Міхаіл Жызьнеўскі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Міхаі́л Жызьне́ўскі (26 студзеня 1988, Гомель, цяпер Беларусь — 22 студзеня 2014, Кіеў, Украіна) — кавалер ордэна герояў Нябеснай сотні, пазаштатны карэспандэнт украінскай газэты «Саборная Кіеўшчына» (укр. Соборна Київщина), грамадзянін Беларусі. Стаў адной зь першых ахвяраў падчас Эўрамайдану ў Кіеве. Герой Украіны[1].
Remove ads
Жыцьцяпіс
Нарадзіўся 26 студзеня 1988 году ў Гомлі. Маленства правёў у вёсцы маці Сьцяг Працы (Гомельскі раён). Год навучаўся ў вайсковай клясе сярэдняй школы № 15 Гомлю. Займаўся каратэ ў спартовым комплексе. Наведваў царкву, дзе насіў харугву за сьвятаром. Пасьля 10-й клясы паступіў у прафэсійную вучэльню на газаэлектразварніка. У рыцарскім клюбе вучыўся вырабляць дасьпехі.
У 2005 годзе 17-гадовым юнаком зьехаў разам з клюбным кіраўніком ва Ўкраіну, дзе жыў у горадзе Белая Царква (Кіеўская вобласьць)[2]. Браў удзел у казацкім грамадзкім аб’яднаньні «Ўкраінская народная самаабарона» (УНСА), што ёсьць падразьдзяленьнем партыі «Ўкраінская нацыянальная асамблея» (УНА). Ва УНСА яго ведалі пад імем Аляксей і мянушкай «Локі»[3].
У сьнежні 2013 году прыехаў зь Белай Царквы ў Кіеў на заданьне рэдакцыі газэты «Саборная Кіеўшчына» ў якасьці няштатнага карэспандэнта[4]. Раніцой 22 студзеня 2014 году, бяззбройны, быў забіты стрэлам паляўнічай кулі ў сэрца на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве падчас Эўрамайдану.
Remove ads
Удзел у Эўрамайдане
У Эўрамайдане ўдзельнічаў зь першых дзён на заклік арганізацыі УНА-УНСО. Уваходзіў у Самаабарону Майдану, удзельнічаў у ахове аб’ектаў Майдану, дапамагаў у працы УНА-УНСО. Лічыўся адным з самых актыўных сяброў арганізацыі на Эўрамайдане. На працягу апошніх двух тыдняў жыцьця зьбіраў інфармацыю для газэты «Саборная Кіеўшчыны», па праграме ратацыі вяртаючыся дадому[5].
Загінуў 22 студзеня 2014 року каля 9 гадзін раніцы ад стрэлу паляўнічай куляй у сэрца[6] каля стадыёну «Дынама» на Грушэўскага пад час Эўрамайдану[7]. Бацька Міхаіла Жызьнеўскага выказаў сумневы, што вінаватыя ў забойстве сына будуць знойдзеныя. Ён выказаў здагадку, што сына забіў снайпэр, але лічыць, што ні ўкраінская, ні беларуская ўлада не дамагаюцца аб’ектыўнага расьсьледаваньня[8]. У амбасадзе Беларусі гібель Жызьнеўскага не камэнтавалі[9].
Remove ads
Ушанаваньне
24 студзеня 2014 году свае вершы аб Міхаіле Жызьнеўскім склалі Эдуард Акулін[10] і Алесь Кіркевіч[11], 29 студзеня — Міхась Скобла[12].
26 студзеня 2014 году ў кіеўскім Сьвята-Міхайлаўскім саборы УПЦ КП прайшло адпяваньне, разьвітаньне і жалобная працэсія з удзелам некалькіх тысячаў украінцаў, у тым ліку лідэраў апазыцыйных фракцыяў у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны (Віталь Клічко, Алег Цягнібок і Арсень Яцанюк). З прычыны жалобы на плошчы Незалежнасьці адмянілі штонядзельнае Народнае веча.
- Адпяваньне ў кіеўскім Сьвята-Міхайлаўскім саборы
- Адпяваньне ў кіеўскім Сьвята-Міхайлаўскім саборы
- Жалобная працэсія
- Жалобная працэсія
Увечары 28 студзеня яго пахавалі ў в. Сьцяг Працы (Гомельскі раён, Беларусь). Адпяваньне правёў праваслаўны сьвятар Леанід Акаловіч (Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква). Перад пахаваньнем труну накрылі бел-чырвона-белым сьцягам[13].

26 лістапада 2014 году ў Кіеве на вуліцы Грушэўскага адкрылі помнік у гонар Міхаіла Жызьнеўскага[14]. 27 лістапада прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ўзгародзіў яго ордэнам Героя Нябеснай сотні, які асабіста перадаў яго бацькам падчас прыёму ў сваёй сталічнай рэзыдэнцыі[15].
Штогод 26 студзеня на дзень нараджэньня Міхаіла Жызьнеўскага ўручаецца літаратурная прэмія «Воін Сьвятла». Прэмія ўручаецца за найлепшую празаічную кнігу году (апавяданьне, аповесьць, раман), выдадзеную беларускай і ўкраінскай мовамі, у якой адлюстраваны высакародны, актыўны, моцны герой, які адстойвае свабоду, справядлівасьць і агульначалавечыя ідэалы[16].
22 верасьня 2016 году рада гораду Оўручу (Жытомірская вобласьць, Украіна) зацьвердзіла Пастанову аб наданьні імя Міхаіла Жызьнеўскага вуліцы, якая праходзіць ад вуліцы Тараса Бульбы-Бараўца да вуліцы Герояў Майдану[17].
Прозьвішча і фатаздымак Міхаіла Жызьнеўскага ўсталяваны на помніку беларусам, якія загінулі за Ўкраіну. Помнік знаходзіцца на Беларускай вуліцы ў Кіеве, адкрыты 28 сакавіка 2016 году.[18]
Водгукі
Лідэр руху БНФ і дзяяч беларускае эміграцыі Зянон Пазьняк адзначыў, што Жызьнеўскі стаіць у адным шэрагу з такімі беларускімі героямі, як Тадэвуш Касьцюшка, Кастусь Каліноўскі і Станіслаў Булак-Балаховіч[19].
Узнагароды
- Ордэн герояў Нябеснай сотні (27 лістапада 2014) — за грамадзянскую мужнасьць, патрыятызм, адстойваньне канстытуцыйных асноваў дэмакратыі, правоў і свабодаў чалавека, выяўленыя падчас Рэвалюцыі годнасьці (пасьмяротна)[20][21].
- Герой Украіны з уганараваньнем ордэна «Залатая Зорка» (13 чэрвеня 2017, пасьмяротна) — за асабістую мужнасьць і гераічнае адстойваньне прынцыпаў дэмакратыі, правоў і свабодаў чалавека, самаадданае служэньне ўкраінскаму народу, выяўленыя падчас Рэвалюцыі Годнасьці[22].
- Мэдаль «За ахвярнасьць і любоў да Ўкраіны» (Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату, 2015, пасьмяротна)[23].
- Ордэн Пагоні (Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, 24 лістапада 2022, пасьмяротна)[24]
Remove ads
Глядзіце таксама
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads