Беларускі студэнцкі саюз
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Белару́скі студэ́нцкі саю́з (БСС; 1 сьнежня 1921 — верасень 1939) — арганізацыя студэнтаў-беларусаў Унівэрсытэту Стэфана Баторыя ў Вільні. Афіцыйна зарэгістраваны польскімі ўладамі пад назваю Związek Akademików-Białorusinów[4].
Дэвіз Беларускага студэнцкага саюзу — «Айчына й Навука». Сябры БСС мелі свае адзнакі — белыя шапкі і бел-чырвона-белыя значкі.
Друкаванымі органамі зьяўляліся часопісы «Новы Шлях» (сакавік 1922, выйшла 3 нумары), «Студэнцкая думка».
Remove ads
Гісторыя
Заснаваньне

У 1920 студэнты-беларусы Віленскага ўнівэрсытэту заснавалі «Гурток студэнтаў-беларусаў», які ў 1921 годзе стаў звацца «Беларускі студэнцкі саюз». Яго заснавальнікамі былі Браніслаў Туронак, Антон Абрамовіч, Францішак Пяткевіч, Тодар Куніцкі і Мікалай Марцінчык. Усе яны зьяўляліся студэнтамі мэдычнага факультэту. Старшынём быў абраны Антон Абрамовіч.
У сярэдзіне лістапада 1923 году адбыўся агульны сход студэнтаў-беларусаў Віленскага ўнівэрсытэту, які абраў новае кіраўніцтва. Старшынём стаў І. Лабанец, а сябрамі ўправы А. Зянюк, Т. Куніцкі і М. Марцінчык. Пасаду скарбніка заняў Браніслаў Туронак. У той час арганізацыя знаходзілася ў памяшканьні Цэнтральнай беларускай школьнай рады, якая разьмяшчалася на вуліцы Віленскай.
Мэты
Мэтаю БСС была актыўная асьветніцкая й прапагандысцкая дзейнасьць у галіне беларускай культуры і гісторыі. Другая мэта — таварыская праца па стварэньні беларускамоўнага асяродку для студэнтаў, каб разам ладзіць вечарыны, балі, канцэрты, экскурсіі ў тым ліку часам з удзелам прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў.
Для прыняцьця ў БСС трэба было мець гарантыю двух сяброў[5].

Сябры БСС маглі належаць да любых палітычных арганізацыяў, галоўнае, каб чалавек меў цьвёрдыя беларускія нацыянальныя пазыцыі. Як прыклад таго, калі Саюз юрыстых ладзіў свой рэгулярны конкурс красамоўства, і ад БСС выступаў Вінцэсь Скублоўскі (пазьней судзьдзя ў Беластоку). У спрэчцы ён памылкова сказаў «мы - палякі» — і ў выніку быў выключаны з арганізацыі[4]. Яшчэ аднаго сябра выключылі за тое, што памылкова назваў Зьвязак Незалежнай Моладзі Дэмакратычнай — Зьвязкам Польскай Моладзі. Вядомы беларускі дзеяч Юльян Саковіч быў выключаны з БСС разам зь іншымі сябрамі студэнтамі-камсамольцамі за тое, што хацелі падпарадкаваць арганізацыю пад камуністычную дзейнасьць[6].
Дзейнасьць

Саюз праводзіў ня толькі асьветніцка-культурніцкую дзейнасьць, але таксама, па меры фінансавых магчымасьцяў, даваў пазыкі і стыпэндыі сваім сябрам у нястачы.
Пры Саюзе існаваў славуты хор Рыгора Шырмы, у якім сьпявалі пераважна студэнты, і які адзін час называўся Беларускі хор пры Беларускім Студэнцкім Саюзе. Таксама пры Саюзе існавалі курсы беларускай мовы, беларусазнаўства, каапэрацыі. Была сталоўка «Беларуская сытніца».
БСС прымаў актыўны ўдзел у самакіраваньні Ўнівэрсытэту і ў вырашэньні шматлікіх пытаньняў унівэрсытэцкага жыцьця. Калі для габрэяў былі ўведзеныя асобныя лавы зьлева ў аўдыторыях (як дыскрымінацыйная мера), то сябры БСС у пратэст сядалі на гэтыя лавы разам з гэбраямі[4].
У 1925 годзе камісар Вільні не дазволіў БСС вечарыны да Дня Волі, прымеркаваную на 25 сакавіка. З дазволам цягнулі цэлы тыдзень і толькі напярэдадні вечарыны адмовілі. Не дазволілі таму, што ў праграме мелі пяяць «Ад веку мы спалі». П.Камісар Ураду не радзіўся даць дазволу нават тады, калі выкінулі гімн, бо такім арганізатарам, якія хочуць пяяць Беларускі гімн, дазвол даць не магчыма[7].
26—27 жніўня 1926 году ў месьце Гданск у слабадзе Лянгфур адбылася сустрэча членаў Галоўнае ўправы БСРГ і прадстаўнікоў СССР. Ад БСРГ былі наступныя асобы: Браніслаў Тарашкевіч, дырэктар Віленская беларуская гімназія Радаслаў Астроўскі, паслы на Сойм Польшчы Пётра Мятла і Павал Валошын, прадстаўнік Беларускага Студэнцкага Саюзу[a] і ТБШ. Ад СССР былі наступныя асобы: Усевалад Ігнатоўскі ад БССР, Корчык-Лагіновіч ад Камінтэрну, інжынэр Робэрт сябра Камінтэрну, Славінскі прадстаўнік АДПУ БССР, Паўлік прадстаўнік КСМЗБ, Ульянаў павераны ў справах СССР у Варшаве[8].
20 лістапада 1927 агульны сход БСС у Вільні прыняў рашэньне пра ўваход у склад АБСА. Пасьля гэтага друкаваным органам АБСА ў Вільні стаў часопіс «Студэнская Думка».
У 1928 кіраўніцтва БСС складалася: Ігнат Гагалінскі — старшыня, Ст. Станкевіч — сакратар, М. Амельяновіч — скарбнік, Аўген Бартуль і Я. Ермаковіч — сябры[3].
9 сьнежня 1928 БСС зладзіў вечар у гонар М. Чачота ў памяшканьні Віленскай беларускай гімназіі.
У 1930/1931 навучальным годзе ў БСС каля 90 сяброў, арганізацыя ладзіць пры Віленскім унівэрсытэце супольны беларуска-летувіска-ўкраінскі студэнцкі баль.
У 1935 годзе БСС адзначыў сваё 15-годзьдзе. «А гадзіне 16 у залі Віленскага ўнівэрсытэту пачалася ўрачыстая акадэмія. Народу зышлося многа — вялізарная заля была шчыльна запоўнена. Былі прадстаўнікі ўнівэрсытэцкіх уладаў, былі прадстаўнікі беларускага грамадзянства, былі студэнты беларусы, літоўцы, украінцы і інш. На фронтавай сьцяне вісеў удэкараваны беларускім нацыянальным бел-чырвона-белым сьцягам герб беларускага народу — Пагоня. За прэзыдыяльным сталом засеў урад Беларускага Студэнцкага Саюзу і ганаровыя сябры прэзыдыюму гэтай акадэміі. Акадэмію адкрыў кароткай, рэчовай, адпаведнай урачыстасьці, прамовай старшыня Саюзу студ. Мікола Шчорс»[9].
У ліпені 1936 годзе БСС зладзіла студэнцкую вандроўку па Наваградчыне. «Экскурсія гэта пачалася ад возера Сьвітэзь, пры тым аднаго з яе ўчасьнікаў студ. В. Войтаньку паліцыя арыштавала, рэшта ўчасьнікаў былі ў аднэй з вёсак легітымаваныя яўнай і тайнай паліцыяй. Экскурсія закончылася ў Наваградку»[10].
У 1937 у БСС уваходзіла 65 чалавек[3].
10 сьнежня 1938 на гадавіну 15–годзьдзя творчай працы Рыгора Шырмы на беларускай музычнай ніве БСС зладзіў ўрачысты канцэрт у вялікай унівэрсытэцкай залі імя Сьнядэцкіх. На ўрачыстасьць сабралася больш за паўтысячы чалавек, у канцэрце прыняў удзел Міхась Забэйда-Суміцкі.
Пры апошнім рэктары Віленскага ўнівэрсытэту — ксяндзу Вайціцкім — сытуацыя значна пагоршылася. Хору забаранілі выступаць, на просьбу аб ладжаньні мерапрыемстваў рэктар адсылаў у паліцыю, якая ўсё забараняла.
За ўвесь час існаваньня саюзу яго сябрамі было каля 300 асобаў[3].
Remove ads
Старшыні БСС
- Антон Абрамовіч (са сьнежня 1921 да лістапада 1923)[11]
- Сяргей Малафееў (1922—1923[12])
- І. Лабанец (зь лістапада 1923 да ?)
- Ігнат Гагалінскі (у 1928[3])
- Кастусь Глінскі (з 1930 да 1931)[13]
- Мікола Шчорс (з 1935 да 1937)
- Адам Дасюкевіч (з 1937 да 1939)
- Усевалад Кароль (з 1939 да ?)
Бібліяграфія
- А. В-іч. Беларускі Студэнцкі Саюз за дзесяць год існаваньня. // Студэнская думка : часопіс. — 1930. — № 3 (14). — С. 3—10.
- Леанід Галяк. Успаміны. Кніга 1. — ЗША: Летапіс, 1982. — С. 59—88.
- Катковіч Анеля, Катковіч-Клентак Вэраніка. Успаміны. / Прадмова: Янка Жамойцін. Рэдактары: Галена Глагоўская, Вячаслаў Харужы. — Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 1999. — С. 36—40. — 142 с. — ISBN 83-909009-9-8
Заўвагі
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads