From Wikipedia, the free encyclopedia
Караль (таксама Караль-Супе) — руіны вялікага старажытнага паселішча ў даліне ракі Супе на тэрыторыі перуанскай правінцыі Баранка. Знаходзіцца прыкладна ў 150 км на паўночны ўсход ад Лімы. Адносіцца да культуры Нортэ-Чыка і лічыцца найстаражытнейшым вядомым горадам Амерыкі і найбольш вывучаным паселішчам названай цывілізацыі[1].
Свяшчэнны горад Караль-Супе* | |
---|---|
Sacred City of Caral-Supe** | |
Сусветная спадчына ЮНЕСКА | |
Краіна | Перу |
Тып | Культурны |
Крытэрыі | ii, iii, iv |
Спасылка | 1269 |
Рэгіён*** | Паўднёвая Амерыка і Карыбскія астравы |
Гісторыя ўключэння | |
Уключэнне | 2009 (33 сесія) |
* Міжнародная канвенцыя «ЮНЕСКА» ** Назва ў афіцыйным англ. спісе *** Рэгіён па класіфікацыі ЮНЕСКА |
28 чэрвеня 2009 года занесены ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны як выключна добра захаваны прыклад архітэктуры і гарадскога планавання старажытнай перуанскай цывілізацыі позняга архаічнага перыяду[2].
Караль быў заселены ў перыяд прыблізна з 2600 па 2000 год да н. э. і займаў плошчу больш чым 60 га. Навукоўцы, якія працавалі на раскопках, разглядалі паселішча як найстарэйшы гарадскі цэнтр у Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, што пасля, па меры выяўлення ў дадзеным рэгіёне іншых старажытных паселішчаў, было пастаўлена пад сумненне.
Даліна ракі Супе цягнецца ва ўсходнім напрамку ад узбярэжжа Ціхага акіяна да Андаў. На працягу многіх гадоў найбольш вядомым археалагічным месцам у рэгіёне быў горад Аспера, размешчаны блізка да ўзбярэжжа. Датаванне Аспера была праведзена ў 1970-х гадах, і ён быў аднесены да трэцяга тысячагоддзя да н. э. З моманту адкрыцця археолагамі Караля ў 1949 годзе да 2001 года яго ўзрост заставаўся загадкай. Караль з'яўляецца адным з 18 археалагічных месцаў у гэтай даліне (на плошчы 90 км²)[3], дзе былі знойдзены рэшткі манументальнай архітэктуры, г.зн. будынкі, большыя за жытло; усе яны маюць значнае падабенства з Каралем і ўтрымліваюць невялікія платформы або каменныя кругі. Звычайна падобныя структуры адносіліся да цывілізацый пасля 1500 года да н. э., аднак у 2001 годзе метадамі радыевугляроднага аналізу трысняговых валокнаў з плеценых сумак, знойдзеных пры раскопках, было даказана, што горад існаваў прыблізна ў перыяд паміж 2600 і 2000 гадамі да н. э.[4] Тым не менш узрост найстарэйшых археалагічных знаходак яшчэ з дакладнасцю не ўстаноўлены, таму на справе горад можа аказацца яшчэ старэйшым[5]. Агульная колькасць насельніцтва даліны Супе ў часы існавання Караля магло дасягаць 20000 чалавек.
Караль размешчаны на пустыннай тэрасе над зялёнай далінай ракі Супе ў 23 км ад узбярэжжа і займае плошчу больш чым 66 га[2]. Меў насельніцтва, паводле ацэнак, каля 3000 чалавек[6]. Даследаванні і раскопкі на тэрыторыі старажытнага горада вядуцца з пачатку XX стагоддзя і працягваюцца дагэтуль[7]. Шырокі комплекс будынкаў уключае ў сябе 6 пірамід, якія стаяць вакол плошчы, рэшткі амфітэатра і жылыя раёны эліты. Гарадскі комплекс Караля мае плошчу 607 000 м² і ўключае ў сябе плошчы і жылыя будынкі. У Каралі знаходзяцца найбуйнейшыя будынкі сярод гарадоў даліны, такія як Пірамідэ-Маёр — будынак на платформе плошчай амаль з чатыры футбольныя полі і вышынёй у 18 м[4]. Караль быў вялікім мегаполісам прыблізна ў тую ж эпоху, калі былі ўзведзены найбуйнейшыя егіпецкія піраміды; лічыцца, што Караль стаў свайго роду «мадэллю» гарадскога дызайну для ўсіх наступных андскіх цывілізацый, а яго вывучэнне можа даць адказы на мноства пытанняў, звязаных з заснаваннем і развіццём першых андскіх гарадоў.
Жыхары Караля з дапамогай ірыгацыі вырошчвалі розныя культуры, сярод якіх, праўда, не было злакаў. Аб'ём планавання і работ, неабходны для стварэння ірыгацыйных сістэм і горада, паказвае, што Караль быў дзяржавай з моцным урадам[4]. Цікава, што ў Каралі не было выяўлена зброі або абарончых збудаванняў, што можа паказваць на адсутнасць войнаў.
У 1905 годзе археолаг Макс Уле даследаваў старажытны горад Аспера, размешчаны бліжэй да ўзбярэжжа, прыкладна ў 23 км ад Караля. Хуліа Тэлья праводзіў раскопкі там жа ў 1937 годзе, аднак няма дакладных доказаў таго, што хто-небудзь з іх наведваў руіны Караля. У сувязі з гэтым датай яго адкрыцця лічыцца 1949 год, калі Караль быў выяўлены амерыканскім падарожнікам Паўлам Косакам і археолагам Рычардам Шэдэлем. У 1975 годзе руіны наведаў перуанскі архітэктар Карлас Уільямс, які праводзіў там даследаванні старажытнай архітэктуры і па выніках сваёй працы апублікаваў кнігу і некалькі артыкулаў. У 1979 годзе ў Каралі працаваў французскі археолаг Фрэдэрык Эндэль, які выказаў здагадку, што Караль быў пабудаваны да 1800 года да н.э. У 1994 і 1996 гадах раскопкі ў Каралі праводзіла археолаг Рут Шэйдзі.
Сярод археалагічных знаходак на яго тэрыторыі адсутнічаюць узоры зброі ці элементы фартыфікацыйных збудаванняў, затое выяўленыя кіпу і старажытныя музычныя інструменты: 32 флейты з касцей пеліканаў і кондараў, а таксама 37 ражкоў з касцей аленяў і лам[3]. На тэрыторыі Караля таксама былі знойдзены вялікія плеценыя сумкі, з дапамогай якіх, як мяркуецца, перацягваліся камяні для будаўніцтва пірамід, і магіла дзіцяці з каралямі з каменных пацерак. Адносна кіпу ў навуковым асяроддзі да гэтага часу вядуцца спрэчкі, ці сапраўды знойдзеныя ў Каралі артэфакты з'яўляюцца імі, але калі гэта так, то будзе даказана намнога ранейшае існаванне гэтага вузлавога пісьма, чым лічылася раней.
Знойдзеныя ў Каралі артэфакты дазваляюць зрабіць вывады, што мясцовыя жыхары ўжывалі ў ежу авакада, зялёныя бабы, гарбуз, салодкую бульбу, чырвоны перац, кукурузу, а таксама марскую рыбу, якую атрымлівалі, верагодна, у выніку гандлёвых адносін[7]. Яны таксама, як мяркуецца, вырошчвалі бавоўнік і, магчыма, ужывалі коку.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.