гады

  • Ілья Гаўрылавіч Бібікаў — віленскі генерал-губернатар, у 1850—1855 гадах абавязкі па кіраванні навучальнымі ўстановамі акругі былі ўскладзены на генерал-губернатара, пасада папячыцеля ў Віленскай навучальнай акрузе адсутнічала.
  • Ягор Пятровіч Урангель — са снежня 1855 года па 30 жніўня 1861 года.
  • Аляксандр Прахоравіч Шырынскі-Шыхматаў — з 30 жніўня 1861 года па студзень 1864 года.
  • Іван Пятровіч Карнілаў — са студзеня 1864 года па 1868 год.
  • Пампей Мікалаевіч Бацюшкаў — у 1868—1869 гадах.
  • Мікалай Аляксандравіч Сергіеўскі — з 24 кастрычніка 1869 года па 25 чэрвеня 1899 года.
  • Папоў, Васіль Аляксандравіч — у 1899—1906 гадах.
  • Барыс Эдуардавіч барон фон Вольф — у 1906—1908 гадах.
  • Рыгор Васільевіч Лявіцкі (1852—1917) — у 1908—1911 гадах.
  • Аляксей Андрэевіч Астравумаў (1853—?) — у 1911—1914 гадах.
  • Вісарыён Рыгоравіч Аляксееў (1866—1943) — з 23 верасня 1914 года па 15 чэрвеня 1915 года.
  • Мікалай Дзмітрыевіч Чачулін (1863—1927) — у 1915—1917 гадах.
Remove ads

Зноскі

  1. Учебные округа // Большая российская энциклопедия : [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов. М. : Большая Российская энциклопедия, 2004—2017.
  2. Именной указ от 24 января 1803 г. «Об учреждении учебных округов, с назначением для каждого особых губерний». // ПСЗ. Т. 27. № 20598.
  3. Коротков Ю. Н. Учебные округа // Российская педагогическая энциклопедия / гл. ред. Давыдов В. В. — М.: Научн. изд. «Большая Российская энциклопедия», 1993. — 608 с. — ISBN 5-85270-140-8.
  4. Ильюшин И. М., Умрейко С. А. Народное образование в БССР. — Мн., 1961
  5. Сергеенкова В. В., Ершова О. И., Гулюк М. А., Шараева Е. И. Виленский учебный округ: политика российского правительства в области образования (вторая половина XIX — начало XX в.) // Российские и славянские исследования. : Научн. сб. — Минск: БГУ, 2008. — В. 3. — С. 57 — 75.(недаступная спасылка)
  6. Русское дело в Северо-западном крае. Материалы для истории Виленского учебного округа, преимущественно в Муравьевскую эпоху. — СПб., 1901
  7. Об упразднении Виленского учебного Округа.(недаступная спасылка). Исторические материалы. Архівавана з першакрыніцы 17 сакавіка 2019. Праверана 7 жніўня 2022.
Remove ads

Літаратура

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads