Дэвальвацыя беларускага рубля

From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Дэвальва́цыя белару́скага рубля́ — аднамомантавыя паніжэньні абменнага курсу нацыянальнае валюты ў 1999, 2009, 2011 і 2014/2015 гадох.

1999

У 1999 годзе курс беларускага рубля быў зьніжаны на 37% адносна даляру ЗША[1]. Паводле зьвестак Сусьветнага банку, дэвальвацыя 1999 году ў Беларусі была найбольш значнай дэвальвацыяй нацыянальнай валюты ў сьвеце ў 1999 годзе і адной з набуйнейшых дэвальвацыяў за пэрыяд 1990—2010 гадоў: нароўні з Інданэзіяй (37%, 1998) пасьля Аргентыны (54%, 2002), Этыёпіі (54%, 1992) і Расеі (38%, 1998)[2][3].

2009

1 студзеня 2009 году Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь аднамомантава зьнізіў курс беларускага рубля на 20,5% адносна даляру ЗША. Адначасна з гэтым Нацбанк перайшоў да прывязкі курсу рубля да кошыку валют, у склад якое ўлучаныя даляр, эўра і расейскі рубель у роўных долях[4].

2011

Хуткія факты Вонкавыя відэафайлы ...

У пачатку 2011 году кіраўнік Нацбанку Пётар Пракаповіч неаднаразова заяўляў пра тое, што дэвальвацыі ў Беларусі не плянуецца, курс беларускага рубля ў адносінах да кошыку валют утрымаецца ў васьміадсоткавым калідоры[5], а паказьнікі, зацьверджаныя ў Асноўных кірунках грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі, ня будуць парушацца.

« Пакуль я зьяўляюся старшынём праўленьня Нацбанку, ніякай разавай дэвальвацыі за адзін раз ніколі ня будзе. У нас дастаткова досьведу, які мы назапасілі за 15 гадоў, і гэты досьвед сьведчыць аб тым, што гэта дрэннае рашэньне для беларусаў. Калі дрэннае рашэньне, мы яго выконваць ня будзем. <…> Нават дэвальвацыі ў 5% у нас ніколі ня будзе. »

Telegraf.by, Пракаповіч: нават дэвальвацыі ў 5% у Беларусі ніколі ня будзе, 17 сакавіка 2011

23 траўня 2011 году Нацыянальны банк аднамомантава зьнізіў курс беларускага рубля на 56,2% адносна даляру ЗША да ўзроўню 4930 рублей за 1 даляр[6], пачынаючы з наступнага дню. Паводле зьвестак Сусьветнага банку, такое паніжэньне курсу стала сусьветным рэкордам па дэвальвацыі нацыянальнае валюты за 20-гадовую сусьветную гісторыю, апярэдзіўшы этыёпскую дэвальвацыю 1992 году і аргентынскую 2002 году[3].

Адначасна з 24 траўня цэнтральнае значэньне рублёвага кошту кошыка валют было ўсталяванае на адзнацы 1810 рублёў, і Нацбанк пачаў адлік 12-ціадсоткавага калідору ад гэтага значэньня[7].

2014—2015

У 2014 року ў сувязі з крызісам у суседняй Расеі(ru) і абвалам курсу расейскага рубля (калі на пачатак 2014 року курс даляра ЗША складаў 32,66, а эўра — 45,06 рас. рублёў[8][9], дык 16 сьнежня даляр дасягаў 80,1 а эўра — 100,74 рублёў, хоць у другой палове дня стабілізаваўся на адзнацы 67,89 і 85,15 рублёў адпаведна[10]) падвысіліся дэвальвацыйныя чаканьні і ў Беларусі[11][12], эканоміка якой моцна завязаная на экспарт у Расею[13]. Да таго ж на пачатку году ўласную валюту дэвальваваў яшчэ адзін партнэр Беларусі па Мытным зьвязеКазахстан[14]. Незалежныя экспэрты пасьля гэтага пачалі прагназаваць дэвальвацыю і беларускай валюты, хоць і разыходзіліся ў думках наконт яе ступені[14]. Афіцыйныя ж улады заяўлялі, што падзеньне курсу расейскай ды казахстанскай валютаў ніякім чынам не адаб’ецца на беларускім рублі. Так, намесьнік кіраўніка Нацбанку Тарас Надольны паведаміў, што ніякіх адыходжаньняў ад закладзенага ў бюджэт сярэдняга курсу даляра 9800 рублёў не плянуецца[15]; Аляксандар Лукашэнка да канца году прадказваў плаўную дэвальвацыю 5-6%[16]; міністра эканомікі Мікалай Снапкоў адзначаў, што дзеля беларускіх прадпрыемстваў дэвальвацыі праводзіць не плянуецца, і яна можа быць адмоўнай для ўнутранага рынку[17]. Яшчэ 18 сьнежня Лукашэнка пацьвердзіў, што дэвальвацыі беларускага рубля ўвасьлед за расейскім ня будзе[18].

19 сьнежня пасьля дакладу на сумесным паседжаньні Савету Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу намесьнік прэм’ер-міністра Пётар Пракаповіч, адказваючы на пытаньні журналістаў, заўважыў, што «дэвальвацыі ня будзе, хоць гэта і не ад яго залежыць»[19], а беларускім імпартэрам «будуць кампэнсаваныя страты ад дэвальвацыі»[20]. У той жа дзень Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь увёў абавязковы 30%-вы збор за набыцьцё валюты юрыдычнымі і фізычнымі асобамі[21], які першапачаткова меў дзейнічаць да 1 лютага[22], аднак паступова быў зьменшаны сьпярша да 20%[23], пасьля да 10%[24], а 8 студзеня 2015 быў скасаваны канчаткова[25]. Экспэрты назвалі такі крок «схаванай дэвальвацыяй»[22][26], што пацьвердзілася пасьля скасаваньня збору за набыцьцё валюты. Так, калі 19 сьнежня 2014 року афіцыйны курс даляру складаў 10 890 руб., а эўра — 13 390 руб.[27], дык 9 студзеня (наступны дзень па скасаваньні збору) даляр каштаваў 13 760 рублёў, а эўра — 16 240 руб.[28] (то бок адносна даляру рубель абясцэніўся на 26,35%, адносна эўра — на 21,28%). Пасьля гэтага курс рубля працягнуў падзеньне і на 18 лютага 2015 склаў 14 910 руб./даляр ЗША і 16 930 руб./эўра[29] (36,91% і 26,43% адпаведна). Самалёты з валютай[30] так і не даляцелі.

Remove ads

Глядзіце таксама

Крыніцы і заўвагі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads