Вайсковая акадэмія Рэспублікі Беларусь

вышэйшая вайсковая навучальная ўстанова Беларусі, заснаваная ў траўні 1995 году на аснове 2 Менскіх вышэйшых вайсковых вучэльняў: інжынэрна From Wikipedia, the free encyclopedia

Вайсковая акадэмія Рэспублікі Беларусь
Remove ads

Вайсковая акадэмія Рэспублікі Беларусь[1] (ВАРБ) — вышэйшая вайсковая навучальная ўстанова Беларусі, заснаваная ў траўні 1995 году на аснове дзьвюх Менскіх вышэйшых вайсковых вучэльняў: інжынэрнай, якая існавала з траўня 1953 году, і каманднай, што існавала з 1980 году[2].

Хуткія факты Заснаваны, Тып ...

На 2018 год ВАРБ рыхтавала афіцэраў для тактычнага, апэратыўнага і апэратыўна-стратэгічнага зьвяна. Працавала магістратура, ад’юнктура і дактарантура. Існаваў навукова-дасьледчы палігон. Штомесяц па-расейску выходзіла газэта «Час патрыётаў». Штоквартал па-расейску выпускалі «Зборнік навуковых артыкулаў Вайсковай акадэміі Рэспублікі Беларусь». Налічвалася 10 факультэтаў, у тым ліку факультэт Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў і факультэт павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў[3]. Курсантаў рыхтавалі цягам 4—5 гадоў для замяшчэньня першасных афіцэрскіх пасадаў з прысваеньнем званьня «лейтэнант». Сярод амаль 700 выкладнікаў звыш 200 мелі навуковыя ступені і званьні, у тым ліку налічвалася 18 прафэсараў. Аўдыторыі, клясы і лябараторыі аснашчаліся кампутарамі і прыладамі аўтаматыкі. Бібліятэка мела пераважна тэхнічную літаратуру і мела чытальні з кампутарамі для доступу ў Сеціва. Спартовыя залі мелі трэнажоры. Налічвалася звыш 10 спартовых сэкцыяў. У навучаньні пераважала цялесная падрыхтоўка. Курсантаў забясьпечвалі харчаваньнем і грашовай стыпэндыяй. Вакацыі складалі 14 дзён узімку і 30 дзён улетку. З трэцяга курсу навучэнцы пражывалі ў інтэрнаце. Пасьля заканчэньня навучаньня прадугледжвалася прафэсійнае працаўладкаваньне[4]. Месьцілася ў Першамайскім раёне Менску пад адрасам прасп. Незалежнасьці, д. 220[5].

Паводле 15-га артыкула Статуту ВАРБ 2003 году, «Навучаньне ў Вайсковай акадэміі ажыцьцяўляецца на расейскай і беларускай мовах, а пры патрэбе — на замежных мовах». Згодна з 34-м артыкулам «Форма атрыманьня адукацыі ў Вайсковай акадэміі — вочная, завочная і сушукальніцтва». Паводле 37-га артыкула, «Вайсковую акадэмію ўзначальвае начальнік, якога прызначае на вайсковую пасаду і вызваляе ад яе прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь на прадстаўленьне міністра абароны». Таксама прэзыдэнт Беларусі прызначае і вызваляе ад пасады 1-га намесьніка начальніка ВАРБ і начальніка факультэту Генэральнага штаба Ўзброеных сілаў. Згодна з 47-м артыкулам Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь ажыцьцяўляе матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне 9 з 10 факультэтаў ВАРБ. Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь забясьпечвае факультэт унутраных войскаў ВАРБ[6].

На 2024 год кіраваньне ВАРБ ажыцьцяўлялі начальнік Андрэй Гарбаценка, 1-ы намесьнік Дзьмітры Собаль і 5 намесьнікаў па: навучальнай працы — Алег Жураўлёў, ідэалягічнай працы — Сяргей Глазырын, узбраеньні — Андрэй Шчур, матэрыяльным забесьпячэньні — Уладзімер Ярашэвіч, навуковай супрацы — Дзьмітры Сахарук[7].

Remove ads

Факультэты

Thumb
Факультэт Генэральнага штаба Ўзброеных сілаў ВАРБ (2018 г.)

На 2018 год Вайсковая акадэмія Рэспублікі Беларусь налічвала 10 факультэтаў, у тым ліку факультэт павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў і факультэт Генэральнага штаба, на якіх рыхтавалі афіцэраў па 42 спэцыяльнасьцях[8].

  • Авіяцыйны. Створаны ў 1995 годзе. Вёў падрыхтоўку па 6 спэцыяльнасьцях: за 4 гады і 3 месяцы — пілётаў верталётаў (Мі-2, Мі-8 і Мі-24) і самалётаў (Як-52 і Л-39), за 4 гады — кіраўнікоў паветраным рухам, інжынэраў навігацыі, радыёэлектронікі, сілавых установак і ўзбраеньня летакоў. Меў лётна-мэтадычны аддзел, аэрадромную базу, батальён курсантаў і 3 катэдры: 1) авіяцыйнай тэхнікі і ўзбраеньня, 2) авіяцыйных радыёэлектронных сыстэмаў, 3) лётнай падрыхтоўкі і баявога прымяненьня авіяцыі[9].
  • Агульнавайсковы. Утвораны 10 траўня 1980 году. Рыхтаваў афіцэраў па 5 спэцыяльнасьцях: інжынэраў мотастралковага і танкавага падразьдзяленьня, кіраўнікоў забесьпячэньня гаруча-змазачнымі матэрыяламі, ідэёлягаў і псыхолягаў. Налічваў батальён курсантаў і 4 катэдры: 1) агнявой падрыхтоўкі, 2) тактыкі, 3) тылавога забесьпячэньня, 4) уладкаваньня і эксплюатацыі бранятанкавага ўзбраеньня[10].
  • Вайсковай выведкі. Адчынены 20 ліпеня 2009 году. Навучаў афіцэраў па 4 спэцыяльнасьцях: цягам 5 гадоў — інжынэраў сувязі па радыёэлектроннай барацьбе і выведцы, за 4 гады — кіраўнікоў спэцыяльнымі падразьдзяленьнямі і вайсковай выведкай зь веданьнем замежных моваў і кіраўнікоў мабільнымі (паветрана-дэсантнымі) падразьдзяленьнямі. Меў батальён курсантаў і 3 катэдры: 1) выведкі і замежных войскаў, 2) радыёэлектроннай выведкі і барацьбы, 3) сілаў спэцыяльных апэрацыяў і вайсковай выведкі[11].
  • Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў (да 22 сакавіка 2006 году — камандна-штабны). Заснаваны 1 верасьня 1995 году[12]. Месьціўся ў Першамайскім раёне Менску па вул. Славінскага, д. 4[13]. Рыхтаваў у магістратуры афіцэраў з досьведам вайсковай службы па 7 спэцыяльнасьцях: кіраўнікоў злучэньняў і вайсковых частак Сухапутных войскаў, тэрытарыяльнай абароны, войскаў сувязі, радыётэхнічнай выведкі, радыёэлектроннай барацьбы, інжынэрных войскаў, радыяцыйнай, хімічнай і біялягічнай абароны, вайсковай і спэцыяльнай выведкі, унутраных войскаў, комплекснай абароны інфармацыі, мабілізацыйных кіраўнікоў вайсковых камісарыятаў, кіраўнікоў злучэньняў і вайсковых частак войскаў супрацьпаветранай абароны, Вайскова-паветраных сілаў, ракетных войскаў і артылерыі, кіраўнікоў тылавым і тэхнічным забесьпячэньнем і ідэёлягаў[14]. Налічваў 4 катэдры: 1) апэратыўнага мастацтва, 2) ваеннай стратэгіі, 3) відаў забесьпячэньня, 4) дзяржаўнага і вайсковага кіраваньня[15].
  • Павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. Створаны 4 студзеня 2004 году. Праводзіў 98 відаў афіцэрскіх курсаў, у тым ліку Вышэйшых акадэмічных, з удзелам 32 катэдраў ВАРБ. Улучаў кампутарную клясу і 7 аўдыторыяў, зь іх 3 — для Вышэйшых акадэмічных курсаў і 2 — для вывучэньня міратворчасьці і ангельскай мовы[16].
  • Падрыхтоўкі замежных вайскоўцаў. Выкарыстоўваў катэдры іншых факультэтаў.
  • Ракетных войскаў і артылерыі і ракетна-артылерыйскага ўзбраеньня (РВАРАУ; 1995—2005 гады: ракетных войскаў і артылерыі). Заснаваны 1 жніўня 1992 году як артылерыйскі. Рыхтаваў цягам 4 гадоў кіраўнікоў і інжынэраў-рамонтнікаў артылерыі, ракетнай радыётэхнікі і рэактыўных сыстэмаў залпавага агню (РСЗА). Улучаў дывізіён курсантаў і 3 катэдры: 1) баявога прымяненьня ракетных войскаў і артылерыі, 2) кіраваньня ракетнымі ўдарамі і агнём артылерыі, 3) уладкаваньня і эксплюатацыі ракетна-артылерыйскага ўзбраеньня[17].
  • Сувязі і аўтаматызаваных сыстэмаў кіраваньня (САСК; да 1992 году — АСК супрацьпаветранай абароны і ЭВМ). Створаны ў 1974 годзе. Рыхтаваў цягам 4 гадоў адмыслоўцаў па 3 спэцыяльнасьцях: інжынэраў сувязі і кіраўнікоў аўтаматызаваньня сыстэмаў кіраваньня і апрацоўкі зьвестак. Меў навучальны палявы вузел сувязі, батальён курсантаў і 2 катэдры: 1) аўтаматызаваных сыстэмаў кіраваньня войскамі, 2) сувязі[18].
  • Супрацьпаветранай абароны (СПА; да 1995 году — 2-і). Заснаваны 4 траўня 1953 году. Вёў падрыхтоўку інжынэраў радыётэхнікі зэнітных ракетных войскаў і супрацьпаветранай абароны. Улучаў дывізіён курсантаў і 3 катэдры: 1) тактыкі і ўзбраеньня радыётэхнічных войскаў, 2) тактыкі і ўзбраеньня зэнітных ракетных войскаў, 3) тактыкі і ўзбраеньня вайсковай СПА[19].
  • Унутраных войскаў. Створаны 20 студзеня 1993 году. Месьціўся асобна па Ўруччаўскай вуліцы, д. 1а. Рыхтаваў юрыстаў-кіраўнікоў. Меў навукова-дасьледчую лябараторыю, 5 падразьдзяленьняў курсантаў, падразьдзяленьні забесьпячэньня і 3 катэдры: 1) апэратыўна-тактычнай падрыхтоўкі ўнутраных войскаў, 2) спэцыяльных і інжынэрна-тэхнічных дысцыплінаў, 3) юрыдычных дысцыплінаў[20].
Remove ads

Прыём

Thumb
Факультэт Генэральнага штаба Ўзброеных сілаў ВАРБ з аўтастаянкай (2018 г.)

На 2018 год у ВАРБ прымалі грамадзянаў Беларусі векам ад 17 да 21 году, якія мелі пасьведчаньне аб прынамсі агульнай сярэдняй адукацыі. Грамадзянаў, якія прайшлі вайсковую службу, прымалі векам да 23 гадоў. Дзейных вайскоўцаў-кантрактнікаў — да 25 гадоў. Абітурыенты падавалі ў прыёмную камісію ВАРБ пасьведчаньні цэнтралізаваных тэставаньняў па 3 прадметах: беларуская або расейская мова, матэматыка і фізыка. Абітурыенты, якія паступалі на ідэоляга, псыхоляга і ва ўнутраныя войскі, здавалі гісторыю Беларусі замест фізыкі[21]. Прафэсійны адбор ажыцьцяўлялі паводле стану здароўя, цялеснай падрыхтаванасьці і душэўных якасьцяў. Папярэдне адбор праводзіла камісія Вайсковага камісарыяту раёну або гораду. Канчатковы адбор — камісія Вайсковага камісарыяту вобласьці або сталіцы[22]. Конкурс сярод абітурыентаў праводзілі на 7 факультэтах з 9: 1) авіяцыйным, 2) агульнавайсковым, 3) вайсковай выведкі, 4) ракетных войскаў і артылерыі і ракетна-артылерыйскага ўзбраеньня (РВАРАУ), 5) сувязі і аўтаматызаваных сыстэмаў кіраваньня (САСК), 6) супрацьпаветранай абароны (СПА), 7) унутраных войскаў[23].

Патрабаваньні да стану здароўя грамадзянаў, якія паступаюць у ВАРБ, прадугледжвалі адпаведнасьць наступным паказьнікам цялеснага разьвіцьця:

  • рост — прынамсі 150 см;
  • вастрыня зроку — прынамсі 0,5;
  • праламленьне сьвятла ў воку — да 4 дыёптрыяў;
  • астыгматызм вока — да 2 дыёптрыяў;
  • слых шэпту на адлегласьці — прынамсі 6 мэтраў;
  • маса цела — індэкс масы цела ад 18 да 25 (здаровая), прынамсі 45 кг, да 90 кг.
  • зубы — прынамсі 25 карэнных з 32;
  • адсутнасьць пераломаў, парушэньня маўленьня, пашкоджаньняў унутраных органаў і плоскаступнёвасьці;
  • адсутнасьць запаленьня, атручаньня, душэўных, ссудзінных, плоцевых, спадчынных і іншых хваробаў[24].

Цялесную падрыхтаванасьць кандыдатаў правяралі па 3 практыкаваньнях: бег на 100 мэтраў і на 1,5 км і падцягваньне на перакладзіне зь нерухомага вісу (цягам 1—2 сэкундаў) на прамых руках без рыўкоў і махавых рухаў нагамі. Цывільныя асобы мелі ў спартовым адзеньні прабегчы 100 мэтраў за 15,4 сэкунды, 1,5 км — за 6 хвілінаў і 52 сэкунды і зрабіць 6 падцягваньняў на перакладзіне. Да вайскоўцаў у спартовай вопратцы былі павышаныя патрабаваньні:

  • пры вайсковай службе ў рэзэрве і тэрміновай да 6 месяцаў — 15,7 сэк., 6 хвіл. 25 сэк., 8 падцягваньняў;
  • пры тэрміновай вайсковай службе (звыш 6 месяцаў) — 15,3 сэк., 6 хвіл. 15 сэк., 10 падцягваньняў;
  • пры службе па кантракце — 14,7 сэк., 5 хвіл. 55 сэк., 11 падцягваньняў[25].
Remove ads

Мінуўшчына

4 траўня 1953 году пачала працу Гомельская вышэйшая інжынэрная радыётэхнічная вучэльня (ГВІРТВ), якую заснавалі на аснове Гомельскай пяхотнай вучэльні (Беларуская ССР). У жніўні 1954 году ГВІРТВ перавялі ў Менск. У 1955 годзе назву зьмянілі на Менская ВІРТВ супрацьпаветранай абароны (МВІРТВСПА). У 1956[2] годзе запрацавала ад’юнктура. У 1967 годзе пачала дзейнічаць рада па абароне кандыдацкіх дысэртацыяў, у 1978 годзе — рада па абароне доктарскіх дысэртацыяў. У 1968 годзе ў сувязі за зьменай кірунку навучаньня атрымала назву Менская вышэйшая інжынэрная зэнітная ракетная вучэльня супрацьпаветранай абароны (МВІЗРВСПА). У 1992 годзе стала называцца Менскай вышэйшай вайсковай інжынэрнай вучэльняй (МВВІВ). У 1993[2] годзе зьявілася дактарантура. Да 1995 году МВВІВ падрыхтавала ў ходзе 39 выпускаў звыш 14 тысячаў вайсковых інжынэраў , зь іх звыш 3000 адмыслоўцаў (21%) для 16 дзяржаваў Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амэрыкі і Эўропы[26].

17 траўня 1995 году прэзыдэнт А.Лукашэнка падпісаў Указ № 192 «Аб стварэньні Вайсковай акадэміі Рэспублікі Беларусь» (ВАРБ) на аснове 2 Менскіх вышэйшых вайсковых вучэльняў — інжынэрнай і каманднай, заснаванай 10 траўня 1980 году[4]. 25 сакавіка 2003 году А.Лукашэнка падпісаў Указ № 127 «Аб зацьвярджэньні Статуту ўстановы адукацыі «Вайсковая акадэмія Рэспублікі Беларусь», паводле якога стаў прызначаць яе начальніка і яго 1-га намесьніка[6]. 4 студзеня 2004 году ў ВАРБ стварылі факультэт павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў[27]. У 2006 годзе адчынілі факультэт Генэральнага штаба Ўзброеных сілаў[8]. На верасень 2010 году існавала 9 факультэтаў: 1) Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў, 2) камандна-штабны, 3) агульнавайсковы, 4) сувязі і аўтаматызаваных сыстэмаў кіраваньня, 5) супрацьпаветранай абароны, 6) авіяцыйны, 7) падрыхтоўкі замежных вайскоўцаў, 8) павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, 9) вайскова-дыпляматычны. Сярод выкладнікаў узнагароды і навуковыя званьні атрымлівалі: 4 ляўрэаты Дзяржаўнай прэміі СССР — В.П. Андрухаў, Ю.А. Баценькаў, У.П. Даўгоў і Ц.І. Шаломенцаў; 2 сябры-карэспандэнты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — М.В. Арцем’еў і Аляксандар Шырокаў; заслужаны дзяяч навукі і тэхнікі Беларусі А.Я. Ахрыменка і заслужаны вынаходнік Беларусі М.М. Сьлюсар; 2 заслужаныя рацыяналізатары Беларусі В.Я. Авяр’янаў і Г.П. Маскін; 3 ляўрэаты Дзяржаўнай прэміі Беларусі — Ю.Д. Кулікоў, В.А. Мішчанка і М.М. Буйноў; заслужаны дзяяч навукі Беларусі В.В. Круглікаў[3].

У 2012 годзе ўрад Беларусі пастанавіў навучаць у ВАРБ бясплатна таджыцкіх афіцэраў, якія служаць на мяжы з Аўганістанам[28]. 19 жніўня 2013 году, пасьля 3 тыдняў агульнавайскавой падрыхтоўкі, 356 курсантаў Вайсковай акадэміі Беларусі атрымалі першыя пагоны і прынесьлі клятву на вернасьць Беларусі. Зь іх 43 чалавекі (12%) накіравалі ў ВНУ Расеі і траіх — у Акадэмію МУС Беларусі. У той самы дзень пры акадэміі адчынілі спартовы комплекс з 2 басетбольнымі і валейбольнымі пляцоўкамі і полем для міні-футболу[29]. 1 верасьня 2013 году 346 (61%) з 570 грамадзянаў Беларусі, якія паступілі на вайсковыя факультэты, прынялі вайсковую прысягу ў Вайсковай акадэміі. У Акадэміі рыхтавалі афіцэраў па 19 спэцыяльнасьцях для Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь, унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага пагранічнага камітэту, Камітэту дзяржаўнай бясьпекі і Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь. ВАРБ налічвала звыш 700 выкладнікаў, зь якіх 230 мелі навуковыя ступені і званьні[27]. У верасьні 2013 году на выпускнікоў ВАРБ прыпала звыш паловы прафэсійных афіцэрскіх прызначэньняў у 72-і Аб’яднаны навучальны цэнтар (Барысаў, Менская вобласьць)[30].

24 чэрвеня 2016 году сярод 24 слухачоў факультэту Генэральнага штаба Ўзброеных сілаў (ГШУС) і 81 выпускніка камандна-штабнога факультэту ВАРБ было 12 залатых мэдалістаў і 22 уладальнікі дыплёмаў з адзнакай. Пагатоў 60% навучаньня склалі практычныя заняткі. З факультэта ГШУС адбыўся 7-ы выпуск вайскоўцаў з Казахстану і 3-і — з Туркмэністану. З Казахстану на факультэце навучаліся начальнік нацыянальнай бясьпекі і камандавальнікі акругамі і сухапутнымі войскамі. З Туркмэністану — міністар абароны, начальнік Генэральнага штабу і намесьнікі міністра па тыле і па ўзбраеньні[31]. На 2018 год Вайсковая акадэмія Беларусі выпусьціла звыш 39 000 афіцэраў, зь іх звыш 4000 адмыслоўцаў (11%) для замежных войскаў. Сярод каля 1500 абітурыентаў, якія прыйшлі ў сакавіку, 2% ня вытрымалі нагрузкі пачатковага курсу падрыхтоўкі. Адмыслоўцаў рыхтавалі па 42 спэцыяльнасьцях[8].

Начальнікі

  • Васіль Жураўлёў (4 траўня 1953 — жнівень 1956)
  • Аляксандар Базілеўскі (жнівень 1956 — жнівень 1957)
  • Мікалай Філатаў (жнівень 1957 — люты 1974)
  • Юры Кулікоў (люты 1974 — сьнежань 1982)
  • Яўген Абрамаў (студзень 1983 — ліпень 1987)
  • Леанід Клімаў (ліпень 1987 — жнівень 1991)
  • Віктар Восіпаў (жнівень 1991 — 17 траўня 1995)[32]
  • Рыгор Флярко (17 траўня 1995 — люты 1999)
  • М.В. Лазараў (люты 1999 — сьнежань 2000)
  • Ігнат Місурагін(pl) (сьнежань 2000 — лістапад 2008)[3]
  • Сяргей Бобрыкаў(be) (лістапад 2008 — 2016)
  • Віктар Лісоўскі (6 сьнежня 2016 — 2021)
  • Генадзь Ляпешка (15 ліпеня 2021 — 29 сакавіка 2024)[33]
  • Андрэй Гарбаценка (з 29 красавіка 2024[34])

Выпускнікі

Remove ads

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads