Друкарня Мамонічаў
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Друка́рня Мамо́нічаў была заснаваная ў Вільні Пётрам Мсьціслаўцам на сродкі магілёўскіх купцоў Мамонічаў у 1574 годзе. У ёй былі аддрукаваны ад 80 да 100 кнігаў, зь іх каля паловы — па-старабеларуску. Кнігі вызначаліся высокім паліграфічным і мастацка-арнамэнтальным аздабленьнем.
Была адзінай беларускай друкарняй, якая выпускала зборнікі заканадаўчых актаў, у тым ліку Статут ВКЛ, «Трыбунал абывацелям Вялікага Княства Літоўскага», канстытуцыі «вальных» соймаў.
Remove ads
Пачатак працы
У траўні 1574 году ў хаце Лукаша і Кузьмы Мамонічаў была арганізаваная друкарня Пётры Мсьціслаўца. Матэрыяльную дапамогу Мсьціслаўцу аказвалі таксама актыўныя прыхільнікі праваслаўя браты Зарэцкія. Маёмасьць Мсьціслаўца ў друкарні не выкарыстоўвалася[1].
Першая кніга — літургічнае «Эвангельле напрастольнае» — выйшла 30 сакавіка 1575 году. Кніга мела «густоўнага рысунку» шрыфт, які праектаваў, выразаў ды адліў для свае друкарні сам Мсьціславец. Мова кнігі, як выданьня прызначанага для богаслужэбнага ўжытку ў праваслаўных цэрквах, была царкоўнаславянская[2]. 16 студзеня 1576 году выйшаў «Псалтыр», пасьля — «Часовник».
Як вынікае з пасьляслоўяў да выдадзеных кнігаў, Пётра Мсьціславец за галоўных ініцыятараў і мэцэнатаў стварэньня друкарні ўважаў братоў Івана й Зянова Зарэцкіх, якія былі багатымі і ўплывовымі прадстаўнікамі тагачаснага купецкага стану ў Вільні ды займалі адказныя адміністрацыйна-дзяржаўныя пасады.
Пасьля таго, як у 1576 годзе каралём стаў зацяты каталік і заступнік езуітаў Стэфан Баторы, паміж Мсьціслаўцам і Мамонічамі пачаўся канфлікт. Паводле пастановы суду друкарскае абсталяваньне было прысуджанае Мсьціслаўцу, а выдадзеныя кнігі — Кузьму Мамонічу пасьля сплаты ім Мсьціслаўцу 30 копаў грошаў «личбы литовское». Пастанова суду так і не была выкананая, таму ў 1577 годзе суд паўторна вынес вырак і прызначыў штраф. Друкарня была апячатаная і не працавала[1].
Далейшых зьвестак пра жыцьцё і дзейнасьць Мсьціслаўца не захавалася. Праз 20 гадоў ад віленскае судовае справы ягоныя шрыфты зьявіліся на Валыні, у Астроскай друкарні[3].
Remove ads
Па Мсьціслаўцы
Пасьля гэтага чарговыя кнігі друкуюцца іншым шрыфтом, што можа сьведчыць пра спагнаньне судом належнага Мсьціслаўцу друкарскага абсталяваньня.
У 1582 годзе ў Вільню прыяжджаў зь Львова заблудавец Грынь Івановіч, памочнік Івана Федаровіча Масквіціна, які нарэзаў і адліў Мамонічам два камплекты шрыфтаў — адзін буйнейшы, другі меншы, курсіўны. Гэты шрыфт заставаўся адзіным кірылічным курсіўным шрыфтам ажно да 1730-х гадоў.
У 1583 годзе дзейнасьць друкарні была ўзноўленая пад кіраўніцтвам Кузьмы Мамоніча, ягонага брата Лукі і сына Кузьмы Льва (Лявона Кузьміча). Магчыма, зь імі супрацоўнічаў віленскі друкар Васіль Гарабурда(ru), які выдаў у 1582 (або 1580) годзе Актоіх[1].
Да падпісаньня Берасьцейскай царкоўнай уніі 1596 году друкарня збольшага абслугоўвала патрэбы праваслаўных братэрстваў, братэрскіх школаў, цэркваў, простых местачкоўцаў. Выпускаліся багаслоўскія і літургічныя выданьні, кнігі для чытаньня, публіцыстычныя творы, падручнікі, зборнікі заканадаўчых актаў, выданьні прававога характару, канстытуцыі вальных соймаў, палемічныя творы Іпаці Пацея[4].
З XVII стагодзьдзя друкарня забясьпечвала патрэбы выключна ўніятаў[1]. Справамі распараджаўся Лявон Кузьміч Мамоніч, імя якога ў выходных зьвестках выданьняў зьявілася ў 1609 годзе. Адсутнасьць кнігаў для праваслаўных сьведчыць пра адхіленьне Кузьмы і Лукі Мамонічаў ад справаў і пераходу кіраваньнем у рукі Лявона[1]. Па сьмерці Кузьмы 16 ліпеня 1607 году Лявон успадкаваў друкарню[4].
За часы існаваньня друкарні Мамонічаў зь яе выйшлі каля 100 рэлігійных і сьвецкіх выданьняў у беларускай, царкоўнаславянскай і польскай мовах. Матэрыялы друкарні часткова перайшлі ва ўласнасьць віленскай Траецкай друкарні[4].
Remove ads
Статут ВКЛ

Трэці статут ВКЛ друкаваўся тут у 1588, 1592—1593, 1594—1595 гадох.
Для выданьня Літоўскага Статуту Мамонічы набылі Львоўскую друкарню Івана Федаровіча[5]. Для друку быў выкарыстаны кірылічны курсіўны шрыфт Грыня Івановіча, пры стварэньні якога за ўзор было ўзятае тагачаснае беларускае скорапіснае пісьмо віленскае вялікакняскае канцылярыі[6].
У 1614 і 1619 гадох з друкарні Мамонічаў выходзілі пераклады Статуту на польскую мову.
Выданьні

Пётры Мсьціслаўца
- «Эвангельле напрастольнае» (1575)
- «Псалтыр» (1576)
- «Часоўнік» (1576)
Мамонічаў
- «Службоўнік» (1583; шрыфт скапіяваны са шрыфту Мсьціслаўца[1])
- «Зборнік» (1585; выданьне прысьвечанае канцлеру Валовічу[1])
- «Псалтыр з аднаўленьнем» (1586; копія Псалтыру, выдадзенага Іванам Федаровічам у друкарні ў Заблудаве ў 1570 годзе[1])
- «Кграматыка словенська языка» (8 кастрычніка 1586 году; пераклад працы сэрбскага аўтара XIV стагодзьдзя пра восем часьцінаў мовы, складзены паводле грэцкіх узораў. У пасьлямоўі сказана, што падручнік выдадзены на прозьбу жыхароў Вільні[1])
- «Дыялектыка» (каля 1586)
- «Трыбунал абывацелям Вялікага Княства Літоўскага» (1586, у 1614 годзе выйшла выданьне на польскай мове)
- «Статут ВКЛ» (1588; у 1614 годзе выйшла выданьне на польскай мове[4]
- «Буквар» (1590-я, 1618, 1621)
- «Эвангельле» (1600; два выданьні ў адзін год. Спрошчаны варыянт Эвангельля Мсьціслаўца[1])
- «Малітвы паўсядзённыя» (1601)
- «Апалёгія флярэнтыйскага сабору» (1604)
- Язэп Руцкі. «Тэзы» (1608)
- «Гармонія… ўсходняй царквы з касьцёлам рымскім» (каля 1608)
- «Трыёдзь каляровая» (1609; копія маскоўскага выданьня 1591 году[1])
- «Трыёдзь посная бяз выхаду» (каля 1609; копія маскоўскага выданьня 1589 году[1])
Remove ads
Глядзіце таксама
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads