Сацыялісты́чная Саве́цкая Рэспу́бліка Белару́сі (скарочана ССРБ), Белару́ская Сацыялісты́чная Саве́цкая Рэспу́бліка (скарочана БССР) — дзяржаўнае ўтварэнне, якое існавала ў студзені-лютым 1919 года пад кантролем расійскага бальшавіцкага ўрада.
Хуткія факты Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі, Сталіца ...
Гістарычная дзяржава
Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі
Герб
Сцяг
Карта Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі ў абвешчаных межах
Уздым нацыянальна-вызваленчага руху на Беларусі, абвяшчэнне 25 сакавіка 1918 года незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) і дзейнасць яе кіруючых органаў падштурхнулі бальшавіцкі ўрад у Маскве да фармальнага прызнання права беларускага народа на самавызначэнне і нацыянальную дзяржаўнасць.
Па пытанні самавызначэння Беларусі сярод партыйных і савецкіх работнікаў не было адзінага меркавання. А. Чарвякоў, З. Жылуновіч і іншыя лідары выступалі за стварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і ўваходжанне яе ў склад РСФСР на правах аўтаноміі. Кіраўнікі Паўночна-Заходняга абкама РКП(б) і Заходняй вобласці А. Мяснікоў, В. Кнорын, М. Калмановіч, К. Ландэр і іншыя не прызнавалі існавання беларускага этнасу, і ажыццяўлення права нацыі на самавызначэнне ва ўмовах набліжэння, як ім здавалася, сусветнай рэвалюцыі таксама не прызнавалі.
Пасля заканчэння германскай акупацыі Беларусі ў канцы 1918 і заняцця яе тэрыторыі Чырвонай Арміяй узнікла неабходнасць тэрміновага стварэння на гэтых землях савецкай дзяржаўнасці. Ліквідаваўшы войскамі Чырвонай Арміі БНР, у снежні 1918 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне пра стварэнне беларускай савецкай рэспублікі.
22 студзеня 1919 года спецыяльна прысланы ў Мінск эмісар ЦК РКП(б) А. Іофэ аб’явіў рашэнне ЦК РКП(б) адносна трох беларускіх губерняў.
31 студзеня 1919 года ССРБ выйшла са складу РСФСР — урад Савецкай Расіі прыняў пастанову «Аб прызнанні незалежнасці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі». Пры гэтым усходнебеларускія землі засталіся ў складзе РСФСР.
Існаванню беларускай дзяржаўнасці працівіліся прыхільнікі ідэі ўнітарнай камуністычнай Расіі, як у Маскве, гэтак і на месцах.
На Першым Усебеларускім з’ездзе Саветаў, які адбыўся ў Мінску 2-3 лютага 1919, была прынята Канстытуцыя ССРБ, выбраны Цэнтральны выканаўчы камітэт БССР, з’езд пацвердзіў адрыў ад ССРБ тэрыторый Смаленскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў, якія засталіся ў складзе РСФСР. Старшыня ВЦВК Я. Свярдлоў, што прыбыў на з'езд, абвясціў пастанову Прэзідыума УЦВК «Аб прызнанні незалежнасці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі», а таксама патрабаваў аб’яднання Беларусі з савецкім урадам Паўднёвай Літвы, каб «засцерагчы гэтыя рэспублікі ад небяспекі праяўлення ў іх нацыяналістычных імкненняў». Усебеларускі з’езд Саветаў прыняў і гэта патрабаванне.
Гісторык Сяргей Траццяк адзначыў, што, магчыма, БССР дазволілі ўтварыцца менавіта як буфернай краіне — той зямлі, якой расійскія ўлады ў выпадку геапалітычных канфліктаў змогуць ахвяраваць[1].
ССРБ як дзяржаўнае ўтварэнне праіснавала не больш за месяц. Невялікі час гісторыя адвяла і адзінай Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. Ужо вясной 1919 года яе тэрыторыю захапілі легіёны «начальніка дзяржавы Польскай» Ю. Пілсудскага. Пасля іх выгнання 31 ліпеня 1920 года ў Мінску адбылося па сутнасці другое абвяшчэнне ССРБ на прынцыпах Маніфеста студзеня 1919 года. Толькі цяпер яна працягвала адлік гісторыі ва «ўрэзаным стане». Спатрэбіўся значны час, каб вярнуць у склад Беларусі тэрыторыі, страчаныя ў час грамадзянскай вайны, ваеннай інтэрвенцыі 1918—1920 гадоў і польскай акупацыі.