Беларуская чыгунка — дзяржаўны апэратар чыгуначных лініяў у Беларусі; дзяржаўнае беларускае аб’яднаньне, падпарадкаванае Міністэрству транспарту і камунікацыяў Рэспублікі Беларусь, у склад якога ўключана 84 арганізацыі і 3 прадстаўніцтвы.
Беларуская чыгунка | |
Абрэвіятура | БЧ |
---|---|
Дата ўтварэньня | 1991 год |
Юрыдычны статус | дзяржаўнае аб’яднаньне |
Мэта | забесьпячэньне чыгуначных перавозак |
Штаб-кватэра | Ленінскі раён, вул. Леніна, д. 17[1] |
Месцазнаходжаньне | Менск |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Беларусь |
Афіцыйныя мовы | беларуская, расейская |
Начальнік | Уладзімер Марозаў |
1-ы намесьнік | Пётар Дулуб |
Галоўны інжынэр | Валер Шубадзёраў |
Намесьнікі | Пётар Стоцкі, Андрэй Якабсон, Сяргей Сізін |
Асноўныя асобы | Ільля Лешчанка, Уладзімер Салаўёў[2] |
Кіроўны орган | Управа |
Матчына кампанія | Міністэрства транспарту і камунікацыяў Рэспублікі Беларусь |
Зьвязаныя кампаніі | «Белтрансаўтаматыка», «Белчыгунзаб», «Белчыгунпраект», Гомельскі вагонарамонтны завод |
Сайт | rw.by |
Начальнік чыгункі прызначаецца прэзыдэнтам, ягоныя намесьнікі ды галоўны інжынэр — урадам. З 2012 г. пасаду начальніка займае Ўладзімер Марозаў. У 2013 г. Беларуская чыгунка ажыцьцявіла 68% грузавых і 38% пасажырскіх перавозак у краіне. Агульная працягласьць галоўных шляхаў БЧ складала больш за 7 тыс. км, электрыфікаваных лініяў — больш за 899 км [3]. На 1 студзеня 2012 году мела ў валоданьні 1691 пасажырскі вагон і 28 643 грузавых вагоны. Сярод грузавых вагонаў было 7027 цыстэрнаў (25%), 6914 паўвагоны (23%), 4617 крытых (16%), 2914 плятформы (10%) і 7171 іншых відаў[4].
Управа
На 2021 год Управа Беларускай чыгункі налічвала 29 службаў і аддзелаў:
- 26 службаў — 1) агульнатэхнічную, 2) арганізацыі і плянаваньня капітальнага будаўніцтва, 3) арганізацыі працы і заробкаў, 4) арганізацыйна-кадравай працы, 5) аховы працы і прамысловай бясьпекі, 6) бухгальтарскага ўліку і мэтадалёгіі, 7) бясьпекі руху цягнікоў, 8) вагоннай гаспадаркі, 9) вонкавых сувязяў, 10) грамадзянскіх збудаваньняў, 11) грузавой працы і вонкаваэканамічнай дзейнасьці, 12) інфармацыйных тэхналёгіяў, 13) кантрольна-рэвізійную, 14) кіраваньня дзяржаўнай маёмасьцю, лякаматыўнай гаспадаркі, 15) пасажырскую, 16) перавозак, 17) прамысловага забесьпячэньня, 18) справаводзтва і кантролю выкананьня, 19) стандартызацыі, мэтралёгіі, сэртыфікацыі і кіраваньня якасьцю, 20) статыстыкі, 21) сыгналізацыі і сувязі, 22) тэхнічнай палітыкі і інвэстыцыяў, 23) фінансава-эканамічную, 24) шляху, 25) электрыфікацыі і электразабесьпячэньня, 26) юрыдычную;
- 3 аддзелы — 1) арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасьці, гандлю і грамадзкага харчаваньня 2) ідэалёгіі і сацыяльна-культурнай працы, 3) рэжыму[5].
Падпарадкаваныя ўстановы
У склад дзяржаўнага аб’яднаньня ўваходзяць:
- 6 аддзяленьняў — Баранавіцкае (Берасьцейская вобласьць), Берасьцейскае, Віцебскае, Гомельскае, Магілёўскае ды Менскае;
- прадпрыемствы — «Белінтэртранс», «Белтрансаўтаматыка», «Белчыгунзаб», «Белчыгунпраект», Гомельскі вагонарамонтны завод, «Гомельчыгунтранс», «Дарвадаканал»;
- саўгас «Рачковічы» (вёска Лядна, Слуцкі раён, Менская вобласьць);
- Аршанскі (Віцебская вобласьць), Берасьцейскі ды Гомельскі каледжы чыгуначнага транспарту;
- разьліковы інфармацыйны цэнтар, лекарска-санітарная служба, цэнтральная ды дарожная стаматалягічная паліклінікі, дарожная аптэка;
- 7 шляхавых машынных станцыяў — № 71 (мястэчка Пятрышкі, Менскі раён), № 78 (Ворша), досьледная № 115 (Баранавічы), № 116 (пасёлак Іпуць, Гомельскі раён), № 117 (горад Жлобін, Гомельская вобласьць), № 118 (Віцебск), №289 (Берасьце).
Задачы
Паводле Статуту задачамі Беларускай чыгункі ёсьць:
- забесьпячэньне бясьпекі руху цягнікоў;
- павышэньне якасьці абслугоўваньня пасажыраў;
- разьвіцьцё сродкаў чыгункі;
- утрыманьне ў спраўным стане збудаваньняў і прыладаў чыгункі;
- ахова навакольнага асяродзьдзя ад забруджваньня чыгункай;
- забесьпячэньне боегатоўнасьці чыгункі.
Паўнамоцтвы
Сярод паўнамоцтваў Беларускай чыгункі:
- вызначэньне чыгуначных перавозак;
- пералічэньне прыбытку ў дзяржаўны каштарыс;
- запазычваньне ў банкаў ды выпуск каштоўных папераў;
- складаньне прапановаў у Міністэрства транспарту і камунікацыяў;
- вызначэньне сваёй будовы, колькасьці ды ўмоваў аплаты працы супрацоўнікаў;
- вядзеньне адзінага разьліку з урадам ды выканаўцамі паслугаў;
- узгадненьне вонкавагаспадарчай дзейнасьці падпарадкаваных установаў[6].
Тэхнічныя характарыстыкі
Эксплюатацыйная даўжыня чыгункі складае 5491,1 км, зь іх электрафікаваных — 1012,3 км (па стане на 1 студзеня 2015 году). Шляхавая гаспадарка Беларускай чыгункі складае каля 12 тыс. км чыгуначных шляхоў, зь якіх 7,2 тыс. км — галоўныя шляхі, 12,5 тыс. — стрэлачныя пераводы, 1902 — масты й шляхаправоды, 1803 — чыгуначныя пераезды.
Сярэднегадавы аб’ём перавозкі пасажыраў складае 90 млн чалавек.[7]
Мінуўшчына
27 лістапада 1996 году ўзнагароджана Ганаровай граматай Кабінэту міністраў Рэспублікі Беларусь[8].
25 лютага 2021 году 1-ы намесьнік начальніка «Беларускай чыгункі» Ігар Шылаў падпісаў Загад аб тыпавых тэкстах інфармаваньня пасажыраў на вакзалах, станцыях і прыпынках. Паводле Загаду, кіраўнікі аддзяленьняў чыгункі зь 1 красавіка зацьвердзілі тэксты абвестак, якія пачалі рабіць па-беларуску і ў цягніках міжрэгіянальных лініяў. Пагатоў, на прыпынках і станцыях сталі абвяшчаць інфармацыю толькі па-беларуску[9].
У сакавіку 2022 году ўрад Украіны арыштаваў 5000 вагонаў Беларускай чыгункі ва ўмовах ваеннага становішча ў выніку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Кожны вагон каштаваў каля 80 000 даляраў, таму агульны кошт арыштаваных вагонаў склаў каля 400 млн даляраў[10].
20 кастрычніка 2022 году Беларуская чыгунка паведаміла пра ўкараненьне білетадрукавальных машынаў пры афармленьні праязных дакумэнтаў на цягнікі міжрэгіянальных лініяў і рэгіянальных лініяў бізнэс-клясы з нумараванымі месцамі. Білет сталі друкаваць на тэрмапаперы з 2-вымерным кодам і асабістым шыфрам сродкаў кантролю падатковых органаў (СКПО). Пры гэтым, на жаданьне паяжджаніна ўзьнікла магчымасьць аформіць білет на беларускай мове. Укараненьне новых білетаў пачалі з вакзалаў на станцыях Асіпавічы і Берасьце, Магілёў і Пінск, якія мелі ўстойлівы канал сувязі з цэнтралізаванай сыстэмай продажаў[11].
Беларуская чыгунка трапіла ў санкцыйныя сьпісы Канады (лістапад 2022 году) і Украіны (студзень 2023 году)[12]. Канада (лістапад 2022 году), Эўрапейскі Зьвяз ды Швайцарыя (чэрвень 2023 году), Украіна (лістапад 2023 году), а таксама Аўстралія (люты 2024 году) абвясьцілі аб санкцыях супраць начальніка БЧ Уладзімера Марозава[13].
Глядзіце таксама
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.