Фёдар Вясна
(пам. 1393) намеснік віцебскі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Фёдар Вясна (Федор Весна, Fiedor Wiesna, Fedor Wesna, Chwiodor Wesna; невядома — 1393, Віцебск) — прыбліжаны баярын польскага караля Уладзіслава Ягайлы. Паводле «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх», каралеўскі сакольнік. Намеснік віцебскі (1392—1393).
Пра паходжанне нічога не вядома, малаімаверна, што быў княжацкага роду. Напэўна, быў праваслаўным. На думку Алега Ліцкевіча, Фёдар мог быць абруселым літоўцам[1]. Ян Тэнгоўскі лічыў Фёдара бацькам князя Івана Жэдзівіда, адпаведна, родзічам караля Ягайлы, аднак, версія грунтавалася на няслушным прачытанні «Ходоро Весну» замест слушнага «Ходорове с(ы)ну»[2].
Таксама Ліцкевіч прапануе атаясняць Фёдара Вясну са згаданым Торуньскімі аналамі «Ходарам, дзядзькам Ягайлы» (лац.: Codar patrui Yagell) — адным з кіраўнікоў змовы супраць вялікага князя Кейстута ў 1382 годзе. На думку Ліцкевіча, бо крэўным дзядзькам (patruus) Фёдар быць не мог, у Торуньскіх аналах так перакладзена традыцыйнае для Русі «дзядзька» ў сэнсе «выхавацель». Ліцкевіч спасылаецца на здаўна вядомы ў Вялікім Княстве Літоўскім звычай дзядзькавання. На думку даследчыка, калі ў дзяцінстве ў Ягайлы быў выхавацель, папросту называны «дзядзькам», потым ён мог быць прыбліжаным караля. Гэта тлумачыла б удзел Фёдара Вясны ў арганізацыі змовы, а таксама прызначэнне на ўрад намесніка ў Віцебску.
Княжацкія «дзядзькі»-выхавацелі, таксама называныя «кармільцамі», вядомы з пачатковых часоў Русі і звычайна мелі вельмі высокі статус, што адзначаюць многія даследчыкі[3][4][5][6][7][8][9][10][11], гэта можа тлумачыць статус Фёдара Вясны і без спасылкі на пазнейшы звычай дзядзькавання.
Фёдар трымаў Навасёлы над ракой Ашмянкай каля Жупран (Novam villam alio nomine in vulgari Nowesyolo nuncupatam, quam olim quidam Wyesna tenuit et possedit)[12], таксама ад яго называюцца Вешнікі (польск.: Wieszniki)[13]. Каля 1389—1390 гадоў[14][1] Фёдар Вясна выступаў сярод паручнікаў за Грыдку Канстанцінавіча перад князем Скіргайлам, названы без тытула або ўраду і на даволі нізкім месцы ў параўнанні з іншымі, некалькімі пазіцыямі вышэй Фёдара згаданы «Исай соколникъ»[14].
Пасля смерці вялікай княгіні Ульяны Аляксандраўны 17 сакавіка 1392 года, не пазней за жнівень, кароль прызначыў Фёдара Вясну сваім намеснікам у Віцебскай зямлі, што пакрыўдзіла Свідрыгайлу, які лічыў яе сваёй отчынай. Паводле летапісцаў, Свідрыгайла «не могъ терпѣти», што Фёдар трымае Віцебск «не зъ его послушенства»[15], таму ў канцы зімы або пачатку вясны 1393 года захапіў горад і загадаў забіць Фёдара. Паводле Мацея Стрыйкоўскага, каралёва намесніка скінулі з замкавага муру і ён скруціў галаву, тое самае паўтарае «Хроніка літоўская і жамойцкая». Аднак звесткі гэтых крыніц заблытаныя, поўныя анахранізмаў, як напрыклад тое, што Свідрыгайла падбухторваў па паўстання казакаў — наўрад ці выпадае казаць пра іх надзейнасць. Як заўважаў брытанскі гісторык Роберт Фрост, праявы неспакойнай натуры Свідрагайлы вядомы цягам усяго яго жыцця [16] [17] [18].
Ягайла даведаўся пра гэта і вельмі засмуціўся, адправіў ліст Вітаўту з загадам адпомсціць. Да чэрвеня 1393 года Вітаўт і Скіргайла сабралі войскі з Літвы і Русі і рушылі ў паход. Спачатку ўзялі Друцк і Оршу, потым, з дапамогай войск смаленскага князя Юрыя Святаславіча, і Віцебск; Свідрыгайлу схапілі і адвезлі да караля ў Кракаў, у пачэсны палон[19] [20].
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads