Антон Неманцэвіч
каталіцкі сьвятар бізантыйскага і лацінскага абрадаў From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Антон Неманцэвіч, пс.: а. Антоні, Злучэнец (27 студзеня (8 лютага) 1893, Санкт-Пецярбург — 6 студзеня 1943, Менск) — каталіцкі сьвятар бізантыйскага і лацінскага абрадаў, манах-езуіт, першы экзарх Беларускага Экзархату Грэка-Каталіцкай Царквы, доктар тэалёгіі і права, рэлігійны і культурна-грамадзкі дзеяч, рэдактар, выдавец, пэдагог і публіцыст. Адзін з ініцыятараў і творцаў беларускага ўнійнага руху Заходняй Беларусі.
Remove ads
Біяграфія
Паходзіў зь сям’і беларусаў-перасяленцаў зь в. Парчэўцы (Сакольскі павет). Бацькі аддалі яго ў прыватную каталіцкую гімназію сьв. Кацярыны ў Пецярбургу.
Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную сэмінарыю. Высьвячаны на сьвятара 27 верасьня 1915. У тым самым годзе далучаецца да беларускага руху. У 1918 — скончыў Петраградзкую каталіцкую духоўную акадэмію, прызначаны вікарыем парафіяльнага касьцёлу сьв. Кацярыны ў Колпіне пад Петраградам. З 1918 нёс душпастырскае служэньне ў Маскве, дзе заангажаваўся ў працу найперш сярод дзяцей і моладзі.
Перасьледаваўся бальшавікамі за рэлігійную дзейнасьць. Першы раз арыштаваны 25 траўня 1919 — адседзеў у вязьніцы 6 месяцаў. Пасьля арышту архібіскупа Яна Цепляка спрабаваў пратэставаць. За гэта 31 траўня 1921 ізноў трапіў у вязьніцу на колькі месяцаў. Пасьля вызваленьня прызначаны вікарыем парафіі сьв. Пятра і Паўла ў Маскве. Арыштаваны нанова ў 1923.
Дзякуючы абмену палітвязьнямі 1 лютага 1925 перададзены Польшчы.
Па накіраваньні мітрапаліта Эдварда Ропа паехаў у Рым на тэалягічныя студыі ў Папскім Усходнім інстытуце, дзе стаў доктарам тэалёгіі. Навуковую дысэртацыю напісаў на тэму «Бальшавізм і выхаваньне. Сучаснае бальшавіцкае заканадаўства ў Расеі адносна рэлігійнага і маральнага выхаваньня моладзі ў параўнаньні з правам Божым, прыродным і аб’яўленым». Абарона дысэртацыі адбылася 2 ліпеня 1927 г. Затым кароткі час працаваў асістэнтам прэфэкта бібліятэкі Папскага Ўсходняга інстытуту. У 1928 годзе вярнуўся ў Польшчу, быў прафэсарам у Люблінскім місійным інстытуце і адначасова працаваў як катэхет у школах. У 1928—1929 выкладаў параўнальную тэалёгію ў Люблінскім каталіцкім унівэрсытэце.
13 верасьня 1929 году сьвятар уступіў у Ордэн езуітаў, дзе прыняў усходні абрад. Парах грэка-каталіцкай парафіі ў мяст. Альбэртын пад Слонімам, з 1933 — у Сынковічах.
У 1932—1937 рэдактар і выдавец беларускага рэлігійнага часопісу «Да Злучэньня». З 1934 — прафэсар фундамэнтальнай тэалёгіі і кананічнага права ў Папскай Усходняй сэмінарыі ў Дубне (Заходняя Ўкраіна).
У 1938 працягваў выдаваць забаронены часопіс «Да Злучэньня» ў Варшаве пад назваю «Злучэньне».
З 1940 узначаліў Беларускі Экзархат Грэка-Каталіцкай Царквы (узьведзены ў сан экзарха 17 кастрычніка 1940). За ім беларуская мова ўпершыню ў гісторыі Царквы ў Беларусі сталася афіцыйнаю ў справаводзтве і ў царкоўным жыцьці. Заснаваў «Апостальства малітвы за Беларусь».
Арыштаваны гэстапа 4 ліпеня 1942 у Альбэртыне і праз Баранавічы дастаўлены ў турму СД у Менску. Доўгі час лічылася, што ён памёр у Бэрліне ў вязьніцы (згодна польскіх крыніцаў). Аднак дзякуючы апошнім знаходкам у беларускіх архівах выяўлена, што ён памёр, зьнясілены турэмнымі ўмовамі ў Менскай вязьніцы СД ад сардэчна-сасудзістай недастатковасьці 6 студзеня 1943 (немцы ў афіцыйнай даведцы напісалі, што памёр ад тыфу, на які сьвятар меў імунітэт, бо перахварэў ім у дзяцінстве). Пахаваны 9 студзеня 1943 на нямецкіх могілках у Менску сьвятаром мясцовай праваслаўнай Царквы [2].
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads