Моўнае плянаваньне
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Моўнае плянаваньне — мэтанакіраванае намаганьне ўплываць на прызначэньне, будову або засваеньне мовы ці гаворкі моўнае грамады.
Віды
Паводле накіраванасьці ўзьдзеяньне на мову можа ажыцьцяўляцца плянаваньнем яе:
- становішча — разьмеркаваньне мовы між галінамі грамадзкага жыцьця;
- складу — унармавальнае ўмяшаньне ў будову мовы;
- засваеньня — адукацыйны ўплыў на пашыранасьць пісьменнасьці ў мове.
Становішча мовы вызначаецца наступнымі рысамі:
- паходжаньне — родная або замежнага паходжаньня;
- унармаванасьць — разьвітасьць правілаў ужытку;
- прававое становішча — 1) адзіная службовая, 2) адна з службовых, 3) абласная службовая, 4) падтрымваная, 5) дапушчальная, 6) забароненая;
- жыцьцяздольнасьць — доля карыстальнікаў мовы сярод насельніцтва.
Сярод галінаў моўнага плянаваньня вылучаюць наступныя:
- афіцыйная — законная мова для агульнакраёвых прадстаўнічых мэтаў;
- абласная — службовая мова краю ў складзе большае дзяржавы;
- шырэйшых зносінаў — сродак зносінаў у межах краіны нягледзячы на моўныя межы;
- міжнародная — міждзяржаўны сродак зносінаў;
- сталічная — пераважная мова сталіцы й прадмесьцяў;
- народнасьці — агульнапрынятая мова між прадстаўнікамі адной народнасьці;
- адукацыйная — мова выкладаньня ў школах;
- прадметна-навучальная — мова, што выкладаецца ў якасьці прадмета навучаньня;
- літаратурная — мова літаратуры або навукі;
- рэлігійная — мова рэлігійных абрадаў[1].
Сярод відаў плянаваньня складу мовы вылучаюць:
- графізаваньне — разьвіцьцё, адбор і зьмяненьне пісьма й правапісу мовы;
- стандартызаваньне — наданьне перавагі адной гаворцы мовы перад іншымі станавымі ды абласнымі гаворкамі;
- асучасьніваньне — пашырэньне моўных сродкаў для адпаведнасьці новаму прызначэньню.
Выкарыстаньне пісьма стварае дадатковы від мовы грамады ды вядзе да пашырэньня ўспрыманьня пісьменства ў якасьці праўдзівейшага адбітка мовы за маўленьне. Прывілеяванасьць азначанай гаворкі дае яе носьбітам маёмасныя выгоды, што змушае менш уплывовыя слаі грамадзтва да яе перайманьня ды цягне за сабой большую аднастайнасьць і ўнармаванасьць. Ужытак новых тэрмінаў у падручніках і прафэсійных выданьнях, а таксама сярод адмыслоўцаў пашырае тэхнічную лексыку, прыдатную для сучасных сэнсавых галінаў[2].
Плянаваньне засваеньня мовы ў адукацыі вымагае:
- вызначэньня моваў, што маюць выкладацца ў ходзе навучаньня;
- вызначэньня аб’ёму і якасьці падрыхтоўкі настаўнікаў;
- прыцягненьня мясцовае грамады;
- вызначэньня зьместу навучаньня й спосабу яго ўлучэньня ў расклад заняткаў;
- стварэньня прыёмаў ацэнкавага агляду выніковасьці;
- вызначэньня грашовых выдаткаў[3].
Remove ads
Задачы
Уплыў на мову можа ажыцьцяўляцца з наступным шэрагам намераў:
- ачышчэньне — унармаваньне ўжытку дзеля абароны чысьціні мовы ад замежнага ўплыву ды нутранага адхіленьня;
- адраджэньне — вяртаньне заняпалае мовы да стану агульнапрынятага сродку зносінаў;
- ператварэньне — зьмена правапісу або граматыкі дзеля спрыяньня ўжытку;
- стандартызаваньне — забесьпячэньне пашаны мясцовай мове дзеля яе ператварэньня ў асноўную мову края;
- пашырэньне — павелічэньне колькасьці носьбітаў адной мовы за кошт носьбітаў іншай;
- асучасьніваньне — словатварэньне ды дастасаваньне слоўніка;
- уніфікаваньне — распрацоўка адзіных тэхнічных тэрмінаў;
- спрашчэньне — адхіленьне складанасьцяў ўжытку лексыкі, правапісу й стыляў;
- міжмоўныя зносіны — спрыяньне зносінам між чальцамі розных моўных грамадаў;
- падтрымка — захаваньне ўжытку роднае мовы народнасьці ва ўмовах уціску, што пагаршае яе становішча;
- дапаможнае ўнармаваньне — прывядзеньне да адзінага ўзору знакаў для глухіх, назваў мясьцінаў або правілаў трансьлітарацыі ды транскрыпцыі[4].
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads