Інстытут цепла- і масаабмену
Дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заснаваная ў верасьні 1952 году пад назвай Інстытут энэргетыкі. From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Інстытут цепла- і масаабмену імя Аляксея Лыкава (анг. Heat and Mass Transfer Institute) — дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заснаваная ў верасьні 1952 году пад назвай Інстытут энэргетыкі.
На 2018 год ІЦМА ажыцьцяўляў набор ў асьпірантуру па 4 спэцыяльнасьцях: 1) мэханіка газу, вадкасьці і плязмы; 2) цеплафізыка і тэарэтычная цеплатэхніка; 3) хімічная фізыка, гарэньне і выбух, фізыка скрайніх станаў рэчыва; 4) прамысловая цеплаэнэргетыка. У дактарантуру набіралі па 2 спэцыяльнасьцях: 1) цеплафізыка і тэарэтычная цеплатэхніка; 2) прамысловая цеплаэнэргетыка. Інстытут ажыцьцяўляў: 1) распрацоўку энэргаашчадных прыладаў цеплаабмену; 2) распрацоўку абсталяваньня на плязьменных тэхналёгіях; 3) выраб досьледнага абсталяваньня ў галіне фізыкі гарэньня; 4) распрацоўку абсталяваньня для перапрацоўкі адкідаў; 5) распрацоўку абсталяваньня для атрыманьня нанаматэрыялаў; 6) выраб топак і кацельняў, цеплаабменьнікаў на цеплавых трубах, цеплавых помпаў і лядоўняў[2]. З 1958 году Інстытут выдаваў па-расейску «Інжынэрна-фізычны часопіс» (ISSN 0021-0285), які ў Нідэрляндах выходзіў у ангельскамоўнай рэдакцыі.
Remove ads
Будова
На 2018 год Інстытут цепла- і масаабмену імя Аляксея Лыкава ўлучаў Гарадзенскую філію «Навукова-дасьледчы цэнтар праблемаў рэсурсазьберажэньня» і 6 аддзяленьняў: 1) энэргетычных сыстэмаў, 2) фізыкі і хіміі нераўнаважных асяродзьдзяў, 3) цеплаабмену і мэханікі мікра- і нанапамерных сыстэмаў, 4) матэматычнага мадэляваньне, 5) фізыкі плязмы і плязьменных тэхналёгіяў, 6) інфармацыйных сыстэмаў[2].
Мінуўшчына

5 верасьня 1952 году Акадэмія навук БССР зацьвердзіла Загад № 427 аб заснаваньні Інстытуту энэргетыкі на аснове энэргетычнага сэктару (існаваў з 1946 году) Інстытута торфу. Адразу пачала працаваць асьпірантура. У канцы 1950-х — пачатку 1960-х гадоў Інстытут праводзіў дасьледаваньні ў галіне касьмічнай і авіяцыйнай тэхнікі, ядзернай энэргетыкі, стварэньня цепламасаабменных спосабаў і прыладаў гаспадарчага прызначэньня. У Інстытуце правялі дасьледаваньні ўзаемазьвязанага цепла- і масаабмену ў капілярна-порыстым целе, дыспэрснай сыстэме, рэалягічным асяродзьдзі, аэратэрмааптычным прыстасаваньні і генэратары нізкатэмпэратурнай плязмы. У 1963 годзе назву зьмянілі на Інстытут цепла- і масаабмену (ІЦМА). 22 чэрвеня 1965 году зь ІЦМА вылучылі Інстытут ядзернай энэргетыкі. Таксама са складу ІЦМА ўтварылі Інстытут водных праблемаў і філію Энэргетычнага інстытуту імя Глеба Крыжаноўскага (Масква, Расейская СФСР), які з 1986 году стаў Беларускім навукова-дасьледчым цеплаэнэргетычным інстытутам. У 1969 годзе ІЦМА атрымаў ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцяга БССР. У ІЦМА сфармулявалі раўнаньні для апісаньня пераносу энэргіі і рэчыва ў асяродзьдзі пры фазавым і хімічным пераўтварэньні, зьнежнім узьдзеяньні і ва ўмовах плыні. У 1975 годзе ІЦМА надалі імя Аляксея Лыкава. У ІЦМА працаваў акадэмік Міхаіл Ельяшэвіч, сябры-карэспандэнты С.С. Забродзкі і Б.М. Смольскі[3].

У 1977 годзе Вярхоўны Савет БССР узнагародзіў ІЦМА Ганаровай граматай. У Інстытуце прапанавалі дыфэрэнцыйныя раўнаньні ўзаемазьвязанага цеплапераносу для апісаньня кінэтыкі хімічных працэсаў, апісалі заканамернасьці пераносу энэргіі і рэчыва. У 1980 годзе супрацоўнікі Інстытуту атрымалі Дзяржаўную прэмію Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі. У 1982 і 1983 гадах — прэміі Савета міністраў СССР. У 1991 годзе зьявілася дактарантура. У 1992 годзе супрацоўнікаў ІЦМА ўзнагродзілі Дзяржаўнай прэміяй Беларусі ў галіне навукі. На 1998 год у складзе Інстытуту працавала: 22 лябараторыі, канструктарска-тэхналягічныя падразьдзяленьні і досьледная вытворчасьць. Інстытут выдаваў па-расейску «Інжынэрна-фізычны часопіс», які паракладалі на ангельскую для краінаў Заходняй Эўропы і ЗША. Асноўнымі кірункамі дасьледаваньняў былі: цеплаперадача і масаперанос у капілярна-порыстым целе, дыспэрснай сыстэме, рэалягічным асяродзьдзі, турбулентным неаднародным патоку, нізкатэмпэратурнай плязьме і пры ўзаемадзеяньні выпрамяненьня з рэчывам; прылады і спосабы сушкі; плязьменныя распрацоўкі; энэргазьберагальныя спосабы цепламасаабмену, прылады выяўленьня цеплавых працэсаў і дынамікі вадкасьцяў і газаў; энэргазьберажэньне і навуковыя асновы энэргетыкі; спальваньне цьвёрдага паліва і адкідаў; высокадакладнае паліраваньне оптыкі і керамікі; цеплавыя працэсы ў жывых арганізмах у справе мэдыцыны; мэмбранны масаперанос; цеплаабменьнік на цеплавых трубах, цеплавая помпа і лядоўневае абсталяваньне; цеплафізычныя ўласьцівасьці рэчываў; цепламасаабмен у нераўнаважнай сыстэме; ачыстка газавых выкідаў і вадкага асяродзьдзя; прамочваньне шпалы і драўніны; распрацоўка цеплаабменных спосабаў і прыладаў, навуковых асноваў геліятэхнікі і геліяэнэргетыкі. На 1998 год у ІЦМА працавалі Барыс Калавандзін і Анатоль Шашкоў, сябры-карэспандэнты Н.М. Дарожкін і Мікалай Паўлюкевіч[3].
Кіраўнікі
- Іван Валошын (1952—1956)
- Аляксей Лыкаў (1956—1965)
- Андрэй Красін (1965—1976)
- Рэм Салавухін (1976—1987)
- Алег Мартыненка (1987—2003)
- Уладзімер Цімашпольскі (2003—2005)
- Сяргей Жданюк (2005—2009)
- Анатоль Русецкі (2009—2010)
- Алег Пенязькоў (з 2011 году)
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads