From Wikipedia, the free encyclopedia
Брытанская Ост-Індская кампанія (англ.: East India Company), да 1707 года — Англійская Ост-Індская кампанія — акцыянернае таварыства, створанае 31 снежня 1600 года указам Лізаветы I і атрымаўшае шырокія прывілеі для гандлёвых аперацый у Індыі. З дапамогай Ост-Індскай кампаніі была ажыццёўлена брытанская каланізацыя Індыі і шэрагу краін Усходу.
Брытанская Ост-Індская кампанія | |
---|---|
англ.: British East India Company | |
Тып | акцыянернае таварыства |
Заснаванне | 1600 |
Скасавана | 1 студзеня 1874 |
Заснавальнікі | John Watts[d] і George White[d] |
Краіна | |
Размяшчэнне | Лондан, Англія |
Адрас | |
Галіна | міжнародны гандаль |
Прадукцыя | бавоўна, шоўк, індыга, цукар, павараная соль, біялагічны від, saltpeter[d], чай, slave trade[d] і опіум |
Фактычна каралеўскі ўказ даў кампаніі манаполію на гандаль у Індыі. Ад пачатку кампанія мела 125 акцыянераў і капітал у 72 тысячы фунтаў стэрлінгаў. Кампанія кіравалася губернатарам і радай дырэктараў, адказнай перад сходам акцыянераў. Камерцыйная кампанія неўзабаве набыла ўрадавыя і ваенныя функцыі, якія страціла толькі ў 1858 годзе. Следам за Галандскай Ост-Індскай кампаніяй, Брытанская таксама пачала размяшчаць свае акцыі на біржы.
Кампанія мела інтарэсы і за межамі Індыі, імкнучыся забяспечыць маршруты да Брытанскіх астравоў. У 1620 годзе Кампанія спрабавала захапіць Сталовую гару на тэрыторыі сучаснай ПАР, пазней заняла востраў Святой Алены. Войскі кампаніі трымалі Напалеона на востраве Святой Алены; яе тавары падвергліся нападу амерыканскіх каланістаў падчас Бостанскага чаяпіцця, а верфі Кампаніі служылі ўзорам, у т.л. для Санкт-Пецярбурга.
Кампанія была заснавана ў 1600 годзе пад назвай «Кампанія купцоў Лондана, гандляроў у Ост-Індыях» (англ.: Governor and Company of Merchants of London trading with the East Indies). Яе дзейнасць у Індыі пачалася ў 1612 годзе, калі Джахангір дазволіў заснаваць факторыю у Сураце. На пачатку выкарыстоўваліся розныя назвы: «Пачэсная Ост-Індская кампанія» (англ.: Honourable East India Company), «Ост-Індская кампанія», «Кампанія Бахадур».
У 1612 годзе войска кампаніі наносяць сур'ёзную паразу партугальцам у бітве пры Сувалі. У 1640 годзе мясцовы валадар Віджаянагара дазволіў заснаваць другую факторыю ў Мадрасе. У 1647 годзе кампанія мае ўжо 23 факторыі у Індыі. Індыйскія тканіны (баваўняныя і шаўковыя) карыстаюцца неверагодным попытам у Еўропе. Вывозяцца таксама чай, збожжа, фарбавальнікі, бавоўна, пазней — бенгальскі опіум. У 1668 годзе Кампанія арандавала востраў Бамбей, партугальскую калонію, перададзеную Англіі як пасаг Кацярыны Браганскай, якая выйшла замуж за Карла II. У 1687 годзе штаб-кватэра Кампаніі ў Заходняй Азіі была перамешчана з Сурата ў Бамбей. Кампанія паспрабавала сілай дамагчыся гандлёвых прывілеяў, але прайграла, і была вымушана прасіць літасці ў Вялікага Магола. У 1690 годзе заснавана паселішча Кампаніі ў Калькуце, пасля адпаведнага дазволу Вялікага Магола. Пачалася экспансія Кампаніі на субкантынент; у той жа час экспансія здзейснілася і іншымі еўрапейскімі Ост-Індскімі Кампаніямі — Галандскай, Французскай і Дацкай.
У 1757 годзе ў бітве пры Плесі войскі Брытанскай Ост-Індскай кампаніі на чале з Робертам Клайвам разбіваюць войскі бенгальскага валадара Сіраджа-вуд-Даула — некалькі залпаў брытанскай артылерыі навярнулі індыйцаў ва ўцёкі. Пасля перамогі пры Буксары (1764) кампанія атрымлівае дывані — права на кіраванне Бенгаліяй, Біхарам і Арысай, поўны кантроль над навабствам Бенгалія і канфіскуе бенгальскую казну (ўзяўшы каштоўнасцей на суму ў 5 млн 260 тыс. фунтаў стэрлінгаў). Роберт Клайв прызначаны першым брытанскім губернатарам Бенгаліі. Тым часам працягвалася экспансія вакол баз у Бамбеі і Мадрасе. Англа-майсурскія войны 1766—1799 і англа-маратхскія войны 1772—1818 гадоў зрабілі Кампанію пануючай сілай да поўдня ад ракі Сатледж.
Брытанцы манапалізавалі знешні гандаль Бенгаліі, а таксама важнейшыя галіны ўнутрыбенгальскага гандлю. Сотні тысяч бенгальскіх рамеснікаў прымусова прымацаваны да факторыям кампаніі, куды павінны былі здаваць сваю прадукцыю па мінімальных коштах. Рэзка выраслі падатакі. Вынікам быў страшны голад 1769—1770 гадоў, падчас якога загінула ад 7 да 10 мільёнаў бенгальцаў[1]. У 1780—1790-я гады голад у Бенгаліі паўтарыўся — загінула некалькі мільёнаў чалавек[2].
Амаль цэлае стагоддзе Кампанія праводзіла ў сваіх індыйскіх уладаннях знішчальную палітыку (англ.: The Great Calamity period), вынікам якога стала разбурэнне традыцыйных рамёстваў і дэградацыя земляробства, што прычынілася гібелі ад голаду да 40 мільёнаў індыйцаў. Паводле падлікаў вядомага амерыканскага гісторыка Брукса Адамса (англ.: Brooks Adams), у першыя 15 гадоў пасля далучэння Індыі брытанцы вывезлі з Бенгаліі каштоўнасцей на суму ў 1 млрд фунтаў стэрлінгаў[3]. Да 1840 года брытанцы ангельцы ўладарылі ў большай частцы Індыі. Нястрымная эксплуатацыя індыйскіх калоній была важнейшай крыніцай назапашвання брытанскіх капіталаў і прамысловай рэвалюцыі у Англіі[4].
Экспансія прымала дзве асноўныя формы. Першай былі гэтак званыя субсідыяльныя дагаворы, у сутнасці феадальныя — мясцовыя валадары перадавалі Кампаніі вядзенне замежных спраў і абавязваліся выплачваць «субсідыю» на ўтрыманне войска Кампаніі. У выпадку нявыплат тэрыторыя анексавалася брытанцамі. Апроч таго, мясцовы валадар абавязаўся забяспечваць брытанскага службоўца («рэзідэнта») пры сваім двары. Такім чынам, кампанія прызнавала «тубыльныя дзяржавы» на чале з індуісцкімі махараджамі і мусульманскімі навабамі. Другой формай было прамое праўленне.
«Субсідыі», якія выплачваюцца Кампаніі мясцовымі валадарамі, расходаваліся на набор войскаў, што складаліся галоўным чынам з мясцовага насельніцтва, такім чынам, экспансія ажыццяўлялася рукамі індыйцаў і на грошы індыйцаў. Распаўсюджанню сістэмы «субсідыяльных дагавораў» спрыяў распад імперыі Вялікіх Маголаў, які адбыўся да канца XVIII ст. Дэ-факта тэрыторыя сучасных Індыі, Пакістана і Бангладэш складалася з некалькіх сотняў незалежных княстваў, якія варагавалі адно з другім.
Першым валадаром, які прыняў «субсідыяльны дагавор», стаў нізам Хайдарабада. Часта гэтыя дагаворы навязваліся сілай; так, валадар Майсура адмовіўся прыняць дагавор, але быў прымушаны да гэтага ў выніку Чацвёртай англа-майсурскай войны. У 1802 годзе Маратхскі саюз княстваў быў вымушаны падпісаць субсідыяльны дагавор на наступных умовах:
Найдужэйшымі сапернікамі Кампаніі былі дзве дзяржавы, якія ўтварыліся на развалінах імперыі Вялікіх Маголаў — Маратхскі саюз і дзяржава сікхаў. Разгрому сікхскай імперыі спрыяў хаос, пасля смерці ў 1839 годзе яе заснавальніка, Ранджыта Сінгха. Міжусобіца ўспыхнула як паміж асобнымі сардарамі (генераламі сікхскай арміі і дэ-факта буйнымі феадаламі), так і паміж хальсай (сікхскай абшчынай) і дарбарам (дваром). Апроч гэтага, сікхскае насельніцтва было ў складаных адносінах з мясцовымі мусульманамі, часта гатовымі ваяваць пад брытанскімі сцягамі супраць сікхаў.
У канцы XVIII ст. пры генерал-губернатары Рычардзе Уэлслі пачалася актыўная экспансія; Кампанія захапіла Качын (1791), Джайпур (1794), Траванкур (1795), Хайдарабад (1798), Майсур (1799), княствы па рацэ Сатледж (1815), цэнтральнаіндыйскія княствы (1819), Кач і Гуджарат (1819), Раджпутану (1818), Бахавальпур (1833). Анексаваныя правінцыі ўключалі Дэлі (1803) і Сінд (1843). Панджаб, Паўночна-заходняя мяжа і Кашмір былі захоплены ў 1849 годзе падчас англа-сікхскіх войнаў. Кашмір быў адразу прададзены дынастыі Догра, якая ўладарыла ў княстве Джаму, і стаў «тубыльнай дзяржавай». У 1854 годзе анексаваны Берар, у 1856 годзе — Ауд.
Брытанія бачыла сваім канкурэнтам у каланіяльнай экспансіі Расійскую імперыю. Асцерагаючыся ўплывы рускіх на Персію, Кампанія пачала ўзмацняць ціск на Афганістан, у 1839—1842 гадах адбылася Першая англа-афганская вайна. Расія ўстанавіла пратэктарат над Бухарскім ханствам і далучыла Самарканд у 1868 годзе, паміж дзвюма імперыямі пачалося саперніцтва за ўплыў у Сярэдняй Азіі, якое ў англасаксонскай традыцыі называецца «Вялікай Гульнёй».
У 1857 годзе ўзнялася паўстанне супраць брытанскай Ост-Індскай кампаніі, якое вядома ў Індыі як Першая вайна за незалежнасць ці Паўстанне сіпаеў. Аднак паўстанне было падушаны, і Брытанская імперыя устанавіла прамы адміністрацыйны кантроль амаль над усёй тэрыторыяй Паўднёвай Азіі.
У 1711 годзе Кампанія засноўвае гандлёвае прадстаўніцтва ў кітайскім Кантоне (кіт.: 广州 — Гуанчжоў) для закупак чаю. Спачатку чай куплялі на срэбра, затым у абмен на опіум, які вырошчвалі на індыйскіх (размешчаных галоўным чынам на тэрыторыі Бенгаліі) плантацыях Кампаніі.
Нягледзячы на забарону кітайскага ўрада на ўвоз опіуму ад 1799 года, кампанія працягвала ўвозіць опіум кантрабандай у аб'ёме каля 900 тон штогод. Аб'ём кітайскага гандлю Кампаніі саступаў толькі аб'ёмам гандлю з Індыяй. Напрыклад, агульны кошт канвою, накіраванага ў Англію ў 1804 годзе, у коштах таго часу дасягала 8 млн фунтаў стэрлінгаў. Паспяховая абарона гэтага канвою стала нагодай для нацыянальных урачыстасцяў.
Большасць грашовых сродкаў, для закупкі кітайскага чаю, было прыбыткам ад гандлю опіумам. Да 1838 года нелегальны ўвоз опіуму дасягнуў ужо 1400 тон штогод, і кітайскі ўрад увёў пакаранне смерцю за кантрабанду опіуму.
Знішчэнне кітайскім губернатарам партыі брытанскага кантрабанднага опіуму ў 1839 годзе прычынілася да пачатку брытанцамі ваенных дзеянняў супраць Кітая, якія перараслі ў Опіумную вайну (1839—1842).
З 1772 года генерал-губернатар Бенгальскага прэзідэнцтва Уорэн Гасцігс пачынае хуткае разгортванне войскаў Кампаніі. З-за таго, што сіпаі («воіны») Бенгаліі часта ваявалі супраць Вялікабрытаніі, у т.л. у бітве пры Плесі, яны трапляюць пад падазрэнне. Прадстаўнікі вышэйшых каст (раджпуты і брахманы) Авадха і Бенарэса набіраліся ў войска Вялікага Магола на працягу 200 гадоў, і Кампанія працягнула гэту практыку наступныя 75 гадоў, набіраючы з іх да 80 % Бенгальскага войска. Кампаніі прыйшлося адаптоўваць ваенную практыку да рэлігійных звычаяў. Салдаты абедалі ў асобных памяшканнях, войска прызнала індуісцкія рэлігійныя святы, заморская служба, якая разглядалася як зневажэнне вышэйшых каст, не патрабавалася.
На 1796 год войскі Кампаніі налічвалі 70 тыс. чал, у тым ліку 13 тыс. брытанскіх войскаў і 57 тыс. індыйскіх (24 тыс. у Бенгальскім прэзідэнцтве, 24 тыс. у Мадраскім, 9 тыс. у Бамбейскім). Разам з тым Бенгальскае войска выкарыстоўвалася за мяжой — на Яве і Цэйлоне, а таксама для дапамогі Мадраскаму войску падчас Першай англа-майсурскай войны. У параўнанні з салдатамі індыйскіх валадароў салдаты Кампаніі атрымлівалі больш высокае жалаванне. Больш дасканалая зброя і падтрымка флоту рабілі іх службу выгоднейшай.
У 1796 годзе пад уціскам Рады дырэктараў у Лондане войска было скарочана, аднак да 1806 года зноў павялічыліся, дасягнуўшы колькасці 158,5 тыс. чал. (24,5 тыс. брытанскіх і 134 тыс. індыйскіх войскаў).
Падмацаванне гэтых войскаў сталі «ірэгулярныя сілы», у 1846 годзе была набрана памежная брыгада на паўночным захадзе, у 1849 — панджабскія ірэгулярныя сілы, у 1854 годзе дадаліся ірэгулярныя фармаванні Нагпура (пасля яго анексіі), і пасля анексіі Авадха ў 1856 годзе — ірэгулярныя сілы Авадха.
У 1800 годзе нізам Хайдарабада абавязаўся забяспечваць сілы ў 9 тыс. чал. кавалерыі і 6 тыс. пяхоты пад камандаваннем афіцэраў Кампаніі, у 1856 годзе гэтыя войскі былі выведзены са складу войска нізама.
Падчас сіпайскага паўстання 1857 года Бенгальскае войска ўзбунтавалася амаль цалкам, рэгулярная і ірэгулярная. Мадраскае і Бамбейскае войска, а таксама войскі Хайдарабада засталіся лаяльнымі.
Для абароны сваіх гандлёвых суднаў Кампанія стварыла і падтрымлівала да 1877 года прыватны флот, які зваўся Флатылія Ост-Індскай кампаніі, затым Індыйскі флот Яе Вялікасці, Індская флатылія, і зноў Бамбейская флатылія, Індыйская флатылія Яе Вялікасці і Каралеўская Індыйская флатылія. Флот Кампаніі стаў папярэднікам Каралеўскага Індыйскага флоту.
Да пачатку брытанскай экспансіі ў Індыі існавала феадальная сістэма, якая сфарміравалася ў выніку мусульманскага заваявання XVI ст. (гл. Імперыя Вялікіх Маголаў). Землеўладальнікі — заміндары — збіралі феадальную рэнту, за іх дзейнасцю назірала рада («дыван»). Зямля лічылася ўласнасцю дзяржавы і магла быць адабрана ў заміндара.
Брытанская Ост-Індская Кампанія ўключылася ў гэту сістэму, атрымаўшы ў 1765 годзе дывані на права збору падаткаў у Бенгаліі. Неўзабаве высвятлілася, што ў брытанцаў бракуе дасведчаных адміністратараў, якія б разбіраліся ў мясцовых падатках і плацяжах, і збор падаткаў быў аддадзены на водкуп. Вынікам падатковай палітыкі Кампаніі стаў бенгальскі голад 1769—1770 гадоў, які ўзяў жыцці 7-10 мільёнаў чалавек (гэта значыць ад 1/4 да 1/3 насельніцтва Бенгальскага прэзідэнцтва).
У 1772 годзе пры генерал-губернатары Уорэне Гасцінгсе кампанія пачала збіраць падаткі сама, заснавала Бюро падаткаў з офісамі ў Калькуце і Патне, і перамясціла старыя падаткавыя запісы Вялікіх Маголаў з Муршыдабада ў Калькуту. У цэлым Кампанія наследавала дакаланіяльную падаткавую сістэму, пры якой асноўны падаткавы цяжар неслі земляробы.
У 1793 годзе новы генерал-губернатар лорд Карнуоліс заснаваў «пастаянныя паселішчы» (англ.: permanent settlement), зафіксаваў суму падаткаў пры перадачы права ўласнасці на зямлю заміндарам. На практыцы гэта прычынілася павелічэнню падаткаў, прычым у новай сістэме земляробы ніяк не маглі абараняць свае правы. Новымі ж землеўладальнікамі часцяком станавіліся брахманы і каястха (каста варны кшатрыяў), якія адначасова былі супрацоўнікамі Кампаніі.
Томас Манро, з 1820 года губернатар Мадраса, укараняў у Паўднёвай Індыі сістэму райятвары, пры якой зямля раздавалася проста сялянам. Стаўка падатку была паменшана з 1/2 да 1/3 збожжа, аднак разлічвалася зыходзячы не з рэальнага ўраджаю, а з патэнцыяльнай урадлівасці глебы, і ў некаторых выпадках падатак мог складаць больш 1/2 ураджаю.
Да атрымання ў 1765 годзе права збору падаткаў у Бенгаліі Кампаніі даводзілася імпартаваць золата і срэбра для аплаты індыйскіх тавараў. Падаткі Бенгаліі дазволілі спыніць гэты імпарт і фінансаваць войны Кампаніі ў іншых частках Індыі.
У перыяд 1760—1800 гадоў Індыя ператварылася з экспарцёра гатовых тавараў у экспарцёра сыравіны і пакупніка мануфактурнай прадукцыі. Экспартавалі неапрацаваную бавоўну, шоўк, індыга, опіум. З 1830 года пачалося масавы ўвоз у Індыю брытанскай тэкстыльнай прадукцыі. Грамадзянская вайна ў Амерыцы моцна ўплывала на Індыю; бавоўна з паўднёвых штатаў ЗША стала для Брытаніі недаступнай, таму попыт на індыйскую бавоўну моцна вырас, кошты павялічыліся ў чатыры разы. Многія фермеры пераключыліся на вырошчванне бавоўны, аднак па заканчэнні вайны ў ЗША ў 1865 годзе рынак абваліўся.
З 1800-х гадоў у Брытаніі рэзка павялічваецца попыт на чай з Кітая. Кампанія не магла адплачваць яго золатам і срэбрам, ні прапанаваць Кітаю еўрапейскія тавары, таму яна пачала экспарт опіуму, які меў у Кітаі шырокі падпольны рынак. У сярэдзіне XIX ст. опіум складаў да 40 % экспарту Індыі, а забарона на яго ўвоз у Кітай былі прычынай Першай опіумнай вайны.
Пасля свайго стварэння ў 1600 годзе Кампанія арганізавала лобі ў англійскім парламенце. Лобі трапіла пад ціск прадпрымальнікаў, якія збіраліся адкрыць уласныя гандлёвыя фірмы ў Індыі. У 1694 годзе была здзейснена дэрэгуляцыя, аднак, неўзабаве яе адменілі. У 1698 годзе заснавана паралельная кампанія («Англійская Кампанія, Гандлю з Ост-Індыямі»). Праз рознагалоссі, і ў Англіі, і ў Індыі, у 1708 годзе абедзве кампаніі зліліся. Назвай аб'яднанай кампаніі стала «Аб'яднаная кампанія купцоў Англіі, гандляроў з Ост-Індыямі». У абмен на працяг гандлёвых прывілеяў, аб'яднаная кампанія выплаціла казначэйству 3 млн 200 тыс. фунтаў стэрлінгаў.
У 1720 годзе 15 % брытанскага імпарту было з Індыі, практычна ўвесь гэты імпарт праходзіў праз Кампанію. Пад ціскам лабістаў Кампаніі, яе эксклюзіўныя прывілеі працягваліся ў 1712 і 1730 гадах — да 1766 года.
Неўзабаве пагаршаюцца англа-французскія адносіны. Сутыкненне дзяржаў прыводзяць да рэзкага павелічэння дзяржаўных выдаткаў. Ужо ў 1742 годзе прывілеі Кампаніі працягваюцца ўрадам да 1783 года ўзамен пазыкі ў 1 млн фунтаў стэрлінгаў.
Сямігадовая вайна (1756—1763) скончылася паразай Францыі, якая захавала толькі маленькія анклавы ў Пандышэры, Мейхе, Карыкале і Чадэрнагары без якой-небудзь ваеннай прысутнасці. У той жа час Брытанія пачынае сваю бурную экспансію ў Індыі. Выдаткі на захоп Бенгаліі і голад, які знішчыў ад чвэрці да траціны насельніцтва, выклікалі сур'ёзныя фінансавыя цяжкасці Кампаніі, якія былі ўзмоцнены эканамічнай стагнацыяй у Еўропе. Рада Дырэктараў паспрабавала пазбегнуць банкруцтва, звярнулася да парламента за фінансавай дапамогай. У 1773 годзе Кампанія атрымала больш аўтаноміі ў сваіх гандлёвых аперацыях у Індыі, і пачала гандаль з Амерыкай. Манапалістычная дзейнасць Кампаніі прычынілася Бостанскаму чаяпіццю, якое было пачаткам амерыканскай вайны за незалежнасць.
Да 1813 года Кампанія захапіла кантроль над усёй Індыяй, выключаючы Пенджаб, Сінд і Непал. Мясцовыя князі сталі васаламі Кампаніі. Выкліканыя гэтым выдаткі вымусілі звярнуцца да парламента з петыцыяй пра дапамогу. У выніку была адменена манаполія, не лічачы гандаль чаем і гандаль з Кітаем. У 1833 годзе рэшткі гандлёвай манаполіі былі знішчаны.
У 1845 годзе галандская калонія Транкебар была прададзена Брытаніі. Кампанія пачынае пашыраць свой уплыў на Кітай, Філіпіны і Яву. Церпячы недахоп сродкаў для закупак чаю ў Кітаі, Кампанія пачынае масавае вырошчванне ў Індыі опіуму для экспарту ў Кітай.
Пасля Індыйскага нацыянальнага паўстання у 1857 годзе англійскім парламентам быў прыняты Акт пра лепшае кіраванне Індыяй, паводле якога кампанія з 1858 года перадае свае адміністрацыйныя функцыі брытанскай кароне. У 1874 годзе Кампанія ліквідуецца.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.