Мікалай Тарасюк
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Мікала́й Васі́льевіч Тарасю́к (22 траўня 1932, вёска Стойлы Пружанскага павету Палескага ваяводзтва — 14 студзеня 2015) — беларускі разьбяр, музычны майстар. Народны майстар Рэспублікі Беларусь (1989).
Remove ads
Жыцьцяпіс
Нарадзіўся 22 траўня 1932 году (паводле іншых зьвестак — 8 траўня[1]) ў вёсцы Стойлы (цяпер у Пружанскім раёне Берасьцейскае вобласьці). Бацька Васіль Міхайлавіч, ажаніўшыся, атрымаў добры надзел зямлі — 75 дзесяцінаў. У гаспадарцы мелі чатыры каровы, двое коней, конную малацілку, рыбацкія снасьці. Мікалай быў трэцім зь пяцярых дзяцей у сям’і, працаваць пачаў з васьмігадовага ўзросту, пасьвячы каровы.
Пасьля далучэньня Заходняе Беларусі да БССР навісла пагроза «раскулачваньня» сям’і Тарасюкоў. Каб пазьбегнуць гэтага, бацькі вымушаныя былі скасаваць шлюб, распалавініўшы гаспадарку. Хлопчыкі паводле судовага выраку былі адпісаныя бацьку, дзяўчыны — маці.
Аднак пасьля сканчэньня вайны зь Нямеччынай уся маёмасьць перайшла ў створаны калгас[2]. Мікалай пайшоў у другую клясу пачатковай школы. Скончыўшы чатырохгодку, дапамагаў бацькам па гаспадарцы, пасьля працаваў у калгасе. Аднак, застудзіўшыся на калгаснай сенажаці, прахварэў 16 гадоў, атрымаў інваліднасьць.
У 1953 павянчаўся з Надзеяй Максімчык родам з-пад Кобрыню[3]. Зь ёй мелі сына (памёр у маладым узросьце) і дзьвюх дачок. Жонка памерла ў 2006 року.
У 2007 року памерла апошняя суседка Мікалая Тарасюка, і ён застаўся апошнім жыхаром роднай вёскі[2]. Жыў у бацькоўскай хаце, трымаў хатнюю скаціну, птушак, сабак і катоў. Падораную яму кватэру ў Пружанах аддаў сваёй дачцэ.
Памёр 14 студзеня 2015 году[4] пасьля інсульту, ускладненага пнэўманіяй. Пахаваны на могілках хутару Вежнага[5].
Remove ads
Творчасьць
Разьбой па дрэве і пляценьнем з лазы захапіўся зь дзяцінства. Выразаць цацкі з дрэва пачаў для гульняў уласным дзеткам, лічачы гэта ня больш чым забавай. Аднак у пачатку 80-х рокаў XX стагодзьдзя зноў зьвярнуўся да былога занятку. Першыя працы былі невялікія памерамі, прыкладна 15 см у вышыню. Пасьля павялічыліся да 20—22 см і набылі архаічную абагульненасьць формы і манумэнтальнасьць. Пачаў выкарыстоўваць таксама фарбу, салому, каляровыя апранахі з абрэзкаў тканіны. Спрабаваў выставіць свае творы ў Пружанах, Камянцы.
Аднак найбольшай вядомасьці Мікалай Тарасюк здолеў дасягнуць падчас правядзеньня Ўсесаюзнага фэстывалю народнай творчасьці ў 1987 року. За выстаўку ў Маскве атрымаў Залаты мэдаль ВДНГ і мэдаль ляўрэата фэстывалю, пасьля чаго пачаліся пэрсанальныя выстаўкі, на хутар пачалі завітваць журналісты й экскурсіі.
Беларускай сялянскай працы прысьвечаныя цэлыя кампазыцыі з дрэва, лазы і саломкі: «Сялянскі дворык», «Апрацоўка льну», «Жорны», «Збор ураджаю», «Жніво», «Мыцьцё бялізны», «Кросны» і іншыя. Кампазыцыі, прысьвечаныя народным абрадам беларусаў: «Вясельле», «Каляды», «Вячоркі», «Хаўтуры» ды інш. Мае таксама творы, прысьвечаныя цяжкаму эканамічнаму становішчу сялянаў пад рознымі ўладамі. Стварэньне твораў пачынаў з прыдумваньня назвы-подпісу, пасьля чаго выразае да яго кампазыцыю[6].
Праз пэўны час колькасьць экспанатаў вырасла настолькі, што месца ў хаце не ставала. У 1994 року[7] Мікалай пабудаваў побач асобную хатку для экспанатаў, назваўшы яе музэем «Успаміны Бацькаўшчыны». Музэй, аналягаў якому няма ў Беларусі, зьмяшчае каля 300 аўтарскіх работаў.
У 1994 року творы Мікалая Тарасюка былі паказаныя ў Нацыянальным мастацкім музэі на першай Нацыянальнай выстаўцы інсітнага мастацтва. Пэрсанальныя выстаўкі адбыліся ў Мастацкім музэі Берасьця (2007) і Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва (Менск, 2012).
Творы майстра экспануюцца ў адной з заляў музэю-сядзібы «Пружанскі палацык», у Нацыянальным музэі гісторыі і культуры, Берасьцейскім краязнаўчым музэі[8], Мотальскім музэі народнае творчасьці і за межамі Беларусі.
Мікалай Тарасюк таксама займаўся майстраваньнем музычных інструмэнтаў: дудак, губных гармонікаў.
Remove ads
Прызнаньне
У 2008 годзе выдадзены альбом-манаграфія «Сялянская энцыкляпэдыя ў творах Мікалая Тарасюка», які стаў першым выданьнем падобнага кшталту ў Беларусі пра творчасьць народнага майстра[9]. А ягоная творчасьць атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь[10].
У Польшчы пра Мікалая Тарасюка зьняты фільм «Гаспадар»[11].
У 2011 беларускі рэжысэр Віктар Асьлюк зьняў пра Мікалая Тарасюка фільм «Драўляны народ»[12], адзначаны гран-пры фэстывалю «Magnificat-2012»[13] і прызу глядацкіх сымпатыяў на X міжнародным кінафэсьце Filmfest Eberswalde-2013 (Нямеччына)[14].
Швэдзкі часопіс «Гемсьлёйдэн(sv)» (бел. «Рамяство») у адным са сваіх нумароў пяць старонак прысьвяціў творчасьці Мікалая Тарасюка[9].
Беларуская мастацтвазнаўца Вольга Лабачэўская так ахарактарызавала творчасьць майстра:
![]() |
Як Пірасмані — сапраўдны брэнд Грузіі, Тарасюк — сапраўдны брэнд Беларусі. | ![]() |
—Вольга Лабачэўская, «Вечерний Брест». У сталічным музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася выстава Мікалая Тарасюка |
.
Прэміі і ўзнагароды
Народны майстар Рэспублікі Беларусь (1989) па драўлянай скульптуры.
Ляўрэат Усесаюзнага фэстывалю народнай творчасьці (1987)[15], спэцыяльнай прэміі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэньне» ў намінацыі «Народная творчасьць» (2002).
Крыніцы і заўвагі
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads