From Wikipedia, the free encyclopedia
Лянтарня, Лянтэрня — гістарычная мясцовасьць Хвойнікаў, разьмешчаная ў паўночна-ўсходняй частцы места.
Лянтарня | |
трансьліт. Lantarnia | |
Дата заснаваньня: | перад 1794 годам |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Хвойніцкі |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2346 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°53′51″ пд. ш. 29°59′33″ з. д. |
± Лянтарня |
Юзаф Антоні (Апалінары) Рольле, знаёмы з уласнаручнымі запісамі Караля Прозара, паведаміў, што ў ліпені 1794 году абозны хаваўся ад перасьледу расейцаў на ўскрайку пушчы ў лесьнічоўцы, называнай мясцовымі жыхарамі latarnią. А як гэта зусім блізка ад Хвойнікаў, дык хутка месца яго сховішча наведаў паліцэйскі камісар (або «жаўнеры» М. Дубецкага са спасылкай на Зофію Аскерчанку) і сыну сэнатара Рэчы Паспалітай, заросламу, апранутаму па-сялянску ў сярмягу ды лапці, але са стрэльбай за плячом, як пасьля ў больш людных месцах зь пісталетамі пад сярмягай, давялося тэрмінова ратавацца[1].
З шляхецкай рэвізіі 1811 году вынікае, што на той час гэта ўжо не лесьнічоўка, а фальварак Linterny, арандаваны ў абозных Прозараў ротмістрам Берасьцейскага павету Ваўжынцом Балашэвічам[lower-alpha 1]. Да яго належала хвойніцкая вёска Забалаць, што налічвала 61 душу прыгонных сялянаў[3]. 15 сакавіка 1835 году, паводле мэтрычнага запісу ў кнігах Мікуліцкай Багаяўленскай царквы, у «жителя деревни Линтерни», шляхціча-арандатара каталіка Ігнацыя Стравінскага і яго праваслаўнай жонкі, былой прыгоннай сялянкі графа Ракіцкага, Аляксандры (у дакумэнце Елізаветы), нарадзіўся сын Аляксандар[4], будучы ўдзельнік расейска-турэцкай вайны 1877 – 1878 гадоў, пазьней гэнэрал-маёр, старэйшы брат Хведара, будучага знакамітага артыста Марыінскага тэатру ў расейскім Пецярбургу, дзядзька Ігара Стравінскага, сусьветнавядомага кампазытара[5]. Згодна з аднадворскімі рэвізіямі 1845 і 1858 гадоў, у фальварку Лянтэрнях паноў Прозараў жыў Вікенці, сын Марціна, Стэфановіч[6]. На «Военно-топографической карте Российской империи 1846 – 1863 гг.», складзенай пад кіраўніцтвам Ф. Ф. Шубэрта і П. А. Тучкова, назва паселішча па-расейску пададзена са слоў тутэйшых інфарматараў як Лянтарня. Згаданы фальварак Лянтэрня на пляне мястэчка Хвойнікі 1864 году і ў датаваным 2 лістапада 1887 году дакумэнце аб продажы Канстанцінам Прозарам абцяжаранага даўгамі маёнтку Хвойнікі расейскім купцам з Арлоўскай губэрні, карачаўскаму Міхаілу Пятровічу Аўраамаву і трубчэўскаму Гаўрылу Сямёнавічу Курындзіну[7].
На 1909 год маецца зьвестка пра аднадворны хутар Лянтэрня з 28 жыхарамі, разьмешчаны ў Хвойніцкай воласьці за 1 вярсту ад яе цэнтру[8].
9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана была часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Лянтарня і Хвойнікі, аднак, апынуліся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка – у Мазыры. Ад 18 траўня тут дзейнічала "варта Украінскай Дзяржавы"[9]. 1 студзеня 1919 году, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Хвойнікі ўвайшлі ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня Масква адабрала іх разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. 8 сьнежня 1926 году Лянтарню з Хвойнікамі вярнулі БССР.
Пры канцы 1920-х гадоў савецкія ўлады перайменавалі пасёлак Лянтарню ў Чырвоную Ніву. У запісцы пад назвай «Сведения о польских населённых пунктах Гомельского округа», пазначанай 1929 годам, згаданая і Чырвоная Ніва, у якой налічвалася 12 каталіцкіх альбо «польскіх» сем'яў[10]. Паводле Яўгена Рапановіча, да 1930 году паселішча (сядзіба) мела назву Ліхтэрня[11], што, аднак, ня мае пацьверджаньня ў даступных крыніцах[lower-alpha 3].
У 1989 годзе, пасьля далучэньня былой Лянтарні да места Хвойнікі, афіцыйную савецкую назву пераняла вуліца – Чырвонаніўская.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.