Арына Сабаленка

беларуская тэнісістка From Wikipedia, the free encyclopedia

Арына Сабаленка
Remove ads

Ары́на Сярге́еўна Сабале́нка (нар.; 5 траўня 1998, Менск, Беларусь) — беларуская тэнісістка. На сёньня яна займае пазыцыю першай ракеткі сьвету ў адзіночным разрадзе паводле рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі, а таксама калісьці была першай ракеткай сьвету ў жаночым парным разрадзе. Сабаленка некалькі разоў здабывала перамогі ў самых прэстыжных тэнісных турнірах сьвету, як то была пераможцай на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі 2023 і 2024 году, а таксама на адкрытым чэмпіянаце ЗША 2024 году. Мае вельмі агрэсіўны стыль гульні, часта назапашваючы вялікую колькасьць вінэраў і нявымушаных памылак. Пры сваім росьце яна мае яшчэ і магутную падачу.

Хуткія факты Краіна, Пражывае ў ...
Remove ads

Кар’ера

Трэнавацца пачала зь дзяцінства. Прафэсійную кар’еру пачала ў 2012 годзе[3]. У 2014 пачала займацца ў Нацыянальнай акадэміі тэнісу.

Першы тытул МТФ заваявала ў парным разрадзе зь Верай Лапко ў 2013 року. У 2014 упершыню выйшла ў фінал адкрытага юніёрскага чэмпіянату Эстоніі, а пазьней стала пераможцай турніру ў Фінляндыі. У парным разрадзе абараніла тытул (гэтым разам зь Нікай Шуткоўскай) і стала пераможцай гэтага ж турніру ў адзіночным разрадзе. У канцы 2016 году паднялася на 137-ю пазыцыю рэйтынгу.

Thumb
На турніры ў Вашынгтоне ў 2017 годзе.

У 2017 року ў дэбютным турніры Вялікага Шлему ў другім коле выбыла з барацьбы. У Ташкенце ўпершыню дайшла да паўфіналу турніраў ЖТА, па шляху перамогшы 3-ю сеяную, 53-ю ракетку сьвету Тацяну Марыю. У кастрычніку 2017 упершыню прабілася ў фінал турніру ЖТА (у кітайскім Цяньцзіні(zh)), дзе саступіла Марыі Шарапавай[4]. Пасьля гэтага Арына Сабаленка ўпершыню ў сваёй кар’еры ўвайшла ў топ-100 сусьветнага тэніснага рэйтынгу і стала першай ракеткай Беларусі. Пасьля перамогі на адкрытым чэмпіянаце Мумбаі Арына Сабаленка скончыла сэзон на 73-й пазыцыі рэйтынгу.

У красавіку 2018 году Арына Сабаленка ўпершыню ў кар’еры ўвайшла ў топ-50 сусьветнага рэйтынгу. Гэта адбылося пасьля ўдалага выступу на турніры ў швайцарскім Люгана, дзе беларуска дайшла да фіналу. 25 жніўня 2018 року Арына Сабаленка заваявала першы ў кар’еры тытул на турнірах прэм’ер-узроўню. У фінальным паядынку ў Нью-Гэйвэне (ЗША) яна перайграла гішпанку Карлу Суарэс Навара. Пасьля гэтага беларуска трапіла ў топ-20 сусьветнага рэйтынгу. У верасьні беларуская тэнісістка атрымала перамогу на яшчэ адным прэм’ер-турніры ва Ўхані, цягам якога перамагла 6-ю тэнісістку сьвету Эліну Сьвітоліну. На адкрытым чэмпіянаце Кітаю выйшла ў чвэрцьфінал. З-за хваробы Арына Сабаленка адмовілася ад удзелу ў ВТБ Кубку Крамля[5]. Жаночая тэнісная асацыяцыя прызнала Арыну Сабаленка «Пачаткоўцам году» паводле вынікаў 2018 году[6]. Напрыканцы году Сабаленку займала 11-ю пазыцыю сусьветнага рэйтынгу[7].

Thumb
На Ўімбэлданскім турніры 2018 году.

У студзені 2019 году Арына Сабаленка перамагла на чэмпіянаце ў Шэньчжэні[8]. Наняла новага трэнэра па фізычнай падрыхтоўцы — амэрыканца Джэйсана Стэйсі[9]. Яшчэ ў студзені яна пачала працаваць у партнэрстве з Эліз Мэртэнс, але пара зазнала паразу ад першых сеяных Барбары Крэйчыкавай і Катаржыны Сінякавай у трэцім раўндзе адкрытага чэмпіянату Аўстраліі. У сакавіку яны дасягнулі посьпеху на двух прэм’еровых турнірах. У 2019 годзе стала пераможцам малога падагульняючага турніра Жаночай тэніснай асацыяцыі[10]. На Адкрытым чэмпіянаце Францыі дайшла толькі да другога кола, атрымаўшы паразу ад Аманды Анісімавай[11]. На Ўімбэлдане 2019 году была пасеяная пад дзесятым нумарам, але ў першым жа коле прайграла Магдалене Рыбарыкавай[12], якая на той час была на 139-м радку сусьветнага рэйтынгу.

Другая палова сэзону ў Сабаленкі была нашмат лепей за папярэднюю. У сваім першым турніры па Ўімбэлдане яна заняла другое месца пасьля Чжэн Сайсай на турніры прэм’еровай клясы Сылікан Волі Клясык[13]. Яна ня вельмі добра выступіла на адкрытым чэмпіянаце ЗША, саступіўшы ў другім раўндзе на апошнім турніры Вялікага шлему году[14]. Тым ня менш Сабаленка і Мэртэнс дасягнулі свайго найлепшага выніку ў парным разрадзе ў тым годзе на адкрытым чэмпіянаце ЗША. Будучы чацьвертымі сеянымі на гэтым турніры, яны дакрочылі да фіналу, не сутыкуючыся з парамі зь першай дзясяткі. У фінале яны сустрэліся з восьмымі сеянымі Вікторыяй Азаранкай і Эшлі Барці. Сабаленка з партнэркай перамаглі іншую беларуску з Барці ў двух сэтах і здабылі свой першы тытул Вялікага шлему[15]. З гэтым тытулам тэнісістка ўзьнялася ў першую дзясятку рэйтынгу ў парным разрадзе, заняўшы шосты радок. Па матчах у ЗША тэнісістка вярнулася ў Кітай, дзе пасьля чвэрцьфіналу на адкрытым чэмпіянаце Чжэнчжоў яна абараніла свой тытул на адкрытым чэмпіянаце Ўханю. У парным разрадзе Ўханскага турніру Сабаленка і Мэртэнс прабіліся ў яшчэ адзін фінал, але фінішавалі толькі другімі[16]. У канцы сэзону Сабаленка другі год запар кваліфікавалася на фінальны турнір ЖТА. У сваёй групе беларуска абыйшла грачанку Марыю Сакары да сваю партнэрку ў парным разрадзе Эліз Мэртэнс[17]. У плэй-оф Сабаленка перамагла Караліну Мухаву і Кікі Бэртэнс, стаўшы ўладальніцай пятага тытулу ў кар’еры і трэцяга ў 2019 годзе[18].

Thumb
Сабаленка і Эліз Мэртэнс на Ралян Гарос у 2019 годзе.

У студзені 2020 году саступіла Крыстыне Плішкавай у другім коле турніра ў Шэньчжэні і ня здолела абараніць тытул[19]. У тым жа месяцы Сабаленка дакрочыла да паўфіналу турніру ў Адэлаідзе. Пасьля першага прайгранага сэту ў матчы супраць Сэ Су-вэй беларуска здолела адгуляцца, пасьля чаго перамагла Бэрнарду Пэра і нечакана была мацней за другую сеяную румынку Сымону Халеп, у якой яна аніколі раней не брала нават сэту[20]. У паўфінале турніру тэнісістка саступіла ў трох сэтах украінцы Даяне Ястрэмскай, якая ў выніку стала другой. У першым раўндзе адкрытага чэмпіянату Аўстраліі Сабаленка саступіла Карле Суарэс Навара ў двух тай-брэйках. На тым жа спаборніцтве, але ў парным разрадзе беларуска поруч з Мэртэнс выбылі ў чвэрцьфінале, саступіўшы сёстрам Чан з Тайваню. Ейным наступным турнірам стаў чэмпіянат Дубаю, дзе яна прасунулася да чвэрцьфіналу, атрымаўшы перамогу над Марыяй Сакары і сваёй партнэркай у парным разрадзе Мэртэнс. У матчы стадыі васьмі ўдзельнікаў беларуска сустрэлася з Сымонай Халеп. Не зважаючы на тое, што беларуска была мацнейшай у першым сэце, паўтарыць папярэдні сэнсацыйны посьпех не выпадала. Румынка ў выніку стала пераможцам турніру. На адкрытым чэмпіянаце Катару Сабаленка пасьлядоўна выбіла Анэт Кантавэйт, Марыю Сакары, Чжэн Сайсай і Сьвятлану Кузьняцову, а ў фінале ў трох сэтах узяла перамогу над Пэтрай Квітавай, здабыўшы свой трэці тытул прэм’ер-узроўню.

Пасьля таго, як тэніс аднавіўся ў жніўні пасьля затрымкі ў сувязі з пошасьцю каранавірусу, Сабаленка як другая сеяная ў Лэксынгтане абгуляла Мэдысан Брэнгл у трох сэтах, але саступіла ў трохсэтавым трылеры 16-гадовай Како Гаўф. Наступныя вынікі была расчаравальныя. У кастрычніку 2020 году яна перамагла Вікторыю Азаранку ў фінале турніру ў Остраве[21]. У лістападзе 2020 году стала пераможцам турніра Жаночай тэніснай асацыяцыі ў Лінцы[22], абгуляўшы ў фінале Мэртэнс. Усё гэта дазволіла Сабаленцы ўпершыню ў кар’еры патрапіць у дзясятку найлепшых тэнісістак паводле вынікаў году.

Thumb
Сабаленка на адкрытым чэмпіянаце Францыі 2021 году.

Сабаленка пачала 2021 год з сэрыяй зь дзевяці перамог і ўзяла ўдзел у першым розыгрышы афіцыйнага турніру Жаночай тэніснай асацыяцыі адкрытым чэмпіянаце Абу-Дабі пад чацьвертым нумарам пасеву. Яна перамагла Палону Хэрцаг у двух сэтах, здолеўшы адгуляць перавагу славенкі ў 5:2, а затым выбіла з турніру Айлу Тамлянавіч і Унс Джабэр і трапіла ў чвэрцьфінал, дзе беларуска перамагла Алену Рыбакіну, а затым Марыю Сакары. У фінале Сабаленка перамагла Вераніку Кудзярметаву ў двух сэтах[23], прайграўшы ўсяго чатыры геймы. Пераможная сэрыя ў Абу-Дабі падоўжыла агульную колькасьць перамог запар да 15 матчаў ды ўзьняла спартоўку на сёмы радок сусьветнага рэйтынгу[24]. Перад адкрытым чэмпіянатам Аўстраліі Сабаленка імкнулася ўпершыню ў сваёй кар’еры трапіць у чвэрцьфінал турніраў Вялікага шлему ў адзіночным разрадзе, але ў чацьвертым раўндзе яна саступіла ў трох сэтах 23-разовай чэмпіёнцы турніраў Вялікага шлему Сэрэне Ўільямз. Аднак, беларуска разам з Мэртэнс сталі пераможцамі аўстралійскага турніру ў парным разрадзе. Заваяваўшы тытул, 22 лютага 2021 году спартоўка ўпершыню ў сваёй кар’еры ўзьнялася на вяршыню сусьветнага рэйтынгу парнага разраду[25].

Як дзейная чэмпіёнка адкрытага чэмпіянату Катару ў Досе, яна пачала турнір з другога раўнду, але адразу саступіла будучай фіналістцы Гарбіньне Мугурусе ў трох сэтах[26]. На чэмпіянаце ў Дубаі, у сваім першым турніры ў якасьці першай ракеткі сьвету ў парным разрадзе, Сабаленка і Мэртэнс прагулялі Джэсыцы Пэгуле і Бэтані Матэк-Сэндс. У адзіночным разрадзе ў Дубаі тэнісістка лёгка прасунулася ў чвэрцьфінал, перамагшы Анэт Кантавэйт, якая займала на той час 15-ы радок рэйтынгу, але потым зноў саступіла Мугурусе ў трох сэтах[27]. Сабаленка здабыла тытул на адкрытым чэмпіянаце Мадрыду, сустрэўшыся ў фінальным матчы з Эшлі Барці[28]. Дзякуючы чацьвертаму тытулу ЖТА 1000, яна пасунулася на чацьвертае месца ў сьвеце[29]. Разам зь Вікторыяй Азаранкай тэнісістка здабыла перамогу ў парным разрадзе на адкрытым чэмпіянаце Нямеччыны[30]. Будучы другой сеянай на Ўімбэлдане, Сабаленка ўпершыню трапіла ня толькі ў чвэрцьфінал, але і паўфінал турніру Вялікага шлему. У кроку ад фіналу спартоўка саступіла Караліне Плішкавай у трох сэтах. Дзякуючы выступу ў Вялікабрытаніі, яна дасягнула найлепшага ў сваёй кар’еры рэйтынгу, узьняўшыся на трэці радок рэйтынгу ЖТА ў адзіночным разрадзе[31]. Сабаленка стала трэцяй беларускай тэнісісткай, якая дакрочыла да паўфіналу Ўімбэлдану пасьля Натальлі Зьверавай у 1998 годзе і Вікторыі Азаранкі ў 2011 і 2012 гадах[32]. Удзельнічала ў Алімпійскіх гульнях у Токіё, але саступіла ў другім коле Доне Вэкіч[33]. На чэмпіянаце Канады ў Манрэалі Сабаленка таксама саступіла ў паўфінале Плішкавай[34], а ў Цынцынаці беларуска зазнала паразу ў першым раўндзе Паўле Бадосе. Не зважаючы на паразу, Сабаленка пасунулася на другі радок сусьветнага рэйтынгу[35]. У верасьні 2021 году выйшла ў паўфінал адкрытага чэмпіянату ЗША, дзе прайграла канадзкай тэнісістцы Лэйле Фэрнандэс за выхад у фінал[36]. Праз станоўчы тэст на каранавірус Сабаленка была вымушаная прапусьціць турнір у Індыян-Ўэйлзе[37].

Thumb
Тэнісістка на трэнаваньні ў 2023 годзе.

Сабаленка пачала новы сэзон на турніры ў Адэлаідзе, дзе была сеяная пад другім нумарам. У сваім першым матчы турніру, які прыпаў на другі раўнд беларуска саступіла славенцы Каі Юван у трох сэтах. Сабаленка зрабіла 18 падвойных памылак на падачы пры толькі пяці эйсах[38]. Далей Сабаленка атрымала ўайлд-кард на другі турнір у Адэлаідзе, дзе таксама саступіла ў першым жа матчы 93-й ракетцы сьвету швэдцы Рэбэцы Пэтэрсан у трох сэтах. Зноў Сабаленка мела праблемы з падачай, зрабіўшы 21 падвойную памылку ў матчы[39]. На адкрыты чэмпіянат Аўстраліі беларуска трапіла пад другім нумарам пасеву. Праблемы з падачай працягваліся, але яна здолела атрымаць перамогі ў трох сэтах над 128-й ракеткай сьвету Сторм Сандэрз, 100-й ракеткай Ван Сіньюй і 41-й ракеткай Маркетай Вандраўшавай, што дазволіла ёй выйсьці ў чацьверты раўнд у другі раз у сваёй кар’еры. Яна сустрэлася з тэнісісткай Каяй Канэпі, якая ў першым раўндзе перамагла 16-ю сеяную Анджэліку Кербэр. Канэпі перамагла ў напружаным трохсэтавым матчы, які завяршыўся супэртай-брэйкам у трэцім сэце[40][41]. Сабаленка здолела адбіцца ад чатырох матч-пойнтаў суперніцы за час матчу, але таксама зрабіла 15 падвойных памылак у параўнаньні з чатырма Канэпі[42].

Далейшыя выступы былі крыху лепшыя, але здабыць перамогу тэнісістцы не ўдалося. На адкрытым чэмпіянаце Катару, яна дакрочыла да паўфіналу, дзе саступіла будучай чэмпіёнцы польцы Ізе Сьвёнтэк[43]. На турнірах у Індыян-Ўэйлзе, Маямі і Чарлстане яе чакаў хуткі вылет на раньніх этапах, а ў першы фінал сэзону яна трапіла на адкрытым чэмпіянаце Штутгарту, дзе зноў саступіла Сьвёнтэк[44]. Як дзейная чэмпіёнка адкрытага чэмпіянату Мадрыду Сабаленка была выбітая Амандай Анісімавай у першым раўндзе[45]. На адкрытым чэмпіянаце Італіі, пасьля перамогі над Чжан Шуай, Амандай Анісімавай і Джэсыкай Пэгулай, яна ў трэці раз у 2022 годзе прайграла Сьвёнтэк у паўфінале[46]. На адкрытым чэмпіянаце Францыі Сабаленка зазнала паразу ў трэцім раўндзе Каміле Джорджы ў трох сэтах[47]. На турніры ў Нідэрляндах яна прабілся ў фінал, але саступіла ў ім Кацярыне Аляксандравай. На адкрытым чэмпіянат Нямеччыны тэнісістка спаборнічала пад трэцім нумарам пасеву, але выбыла ўжо ў першым раўндзе, ня здолеўшы перагуляць Вераніку Кудзярметаву. Праз пастанову кіраўніцтва турніру ва Ўімбэлдане адносна расейскіх і беларускіх тэнісістак Сабаленцы было забаронена браць удзел у спаборніцтвах праз уварваньне Расеі ва Ўкраіну, што скараціла ейны сэзон на траве[48].

На кортах зь цьвердым пакрыцьцём на турнірах у ЗША і Канадзе Сабаленка таксама мела брак вынікаў. На адкрытым чэмпіянаце ЗША, быўшы шостай сеянай, яна перамагла Кэтрын Гарысан, Каю Канэпі, Кляру Бюрэль, Даніель Колінз і Караліну Плішкаву, але ў паўфінале ў чацьверты раз за сэзон саступіла Сьвёнтэк[49]. На зважаючы на благія вынікі сэзону, беларуска здолела кваліфікавацца на выніковы турнір ЖТА другі год запар[50][51]. Там яна дакрочыла да фіналу, перамогшы трэцюю ракетку сьвету Джэсыку Пэгулу і другую ракетку Унс Джабэр у колавым турніры, а таксама першую ракетку Ігу Сьвёнтэк у паўфінале, але зазнаўшы паразу ад Каралін Гарсіі ў двух сэтах. Яна стала чацьвертай тэнісісткай у гісторыі, якая перамагла тройку найлепшых тэнісістак на адным турніры, далучыўшыся да Штэфі Граф, Сэрэны і Вінус Ўільямз[52][53].

Thumb
Сабалена на адкрытым чэмпіянаце ЗША 2023 году.

Сабаленка патрапіла ў турнір у Адэлаідзе пад другім нумарам пасеву і здабыла перамогу ў турніры ўпершыню з Мадрыду 2021 году[54]. 28 студзеня 2023 году выйграла Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі, упершыню атрымаўшы перамогу ў адзіночным разрадзе на турніры «Вялікага шлему»[55]. Пасьля перамогі ў Мэльбурне Сабаленка вярнулася на другое месца ў рэйтынгу ЖТА. У Дубаі тэнісістка выбыла ў чвэрцьфінале, дзе саступіла будучай чэмпіёнцы Барбары Крэйчыкавай у трох сэтах[56]. На турніры ў Індыян-Уэйлзе яна ўзяла рэванш у чэшкі, але ў фінале прайграла Алене Рыбакінай[57]. У Маямі Сабаленка перамагла Шэлбі Роджэрз, Марыю Боўзкаву і Крэйчыкаву і прасунулася ў чвэрцьфінал, дзе саступіла Саране Кырсьці. На грунтовых кортах Сабаленка пачала свой сэзон у Штутгарце, дзе прабілася ў свой чацьверты фінал цягам году. У фінале, матчы-рэваншы леташняга фіналу, яна зноў саступіла ў трох сэтах першай ракетцы сьвету Ізе Сьвёнтэк. У Мадрыдзе Сабаленка на шляху да фіналу саступіла толькі ў адным сэце. У заключным матчы турніру яна зноў сутыкнулася з полькай, гэтым разам перамогшы суперніцу ў трох сэтах.

На адкрытым чэмпіянаце Францыі яна дакрочыла да паўфіналу, не аддаўшы суперніцам аніводнага сэту. За крок да фіналу беларуская тэнісістка саступіла Караліне Мухавай у трох сэтах, не зважаючы на тое, што была наперадзе зь лікам 5–2 і нават мела матч-пойнт[58]. На Ўімбэлдане Сабаленка ў чацьверты раз запар трапіла ў паўфінал турніру Вялікага шлему, але на шляху да галоўнага матчу турніру ёй перашкодзіла Унс Джабэр. У Манрэалі спартоўка хутка вылецела з турніру, а ў Цынцынаці прабілася ў паўфінал, дзе зноў у трох сэтах саступіла Караліне Мухавай.

На адкрытым чэмпіянаце ЗША беларуска лёгка дакрочыла да паўфіналу, прайграўшы ўсяго 21 гейм у пяці матчах. Пасьля гэтых перамог Сабаленка стала першай тэнісісткай пасьля Сэрэны Ўільямз з 2016 году, якая патрапіла ў паўфіналы ўсіх чатырох буйных турніраў за адзін год. У паўфінале яна сустрэлася з Мэдысан Кіз, адгуляўшы перавагу суперніцы ў сэтах і брэйках. У сваім другім буйным фінале году Сабаленка сустрэлася з Како Гаўф і зазнала паразу ў трох сэтах. Тым ня менш, у сувязі з благімі вынікамі першай ракеткі сьвету Ігі Сьвёнтэк Сабаленка ўпершыню стала першай ракеткай сьвету паводле вынікаў турніру[59]. Яна сталася 29-й тэнісісткай, якая была названая першай ракеткай у сьвеце паводле вэрсіі ЖТА, і другой беларускай пасьля Вікторыі Азаранкі. Пасьля ЗША спартоўка прасунулася да чвэрцьфіналу адкрытага чэмпіянату Кітаю, дзе прайграла Рыбакінай. На фінальным турніры яна прагуляла ў паўфінале Сьвёнтэк[60], у выніку чаго полька вярнула сабе першае месца ў сусьветным рэйтынгу, а Сабаленка паводле вынікаў году была другой ракеткай сьвету[61].

Thumb
Гульчыха на турніры US Open 2024.

У студзені 2024 году Сабаленка выйшла ў фінал турніру ў Брысбэйне, перамогшы Вікторыю Азаранку ў паўфінале[62], але саступіла ў вырашальным матчы Алене Рыбакінай[63]. Сабаленка стала пераможцам адкрытага чэмпіянату Аўстраліі не аддаўшы цягам спаборніцтва аніводнага сэту, стаўшы першай тэнісісткай, якая пасьпяхова абараніла свой тытул на аўстралійскіх кортах пасьля Вікторыі Азаранкі ў 2013 годзе[64][65]. У фінале яна перамагла Чжэн Цыньвэнь, якая была сеянай пад 12-м нумарам[66][67]. У Штутгарце беларуска дакрочыла толькі да чвэрцьфіналу, а ў Мадрыдзе ў агульнай складанасьці яна згуляла чатыры трохсэтавыя матчы, каб прабіцца ў фінал, прайграўшы пры гэтым 60 геймаў, што ёсьць найбольшай колькасьцю сярод тэнісістак, якая дасягнулі фіналу ў жаночым адзіночным разрадзе ў Мадрыдзе[68]. Сабаленка мела тры матч пойнты цягам сустрэчы, але саступіла Сьвёнтак[69]. Неўзабаве полька перамагла беларуску ў фінале турніру ў Рыме. На кортах Ралян Гарос Сабаленка мелі праблемы з страўнікам у чвэрцьфінале, у выніку саступіўшы Міры Андрэевай. На адкрытым чэмпіянаце Нямеччыны яна зьнялася з турніру праз траўму пляча, а таксама прапусьціла Ўімбэлдан[70]. У жніўні яна перамагла на адкрытым чэмпіянаце Цынцынаці, атрымаўшы перамогі над Ігай Сьвёнтэк у паўфінале[71] і Джэсыкай Пэгулай у фінале[72]. У верасьні яна трыюмфавала на адкрытым чэмпіянаце ЗША, узяўшы трэці тытул Вялікага шлему[73][74]. Сабаленка стала чэмпіёнкай турніру ва Ўхані.

Пасьля 11 месяцаў у кастрычніку яна вярнула сабе першае месца ў сусьветным рэйтынгу ЖТА[75]. Пасьля перамогі над Чжэн Цыньвэнь і Жасьмін Паоліні ў сваіх першых двух матчах групавога этапу фінальнага турніру[76], а таксама паразы Сьвёнтэк ад Како Гаўф, Сабаленка ўпершыню завяршыла год пад першым нумарам[77]. Сабаленка саступіла ў сваім апошнім матчы групавога этапу Рыбакінай і саступіла Гаўф у паўфінале. У сьнежні беларуска была названая гульчыхай году ЖТА[78][79].

Thumb
На прэсавай канфэрэнцыі на Маямі Оўпэн 2025.

Сабаленка пачала 2025 год зь перамогі на Міжнародным чэмпіянаце ў Брысбэйне, заваяваўшы 18-ы тытул у адзіночным разрадзе ў сваёй кар’еры[80][81]. Тэнісістка пачала сваю барацьбу за перамогу на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі, але ў фінале спартоўка саступіла ў трох сэтах Мэдысан Кіз, якая выйграла свой першы буйны тытул[82]. На адкрытым чэмпіянаце Катару яна саступіла Кацярыне Аляксандравай у першым раўндзе ў трох сэтах[83]. А на чэмпіянаце Дубаю Сабаленка выбыла на этапе 1/8 фіналу пасьля паразы ў матчы з Клярай Таўсан[84]. На турніры ў Індыян-Ўэйлзе Сабаленка ўзяла рэванш у Кіз у паўфінале, але ў вырашальным матчы была слабейшай за Міру Андрэеву. Фінальны матч скончыўся за тры сэты. Спаборніцтвы ў Маямі прынесьлі плён спартоўцы, бо беларуска перамагла ў іх у першы раз у сваёй кар’еры[85]. У наступным турніры ў Штутгарце яна зноў трапіла ў фінале, але саступіла Алене Астапенцы[86][87]. У фінале адкрытага чэмпіянату Мадрыду Сабаленка перамагла Како Гаўф і выйграла свой трэці тытул на гэтым турніры[88]. Пасьля Мадрыду Сабаленка стала трэцяй тэнісісткай, якая перасягнула адзнаку ў 11 тысяч пунктаў у рэйтынгу ЖТА[89]. У Рыме беларуска выбыла ў чвэрцьфінале.

На турнірах Вялікага шлему ў Парыжы і Лёндане спартоўка згуляла няблага. У першым выпадку яна дасягнула фіналу, дзе саступіла Гаўф[90], а ў Лёндане беларуска дакрочыла да паўфіналу, дзе была пераможаная Анісімавай.

Нацыянальная зборная

У красавіку 2016 року Арына Сабаленка ўпершыню трапіла ў зборную Беларусі, дзе прайграла невырашальны парны матч Кубка Фэдэрацыі, у якім Беларусь адолела Расею і выйшла ў I Сусьветную групу. На той час асноўнымі тэнісісткамі краіны ўважаліся Вікторыя Азаранка і Аляксандра Сасновіч.

У першым сэзоне найвышэйшай групы зборная Беларусі дайшла да фіналу, не зважаючы на тое, што ў кожным матчы лічылася аўтсайдэрам. У чвэрцьфінале супраць зборнай Нідэрляндаў і ў паўфінале супраць зборнай Швайцарыі Арына Сабаленка саступала ў першых матчах наймацнейшым тэнісісткам суперніцаў, як то Кікі Бэртэнс і Тымэа Бачынскі адпаведна, пасьля яна замацоўвала перамогі напарніцы Аляксандры Сасновіч над другімі ракеткамі, як то Міхаэлай Крайчак і Вікторыяй Голубіч адпаведна. На час паўфіналу Сабаленка мела 125-ы рэйтынг і ня мела аніводнай перамогі ў матчах туру па-за межамі Кубка Фэдэрацыі[91]. У фінальным матчы супраць зборнай ЗША Арына Сабаленка перамагла чэмпіёнку ЗША, 13-ю ракетку сьвету Слоўн Стывэнз, аднак пазьней саступіла 10-й ракетцы Како Вандэўэй і ў парным разрадзе, у выніку чаго ЗША атрымала мінімальную перамогу зь лікам 3:2. Не зважаючы на тое, што Беларусь заняла другое месца, посьпех у Кубку Фэдэрацыі дапамог папулярызаваць жаночы тэніс у краіне і вывеў Сабаленку і Сасновіч на міжнародную арэну.

У 2018 годзе Беларусь ня здолела паўтарыць свой посьпех у Кубку Фэдэрацыі 2017 году. Іхны чвэрцьфінальны матч адбыўся ў Менску, а суперніцамі былі спартоўкі зь Нямеччыны. Сабаленка здабыла перамогу ў абодвух сваіх матчах у адзіночным разрадзе, але Сасновіч і Вера Лапко зазналі паразы ў сваіх сустрэчах. У выніку вырашальным стала сустрэча ў парным разрадзе. На апошні матч у складзе Беларусі былі абраныя Сабаленка і Лідзія Марозава, прычым Сабаленка мела вельмі кароткі перапынак адразу пасьля свайго апошняга матчу ў адзіночным разрадзе. У выніку немкі былі мацней за беларускі дуэт[92].

Наступны матч зноў ладзіўся ў Менску ў рамках плэй-оф да Сусьветнай групы, дзе зборная Славаччыны змагалася за месца Беларусі ў Сусьветнай групе ў наступным сэзоне. Сабаленка зазнала паразу ў сваім матчы, саступіўшы Вікторыі Кумжавай, але Сасновіч узяла свой матч[93]. У парным разрадзе Сабаленка не была абраная дзеля ўдзелу ў матчы. Беларускі перамаглі і захавалі месца зборнай у Сусьветнай групе на 2019 год[94]. У Кубку Фэдэрацыі 2019 году Беларусь другі год запар сустрэлася ў чвэрцьфінале з зборнай Нямеччыны. Фактычна толькі дзякуючы Сабаленцы беларускі прасунуліся далей у сетцы, дзе саступілі зборнай Аўстраліі. Пры гэтым ва ўсіх матчах супраць аўстраліек гулялі толькі Азаранка і Сабаленка.

Remove ads

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads