Гарадзенскі езуіцкі калегіюм

From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Гарадзенскі езуіцкі калегіюм — адукацыйная ўстанова ордэну езуітаў у Горадні, заснаваная з ініцыятывы караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя ў 1584 годзе. Адзін з трох самых вялікіх касьцёлаў эпохі барока ў Рэчы Паспалітай[1], Касьцёл Сьвятога Францішка Ксаверыя, быў узьведзены ў 1675-1700 гады.

Гісторыя

Даваенны пэрыяд існаваньня калегіюму

Заснаваньне калегіюму пры Стэфаны Баторыі

У лютым — пачатку траўня 1584 году Стэфан Баторы выклікаў у Горадню правінцыяла Польскай правінцыі ордэну Джавані Паола Кампана[2] і прапанаваў яму праект заснаваньня двух калегіюмаў — у Горадні і Берасьці. Кампана доўгі часаў адкладваў мамэнт прыняцьця фундацыі, апраўдаваючыся недахопам людзкіх сродкаў[3]. Аднак кароль, ужо адмовіўшыся ад ідэі заснаваньня двух калегіюмаў, усё ж запісаў 10,000 польскіх злотых у якасьці фундацыі Гарадзенскага калегіюму і прыступіў да будаўніцтва касьцёла. Стэфан Баторы зьвярнуўся наўпрост да папы Грыгорыя XIII, а той ужо настойліва рэкамэндаваў генэралу Клаўдыё Аквавіву прыняць фундацыю ў якасьці выключэньня з правілаў[4].

Фундаваны касьцёл будаваўся вельмі хутка, але заўчасная сьмерць Стэфана Баторыя ізноў перанесла цэнтар палітычнага жыцьця Рэчы Паспалітай з Горадні ў Кракаў і Вільню[5]. Праз два гады пасьля сьмерці караля яго цела было перанесеная ў Вавэльскі катэдральны сабор у Кракаве. Недабудаваны касьцёл быў перададзены прыходу, а пажалаваныя каралём угодзьдзі былі зданы ў арэдну з накіраваньнем плацяжоў на забясьпячэньне Віленскай акадэміі[6].

Пэрыяд прыватнага фундаваньня калегіюму

У другі раз езуіцкая місія зьявілася ў Горадні толькі ў 1623 годзе[7] (па іншых зьвестках у 1622 годзе)[5], дзякуючы старосьце гарадзенскаму Станіславу Касабуцкаму, які, выпраўляючыся на вайну з туркамі, запісаў у завяшчаньні на выпадак яго сьмерці вёску Сухая Баля езуітам, але даходаў ад гэтае фундацыі хапала толькі для адкрыцьця ў горадзе місіянэрскай станцыі[5].

Ужо ў 1558 годзе быў устаноўлены мінімум матэрыяльнай базы для адкрыцьця калегіюму[8]. Ён уключаў наяўнасьць жылога памяшканьня для саміх езуітаў, памяшканьне для заняткаў, касьцёла і набажэнстваў. Фундацыя павінна была забясьпечваць утрыманьне 14 чалавек (гэткі мінімум патрабаваўся для г. зв. граматыкальнай школы). У 1565 годзе мінімальны склад пэрсанала для калегіюмe павялічылі да 20 чалавек[8]. З-за магдэбурскага права Горадні і разьмяшчэньня яго сярод «каралеўскіх сталовых маёнткаў» такога буйнога патрона, як Радзівілы ў Нясьвіжы, гарадзенскаму дому ордэну езуітаў знайсьці не ўдалося. Пагэтаму далейшае яго разьвіцьцё зьвязвалася з паступовым назапашваньнем невялікіх фундацый[9]. Першымі буйнымі фундацыямі зьяўляліся:[10]

Фундатар Статус фундатара Фундацыя
Францішак Ісайкоўскі
(Franciszek Dołmat Isajkowski)
Мінулы настаяцель гарадзенскага прыходу, затым — смаленскі біскуп Угодзьдзі Сьвіслач
Кшыштаф Халецкі
(Krzysztof Chalecki)
Запісаныя на імя езуітаў угодзьдзі Харастоў (Horostów), Калбасіна (Kiełbasin) і Малахавічы (Małachowie)
Гіеронім Дзевалтоўскі
(Hieronim Dziewałtowski)
Чалец езуіцкага ордэну Запісаная Таварыству свая радавая вёска Шупене (Szupienie)

У 1630 годзе ў школе была заснаваная Марыянская Кангрэгацыя студэнтаў — самакіравальная грамадзкая арганізацыя навучэнцаў і бурса музыкантаў, якія ўпрыгожвалі ігрой прадстаўленьні школьнага тэатру. Праз тры гады, у 1633 годзе былі створаныя ўмовы, каб дадаць у адукацыйную праграму школы кляс паэтыкі. У 1645 годзе дадаўся кляс рыторыкі, пасьля чаго плянавалася цягам некалькіх год узьняць школу да ўзроўню поўнага калегіюму[11], але ў выніку войнаў, якія пачаліся ў 1648 годзе з паўстаньня Багдана Хмяльніцкага і, у прыватнасьці, нашэсьцяў маскоўскіх войскаў 1655—1662 гадоў горад быў спустошаным дашчэнту, а рэзыдэнцыя езуітаў прыпыніла сваю дзейнасьць.

Пасьляваенны пэрыяд існаваньня калегіюму

Другая палова XVII ст.

Новы этап разьвіцьця гарадзенскай школы езуітаў азнаменаваўся карэннымі зьменамі ў зьнешнім асяродзьдзі. Па заканчэньні паласы войнаў скончылася эпоха рэлігійнай талерантнасьці і наступіў час супрэмацыі каталіцызму. У адукацыйнай прасторы гэта садзейнічала суцэльнаму дамінаваньню езуіцкай школьнай сыстэмы[12].

Паводле форуму 1673 году Горадня была прызначаная месцам для кожнага трэцяга сойма Рэчы Паспалітай за выключэньнем элекцыйных, канвакацыйных і каронных[12]. Ведама, што ў час соймаў гарадзенскія езуіты прамаўлялі казані на польскай і нямецкай мовах[13].

Апошняя чвэрць XVII стагодзьдзя ў гісторыі гарадзенскага калегіюму характарызуецца буйным ростам[13]. Яго гадавы даход складаў у 1639 годзе — 300 злотых, у 1665 годзе — 1000 злотых, 1705 годзе — 3000 злотых, 1764 годзе — 8062 злотыя[13]. Для патрэбнасьцяў чальцоў калегіюму ў 1684 годзе было заснаванае новае структурнае падразьдзяленьне — аптэка. Чарговым сьведчаньнем росквіту гарадзенскага калегіюму езуітаў служыць ініцыяцыя місіянэрскіх станцыяў у Гольне, Котры, Дэмбрава, Мерачы, Ротніцы, Урдоміне і Ваўкавыску[14], даходы зь якіх былі пазьней выкарыстаныя на будаўніцтва Касьцёла Сьвятога Францішка Ксаверыя.

У час Паўночнай вайны ў 1709 годзе ў мурах гарадзенскага калегіюму стаў выкладацца курс філязофіі для клірыкаў[15] і быў пабудаваны асобны каменны будынак аптэкі. Курс філязофіі адносіў калегіюм да статусу вышэйшае школы, у выніку чаго ў 1713 годзе было арганізаванае абсталяваньне новага памяшканьня бібліятэкі і павялічэньня сабраных кнігаў[16]. Напярэдадні свайго закрыцьця ў 1773 годзе бібліятэка калегіюму налічвала 2311 тамоў[17].

Трыццатыя гады XVIII ст.

Наступная фаза актыўнага росквіту гарадзенскага езуіцкага калегіюму пачалася ў трыццатыя гады XVIII стагодзьдзя, чыім пачаткам стала аздабленьне касьцёла Францішка Ксаверыя ў 1736—1737 гадах галоўным алтаром работы Яна Хрысьціяна Шміта з Рэшлю[18]. Трохузроўневы скульптурны алтар паводле дагавору ня мог мець сабе падобных[19].

У 1737—1738 гадах у адукацыйную праграму калегіюму была ўведзеная маральная тэалёгія, што ў навуковым пляне набліжала калегіюм усутыч да акадэміі або ўнівэрсытэту[16]. У 1744 годзе было скончана будаўніцтва ўсяго комплексу калегіюмных будынкаў. У 1752 годзе былі канчаткова надбудаваныя вежы і купала касьцёла. У 1763 годзе надбудаваны паверх над аптэкай, а ў 1765 годзе — ліхтар па-над галоўным купалам касьцёла[20].

Эпоха Антонія Тызэнгаўза і роспуск ордэну езуітаў

У 1765 годзе Гарадзенскае староства ўзначаліў надворны падскарбі літоўскі Антоні Тызэнгаўз. Адначасова з навінкамі, якія ініцыяваліся Тызэнгаўзам, навацыі зьявіліся і ў езуіцкім калегіюме. У 1770—1773 гадах тут пачалі выкладаць матэматыку і сучасныя мовы: нямецкую і францускую[21]. У 1772 годзе быў адчынены шляхецкі канвікт (студэнцкі інтэрнат) і яго прэфэктарам быў прызначаны Францішак Ксаверы Богуш[22], які адыграў значную ролю ў пазьнейшым разьвіцьці сыстэмы адукацыі ў Рэчы Паспалітай[21].

Інавацыі, якія ўводзіліся новым гарадзенскім старостай былі апошнімі. У 1773 годзе ў Рыме папа выдаў булу аб роспуску Таварыства Ісуса. Пасьля гэтага гарадзенскі калегіюм езуітаў быў перададзены Камісіі нацыянальнай адукацыі, якая на яго базе ў Горадні стварыла акруговую школу, адну зь дзевяці ў Рэчы Паспалітай[21]. Гэта моцна адлюстравалася на кадравым складзе калегіюму. У 1772 годзе ён налічваў 42 чалавекі[21]. Месца для работы і пражываньня ў новай школе было дазволена толькі васьмі прафэсарам[21]. У часы Расейскай імпэрыі пераважная большасьць будынкаў калегіюму езуітаў была занятая пад казённыя ўстановы[17].

Remove ads

Выпускнікі

Дадатковыя зьвесткі

Крыніцы

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads