Шанхай Мастэрс 2013 (снукер)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Шанха́й Ма́стэрс 2013 (англ.: Shanghai Masters 2013, таксама вядомы як Bank of Communications Shanghai Masters 2013 — ад назвы спонсара) — прафесійны рэйтынгавы турнір па снукеры, які праходзіў з 16 па 22 верасня 2013 года на шанхайскай гранд-сцэне, у Шанхаі, Кітай. Турнір стаў сёмым розыгрышам Шанхай Мастэрс, які быў заснаваны ў 2007 годзе. Bank of Communications у трэці раз запар спансіраваў Шанхай Мастэрс. Прызавы фонд турніру склаў £425,000 (на £15,000 больш, чым у мінулым годзе), з якіх £80,000 атрымаў пераможца (на £5,000 больш, чым у мінулым годзе).
Шанхай Мастэрс 2013 | |
Сезон | 2013/2014 |
---|---|
Тэрміны | 16 — 22 верасня 2013 |
Арэна | Шанхайская гранд-сцэна |
Горад | Шанхай |
Краіна | Кітай |
Арганізацыя | WPBSA |
Спонсар | Bank of Communications |
Фармат | Рэйтынгавы турнір |
Агульны прызавы фонд | £425,000 |
Прызавыя пераможцы | £80,000 |
Мінулы чэмпіён | Джон Хігінс |
Фінал | |
Пераможца | Дзін Цзюньхуэй |
Фіналіст | Сяа Гадун |
Лік | 10:6 |
Статыстыка турніру | |
Колькасць удзельнікаў | 40 (+96) |
Колькасць матчаў | 39 (+94) |
Колькасць фрэймаў | 300 (+697) |
Колькасць соценных серый | 27 (+18) |
Найвышэйшая серыя | 140 (Бары Хокінс) (кваліфікацыя: 137 (Джэймі Бёрнэт)) |
←2012 ● Шанхай Мастэрс ● 2014→ | |
Снукерны сезон 2013/2014 | |
←Чэмпіянат свету па снукеры з 6-цю чырвонымі шарамі |
Адкрыты чэмпіянат Чжанцзягана→ |
Турнір уключаў у сябе чатыры кваліфікацыйныя раўнды, якія праходзілі на працягу чатырох дзён з 7 па 10 жніўня 2013 года ў забаўляльным цэнтры «Doncaster Dome» у Данкастэры, Англія, і ў якіх гулялі 112 удзельнікаў (105 прафесіянальных снукерыстаў і 7 аматараў). 16 пераможцаў апошняга кваліфікацыйнага раўнда трапілі ў асноўную стадыю, дзе да іх далучыліся 16 першых сеяных ігракоў і 8 уладальнікаў уайлдкард, якія гулялі ў папярэднім раўндзе супраць васьмярых ігракоў, якія прайшлі кваліфікацыю. Пасля гэтага, 32 снукерысты гулялі на выбыванне, пачынаючы з 1/16 фіналу. У ўайлдкард раўндзе і першых двух раўндах асноўнай сетцы на шанхайскай гранд-сцэне выкарыстоўвалася чатыры гульнявыя сталы, у чвэрцьфіналах — два, а ў паўфіналах і фінале — адзін.
Леташні фіналіст турніру Джад Трамп быў разгромлены Майклам Холтам у першым раўндзе з лікам 5:1. Джон Хігінс, пераможца Шанхай Мастэрс 2012, прайграў Марку Дэвісу ў другім раўндзе першынства. Кайрэн Уілсан, які займаў 100-е месца ў сусветным рэйтынгу перад турнірам, упершыню патрапіў у асноўную стадыю рэйтынгавага спаборніцтва і здолеў дайсці да чвэрцьфіналу, перайграўшы Сцюарта Бінэма ў 1/16 фіналу (5:1) і Марка Фу ў 1/8 фіналу (5:3). Сяа Гадун і Майкл Холт, якія да гэтага ніколі не праходзілі далей чвэрцьфіналаў на рэйтынгавых турнірах, сустрэліся ў 1/2 фіналу Шанхай Мастэрс 2013, дзе кітайскі снукерыст перамог з лікам 6:3. Другім фіналістам стаў яго суайчыннік Дзін Цзюньхуэй, які ў чвэрцьфінале перамог лідара афіцыйнага рэйтынгу Ніла Робертсана з Аўстраліі (5:2). Такім чынам, фінал Шанхай Мастэрс 2013 стаў першым выпадкам у гісторыі снукеру, калі ў вырашальным паядынку турніру рэйтынгавага ўзроўню сустрэліся два кітайскія снукерысты. Найвышэйшую серыю ў асноўнай стадыі турніру, 140 ачкоў, зрабіў Бары Хокінс у чвэрцьфінальным матчы супраць 2-га нумара рэйтынгу Марка Сэлбі.
Пераможцам турніру стаў Дзін Цзюньхуэй, які перайграў на сваім шляху да тытула Дэвіда Гілберта (5:2), Шона Мёрфі (5:4), лідара сусветнага рэйтынгу Ніла Робертсана (5:2), Бары Хокінса (6:2), і свайго суайчынніка Сяа Гадуна ў фінальным паядынку (10:6). Гэтая перамога стала трынаццатым прафесійным і сёмым рэйтынгавым тытулам у кар'еры кітайца, а таксама другім спаборніцтвам рэйтынгавага ўзроўню, выйграным Дзінам за паўгода (у сакавіку 2013 года ён выйграў Гранд-фінал PTC). Апроч таго, перамога на Шанхай Мастэрс паспрыяла ўздыму кітайскага снукерыста ў рэйтынгу на пяць пазіцый (з дванаццатай на сёмую).