Дырк Навіцкі
нямецкі баскетбаліст From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Дырк Наві́цкі (па-нямецку: Dirk Nowitzki; нар. 19 чэрвеня 1978 году, Вюрцбург, Заходняя Нямеччына) — нямецкі прафэсійны баскетбаліст. Пачынаў кар’еру на радзіме ў клюбе «Вюрцбург». У 1998 годзе быў абраны ў першым раўндзе драфту НБА клюбам «Мілўокі Бакс», але цягам усёй кар’еры НБА бараніў колеры толькі «Далас Мавэрыкс».
Remove ads
Кар’ера
Клюбная
Ягоным першым трэнэрам быў Піт Шталь, які часьцей выкарыстоўваў Дырка як цяжкога форварда з добрымі кідкамі, чым як цэнтравога. Пачынаў сваю кар’еру ў Другой бундэсьлізе, дзе хутка замацаваўся ў асноўным складзе «Вюрцбургу». У 1996 годзе «Барсэлёна» хацела падпісаць кантракт з Навіцкім, але той адмовіўся пераходзіць, пакуль не атрымае сэртыфікат адукацыі.

Пасьля павышэньня «Вюрцбургу» ў клясе, атрыманьня дыплёма і праходжання вайсковай службы Навіцкі разглядаў НБА як варыянт для свайго будучага працаўладкаваньня. У выніку баскетбаліст быў абраны пад 9-м нумарам драфту клюбам «Мілўокі Бакс». Аднак, гулец адразу быў абменены ў «Далас Мавэрыкс» паводле ўгоды. Будучая зорка Стыў Нэш, які хутка стаў сябрам Навіцкага, таксама далучыўся да каманды ў рамках гэтага абмену[7]. На другім годзе кар’еры немец зьбіраў у сярэднім 17,5 пунктаў, рабіў 6,5 падбораў і 2,5 перадачы за гульню, праводзячы на пляцоўцы 35,8 хвілінаў. Спартовец зрабіў дзевяць дабл-даблаў і двойчы ўсталёўваў рэкордныя для сваёй кар’еры 32 пункты за гульню. У сэзоне 2000—2001 гадоў Навіцкі працягваў паляпшаць сваю гульню, набіраючы ў сярэднім 21,8 пунктаў. У рэгулярным сэзоне толькі ён і капітан каманды Майкл Фінлі зьявіліся ўва ўсіх 82 матчах. Навіцкі стаў першым гульцом «Мавэрыкс», якога абралі ў трэцюю зборную ўсіх зорак НБА. У плэй-оф баскетбаліст набраў 42 пункты ў матчы супраць «Сан-Антоніё Спэрз», але гэта не дапамагла камандзе захаваць месца ў турніры.
Напярэдадні сэзону 2001—2002 гадоў Навіцкі ўзгодніў новы шасьцігадовы кантракт на 90 мільёнаў даляраў, што зрабіла яго другім паводле заробку нямецкім спартоўцам у сьвеце пасьля чэмпіёна Формулы-1 Міхаэля Шумахэра. Як і годам раней каманда выбыла паводле вынікаў другога раўнду плэй-оф. У наступным сэзоне Навіцкі палепшыў сваю выніковасьць, маюы ў сярэднім 25,1 пунктаў, робячы 9,9 падбораў і 3,0 перадачы за гульню. Баскетбаліст таксама адзначыўся 41-м дабл-даблам, заняўшы 7-е месца ў гісторыі паводле колькасьці набраных пунктаў, ды стаў першым эўрапейскім гульцом, які набраў 2 тысячы пунктаў за сэзон у НБА. У плэй-оф «Мавэрыкс» дакрочыў да фіналу Заходняй канфэрэцыі, дзе іх чакаў «Сан-Атоніё Спэрз». У трэцяй гульні Навіцкі атрымаў траўму калена, а без свайго лідэра даласцы прагулялі ў сэрыі. У 2003 годзе гулец зьмяніў сваё амплюа, стаўшы цэнтравым. Дзеля гэтага немец займаўся ў мацоўні, каб павялічыць цяглічную масу. 2 сьнежня 2004 году Навіцкі набраў 53 пункты ў авэртайме супраць «Г’юстан Рокетс», усталяваўшы новы асабісты рэкорд. Перад сэзонам 2005—2006 гадоў вэтэран-капітан «Мавэрыкс» Майкл Фінлі пакінуў каманду, такім чынам, немец стаў галоўнай зоркай каманды. Ён палепшыў свой адсотак трапнасьці двухпунктавых кідкоў да 48,0%, трохпунктавых — да 40,6%, а штрафных кідкоў — да 90,1%. У выніку Навіцкі зноў быў абраны ў першую зборную ўсіх зорак НБА. Даласцы дакрочылі да фіналу Заходняй канфэрэнцыі, дзе сустрэліся зь «Фінікс Санз». Гулец набраў 50 пунктаў і прывёў каманду да вырашальнай перамогі ў 5-й сустрэчы. «Мавэрыкс» выйгралі наступныя дзьве гульні і выйшлі ў фінал НБА, дзе сустрэліся з «Маямі Гіт».

У сэзоне 2006—2007 гадоў Навіцкі быў названы самым каштоўным гульцом НБА. Ён усталяваў новы рэкорд НБА паводле алсотку трапнасьці двухпунктавых кідкоў — 50,2%. У сэзоне 2008—2009 гадоў Навіцкі зьбіраў у сярэднім 25,9 пунктаў, рабіў 8,4 падбораў і 2,4 перадачы за гульню. Ён заняў чацьвертае месца ў лізе паводле колькасьці набраных пунктаў за сэзон, а таксама быў чацьверты раз абраны ў першую зборную ўсіх зорак НБА. Праз год ён быў абраны на Матч усіх зорак НБА ў дзявяты раз у сваёй кар’еры. 5 ліпеня 2010 году Навіцкі, ужо як вольны агент, пагадзіўся на новы кантракт з клюбам на суму 80 мільёнаў даляраў на чатыры гады. Найбольш значнай зьменай у складзе каманды ў сэзоне 2010—2011 гадоў стаў пераход Тайсана Чэндлера. Навіцкі атрымаў траўму ў сярэдзіне сэзону, тым ня менш «Мавэрыкс» прабіліся ў плэй-оф. Тэхасцы адолелі ў плэй-оф «Портлэнд Трэйл Блэйзэрз», «Лос-Анджэлес Лэйкерз» і «Аклагому-Сіці Тандэр», трапіўшы ў фінал на «Маямі Гіт». Падчас першай гульні, у якой перамогу сьвяткавалі «Гіт», Навіцкі парваў сухажылу сярэдняга пальца левай рукі, але МРТ выявіла, што траўма ня будзе замінаць баскетбалісту. У выніку Навіцкі быў узнагароджаны званьнем самага каштоўнага гульца фіналу НБА, а ягоная каманда стала чэмпіёнам НБА.
Не зважаючы на добрую форму немца ў наступным сэзоне, каманда выбыла ўжо ў першым раўндзе плэй-оф. У кастрычніку 2012 году Навіцкі перанёс апэрацыю на калене, у выніку якой прапусьціў 27 гульняў сэзону. 29 студзеня 2014 году Навіцкі набраў свой 26 000-ы пункта у матчы супраць «Г’юстан Рокетс». 15 ліпеня 2014 году немец зноў падпісаў кантракт з «Мавэрыкс»[8], як паведамлялася, паводле ўмоваў гулец мусіў быць часткай каманды наступыя тры гады. 23 сьнежня 2015 году Навіцкі абышоў Шакіла О’Ніла і заняў шостае месца ў сьпісе найлепшых бамбардзіраў НБА за ўсе часы. 27 ліпеня 2016 году гулец зноў узгодніў новы кантракт з клюбам[9], але прапусьціў некалькі гульняў у пачатку сэзону праз праблемы з ахілавым сухажылам[10]. 7 сакавіка 2017 году ў пераможным матчы супраць «Лос-Анджэлес Лэйкерз» Навіцкі стаў шостым гульцом у гісторыі НБА, які набраў 30 000 пунктаў у рэгулярным сэзоне. Пасьля сэзону 2016—2017 гадоў Навіцкі скарыстаўся сваім правам гульца стаць вольным агентам. Гэты крок дазволіў «Мввэрыкс» перападпісаць зь ім кантракт зь меншымі грашыма і займець магчымасьць шукаць іншых свабодных агентаў[11]. У красавіку 2018 году баскетбалісту зрабілі апэрацыю на шчыкалатцы. 23 ліпеня 2018 году Навіцкі падоўжыў кантракт з клюбам на сэзон 2018—2019 гадоў[12], які стаў апошнім для гульца.
Міжнародная

Навіцкі бараніў колеры зборнай Нямеччыны з 1997 году. У сваім дэбютным турніры на чэмпіянаце Эўропы 1999 году 21-гадовы Дырк быў ключавым гульцом у нападзе зборнай, але каманда фінішавала толькі на сёмым месцы і ня здолела кваліфікавацца на летнія Алімпійскія гульні 2000 году. На чэмпіянаце Эўропы 2001 году Навіцкі быў найлепшым бамбардзірам турніру зь сярэднім паказьнікам у 28,7 пунктаў за гульню. Нямеччына дакрочылася да паўфіналу турніру, дзе саступіла зборнай Турэччыны. У суцяшальным матчы за бронзавыя мэдалі немцы таксама саступілі зборнай Гішпаніі. Нарэшце Навіцкі здабыў свае першыя мэдалі ў складзе зборнай, прывёўшы нямецкую каманду да бронзавых мэдалёў чэмпіянату сьвету 2002 году. Дырк стаў самым каштоўным гульцом турніру. Чэмпіянат Эўропы 2003 году стаў адным з найбуйнейшых расчараваньняў для Навіцкага і ўсёй зборнай. На чэмпіянаце Эўропы 2005 году баскетбаліст вярнуўся ў выдатную форму. Ён нечакана вывеў саслабленую нямецкую каманду ў фінал, перамагшы фаварытаў зборную Славенію ў чвэрцьфінале і зборную Гішпанію ў паўфінале. Не зважаючы на паразу ў фінале ад зборнай Грэцыі зь лікам 78:62, Навіцкі стаў самым выніковым гульцом турніру, набіраючы ў сярэднім 26,7 пунктаў за гульню. Ён быў абраны самым каштоўным гульцом турніру, а калі яго замянілі ў канцы фінальнага матчу, спартовец атрымаў бурныя авацыі ад заўзятараў, якія ён пазьней прыгадваў як найлепшы момант сваёй кар’еры.
Не зважаючы на дрэнныя вынікі на наступных турнірах, нямецкая зборная ўпершыню за шмат гадоў кваліфікавался на летнія Алімпійскія гульні 2008 году. Навіцкі быў абраны сьцяганосцам алімпійскай зборнай Нямеччыны на цырымоніі адкрыцьця. Гулец прапусьціў чэмпіянат Эўропы 2009 году і чэмпіянат сьвету 2010 году. Улетку 2011 году баскетбаліст гуляў у складзе зборнай на чэмпіянаце Эўропы 2011 году, дзе каманда заняла дзявятае месца. У 2015 годзе Навіцкі быў капітанам зборнай на хатнім чэмпіянаце Эўропы, але здабыўшы перамогу толькі ў адным матчы немцы бясслаўна выбылі з турніру яшчэ на групавым этапе[13]. У студзені 2016 году Навіцкі афіцыйна абвесьціў аб сваім сыходзе з нацыянальнай зборнай[14][15].
Remove ads
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads