Дыжон

From Wikipedia, the free encyclopedia

Дыжон
Remove ads

Дыжон (па-француску: Dijon) — галоўны горад былога герцагства Бургундзкага, потым правінцыі Бургундыі, цяпер францускага дэпартамэнту Кот-д’Ор і рэгіёну Бургундыя-Франш-Камтэ (да 1 студзеня 2016 году — рэгіёну Бургундыя). На 1 студзеня 2021 году насельніцтва складае 159 346 чалавек[1].

Хуткія факты
Remove ads

Гісторыя

Дыжон быў ужо ў часы рымлянаў умацаваным месцам. У 1183 годзе атрымаў гарадзкія правы. Хрысьціянства ў гэтыя месцы прынёс пакутнік Бянігн Дыжонскі, які лічыцца нябесным заступнікам гораду.

Сваім палітычным значэньнем ў Сярэднявечча Дыжон абавязаны рашэньню герцага Робэрта I перанесьці сюды сталіцу ўсёй Бургундыі. Тым ня менш сапраўдны мастацкі й эканамічны росквіт Дыжону зьвязаны з кіраваньнем бургундзкіх герцагаў дынастыі Валюа ў XV стагодзьдзі. Менавіта тады ў горадзе працавалі выдатныя майстры готыкі на чале са скульптарам Сьлютэрам.

Пасьля далучэньня да Францыі ў 1477 годзе Дыжон заставаўся месцазнаходжаньнем Бургундзкага парлямэнту. Калі Людовік XIV заваяваў Франш-Комтэ, Дыжон з памежнага мястэчка ператварыўся ў буйны эканамічны й адміністрацыйны цэнтар. У Дыжоне нарадзіліся кампазытар Жан-Філіп Рамо й інжынэр Аляксандар Густаў Эйфэль.

Remove ads

Геаграфія

Горад разьмешчаны за 326 км на паўднёвы ўсход ад Парыжу, ля ўсходняга схілу Кот-д’Ор, пры ўпадзеньні Сюзон у раку Уш і пры Бургундзкім канале, які злучае сыстэму рэк Соны й Роны з ракой Сэнай; вузлавы пункт Парыска-Ліёнскай чыгункі.

Адукацыя

У Дыжоне функцыянуюць 15 ВНУ: унівэрсытэт Бургундыі, Нацыянальная школа прыгожых мастацтваў, мэдычная i фармацэўтычная школы, багаслоўская сэмінарыя, сэмінарыя для настаўнікаў і для настаўніц. Маюцца розныя навуковыя таварыствы, бібліятэка з 80 тысячаў тамоў і 900 рукапісаў, батанічны сад, абсэрваторыя й іншыя.

Эканоміка

Маюцца ліцейныя й аўтамабільныя заводы; разьвіта вытворчасьць ваўняных і баваўняных тканінаў, скуры, сусьветна вядомай гарчыцы, бочарных і васковых вырабаў, шпалераў, аўтамашын, хімічных прадуктаў. Таксама разьвіта вінаробства, садоўніцтва, кветкаводзтва; гандаль віном, дыжонскай гарчыцай і іншымі мясцовымі прадуктамі.

Славутасьці

Дыжон адносна мала пацярпеў у войнах апошніх двух стагодзьдзяў. У цэнтры захаваліся дамы XII—XV стагодзьдзяў і палац герцагаў Бургундзкіх зь вежай Філіпа Добрага; сваім цяперашнім абліччам ён абавязаны перабудовам XVII—XVIII стагодзьдзяў. Зараз палацавыя залы дзеляць ратуша й музэй выяўленчых мастацтваў з багатай калекцыяй старажытнафранцускага й старажытнанідэрляндзкага жывапісу.

Спорт

У горадзе месьціцца футбольны клюб «Дыжон».

Гарады-сябры

Сярод гарадоў Францыі Дыжон займае адно зь першых месцаў па колькасьці гарадоў-сяброў. Акрамя таго, Дыжон адзін зь першых гарадоў Францыі, які пасьля Другой сусьветнай вайны стаў сябрам з горадам Нямеччыны.

Асобы

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads