Адрыятычнае мора
частка Міжземнага мора From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Адрыяты́чнае мо́ра (па-італьянску: Mare Adriatico, па-харвацку: Jadransko more) — паўзамкнёнае мора басэйну Міжземнага мора, паміж Балканскай і Апэнінскай паўвостравамі. Гэта самая паўночная частка Міжземнага мора, якая цягнецца ад Атранцкай пратокі дзе яно злучаецца з Іянічным морам на паўночны захад і да даліны ракі По. Краінамі, якія маюць узьбярэжжы на моры, ёсьць Альбанія, Босьнія і Герцагавіна, Харватыя, Італія, Чарнагорыя і Славенія.
У Адрыятычным моры налічваецца больш за 1300 астравоў, пераважна разьмешчаных уздоўж ягонага ўсходняга ўзьбярэжжа. Мора падзеленае на тры басэйны, пры гэтым паўночная частка ёсьць самай плыткай, а паўднёвая — самая найглыбокшая, маючы максымальную глыбіню у 1233 мэтры. Плыні звычайна маюць кірунак супраць гадзіньнікавай стрэлкі з Атранцкай пратокі. Прыліўныя рухі ў Адрыятычным моры нязначныя, але часам назіраюцца большыя амплітуды. Салонасьць Адрыятычнага мора ніжэйшая за Міжземнае, бо зьбірае траціну прэснай вады, якая паступае ў Міжземнае мора. Тэмпэратура паверхневых водаў звычайна вагаецца ад 30 °C летам да 12 °C зімой, што значна зьмякчае клімат Адрыятычнага басэйна. Заходняе ўзьбярэжжа алювіяльнае або тэрасаванае, а ўсходняе моцна прарэзанае і мае ўяўную карставатасьць. У Адрыятыцы вылучаныя дзясяткі ахоўных марскіх зонаў, прызначаных дзеля аховы асяродзьдзя пражываньня і біяразнастайнасьці мора, бо многія віды ёсьць эндэмічнымі, рэдкімі ці пад пагрозай выміраньня.
На берагах Адрыятычнага мора жывуць больш за 3,5 мільёны чалавек, а найбуйнейшымі гарадамі ёсьць Бары, Вэнэцыя, Трыест і Спліт. Раньнія паселішчы на берагах былі пабудаваныя яшчэ этрускамі, ілірыйцамі і грэкамі. Да II стагодзьдзя да н. э. рэгіён знаходзіўся пад кантролем Рыму. У Сярэднявеччы мора ў рознай ступені кантралявалася шэрагам дзяржаваў, у першую чаргу Бізантыйскай імпэрыяй, Харвацкім каралеўствам, Вэнэцыянскай рэспублікай, Габсбургскай манархіяй і Асманскай імпэрыяй. Па распадзе Аўстра-Вугоршчыны ў 1918 годзе кантроль над усходнім узьбярэжжам перайшоў да Югаславіі і Альбаніі, якія дамовіліся аб сваіх марскіх межах з Італіяй у 1975 і 1992 гадах адпаведна. Па распадзе Югаславіі ў 1990-х гадах ейныя чатыры прыбярэжныя дзяржавы-пераемнікі — Славенія, Харватыя, Босьнія і Герцагавіна і Чарнагорыя — працягвалі прызнаваць папярэднюю марскую мяжу з Італіяй, але аспрэчвалі межы паміж сабою.
Рыбалавецтва і турызм ёсьць значнымі крыніцамі прыбыткаў жыхароў узьбярэжжа Адрыятыкі. Марскі транспарт таксама фармуе значнай частку эканомікі рэгіёну. На берагах мора налічваецца 19 марскіх партоў, кожны зь якіх апрацоўвае больш за мільён тон грузаў на год. Найбуйнейшым марскім портам паводле гадавога грузаабароту ёсьць порт Трыесту, а порт Спліту ўважаецца за найбуйнейшы паводле колькасьці пасажыраў у год.
Remove ads
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads
