From Wikipedia, the free encyclopedia
Свята-Раства-Багародзіцкая царква — царква ў гонар Раства Прасвятой Багародзіцы ў в. Вавулічы, Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці.
Праваслаўны храм | |
Свята-Раства-Багародзіцкая царква | |
---|---|
52°13′09,78″ пн. ш. 25°21′32,70″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Вавулічы |
Канфесія | Праваслаўе |
Епархія | Пінская і Лунінецкая епархія |
Архітэктурны стыль | Заходнепалеская школа дойлідства |
Будаўніцтва | 1737 |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Г000189 |
Стан | працуе |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Пабудавана ў 1737 годзе ў баку ад плошчы, на перакрыжаванні асноўных вуліц вёскі. На абгароджаным участку адвольнай формы царква стварае ансамбль з брамай і званіцай. Перабудавана ў 1845 годзе[1].
Занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.
Помнік народнага драўлянага дойлідства. Кампазіцыя будынка складаецца з прамавугольнага ў плане зруба і падоўжнага пяціграннага прыруба апсіды, агульны двухсхільны дах над якой пераходзіць у гранёна-пірамідальны. Кроквенная страха стварае трохвугольныя застрэшкі ў месцы злучэння зрубаў, гонтавы дах пластычна выгнуты. Гэта ўзбагачае святлоценявую пластыку архітэктуры. Вільчык даху па цэнтры завершаны васьмігранным барабанам з цыбулепадобнай галоўкай. З усходняга боку да апсіды прырублена рызніца пад пакатым пакрыццём.
Галоўны паўднёвы фасад завершаны трохвугольным франтонам з шырокім, пакрытым гонтам адлівам ламанага профілю. Да галоўнага фасада далучаны нізкі ашаляваны прытвор каркаснай канструкцыі. Сцены ашаляваны вертыкальна дошкамі з нашчыльнікамі, арытмічна забраны лапаткамі, расчлянёны высока ўзнятымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі.
Унутраная прастора мае бэлечнае перакрыцце. Лапаткі на іх адпавядаюць знадворным. Драўляны іканастас, выкананы ў 1830-я гг., уключаў у сябе саламяныя царскія вароты, якія зараз захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь і абраз 18-19 стст. «Раство Багародзіцы». Новы іканастас быў спраектаваны брэсцкім архітэктарам Мсціславам Барташэўскім 13 снежня 1870 года[2].
Асобна размешчана двух’ярусная званіца. Першы ярус ашаляваны, як і царква, завяршаецца карнізам з вялікім вынасам і адлівам над ім. Другі скразны ярус па вышыні і шырыні роўны першаму, у ніжняй частцы гарызантальна ашаляваны. Званіца накрыта пакатым чатырохсхільным гонтавым дахам з прагібам над кансолямі бэлек. Невялічкая брама таксама мае двухсхільны гонтавы адліў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.