Віленская праўда
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
«Віленская праўда» — штодзённая газета, орган Часовага ўпраўлення Віленскай акругі, створаная пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР.
Планавалася як абласная газета Вільні і Віленскай вобласці БССР. Выходзіла на беларускай мове, № 1 выйшаў 22 верасня 1939 года. У першых нумарах «Віленскай праўды», як ва ўсёй беларускай савецкай прэсе тым часам, друкаваліся прапагандысцкія тэксты пра гістарычныя правы беларускага народа на Вільню і Віленшчыну. Адказным рэдактарам быў І. М. Афенгейм, у рэдакцыі працавалі Максім Танк, Вінцэнт Жук-Грышкевіч (стылістычны рэдактар), Макар Касцевіч (Макар Краўцоў), Любоў Асаевіч(?), Янка Багдановіч, з рэдакцыяй супрацоўнічалі Антон Луцкевіч, Францішак Грышкевіч, С. Бусел і іншыя. Рэдакцыя размяшчалася ў доме на Біскупскай вуліцы (Талат-Кялпшы, 3[заўв 1])[1].
У міжнародных навінах даволі рэгулярна без каментароў друкаваліся зводкі нямецкага ваеннага камандавання. У № 15 за 8 кастрычніка 1939 года таксама без каментароў надрукавана вялікая прамова Адольфа Гітлера ў Рэйхстагу. Галоўнай тэмай № 15 былі паведамленні пра агульнагарадскі мітынг, з якіх фактычна вынікала, што Віленшчына мае быць далучаная да БССР[2].
Аднак у сувязі з заключэннем 14 кастрычніка 1939 года «Дагавора аб перадачы Літоўскай рэспубліцы г. Вільні і Віленскай вобласці і аб узаемадапамозе паміж Савецкім Саюзам і Літвой» планаваны ў Вільні абласны цэнтр быў перанесены ў Вілейку. Апошні нумар «Віленскай праўды» выйшаў 25 кастрычніка 1939 года, рэдакцыйнае абсталяванне перавезлі з Вільні ў Вілейку — газету перайменавалі на «Вілейскую праўду» — орган Часовага ўпраўлення Вілейскай вобласці (хоць Вілейская вобласць была створана толькі 4 снежня 1939)[2], першы нумар якой выйшаў 15 лістапада 1939 года, нумарацыя захавалася ад «Віленскай праўды». У пачатку 1940 года «Вілейская праўда» перайменаваная ў «Сялянскую газету»[3].
Нумары 1-4, 7-15, 19, 23 «Віленскай праўды» захоўваюцца ў Аддзеле старой перыёдыкі Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы (Вільнюс)[4].
Remove ads
Заўвагі
Крыніцы
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads
