Міхаіл Пятуховіч
беларускі літаратуразнаўца, крытык, пэдагог From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Міхаі́л Мікала́евіч Пятухо́віч[1][2]/Петуховіч, пасьля русыфікацыі Піотуховіч/Піятуховіч (23 лютага 1891, вёска Алексінічы Сеньненскага павету Магілёўскай губэрні, Расейская імпэрыя — 20 сьнежня 1937, НКУС, Менск, БССР) — беларускі літаратуразнаўца, крытык, пэдагог.
Remove ads
Жыцьцяпіс
Нарадзіўся 23 лютага 1891 року ў вёсцы Алексінічы Сеньненскага павету Магілёўскай губэрні (цяпер Сеньненскі раён Віцебскай вобласьці Беларусі) ў сям’і вясковага праваслаўнага сьвятара. Навучаўся ў Магілёўскай духоўнай сэмінарыі. У 1917 скончыў Нежынскі гісторыка-філялягічны інстытут. Быў накіраваны ў Петраградзкі ўнівэрсытэт для падрыхтоўкі да прафэсарскага званьня па катэдры маскальскай мовы і славеснасьці.
Празь недахоп матэрыяльных сродкаў на пачатку 1920 вымушаны быў пераехаць у Адэсу. Удзельнічаў у аб’яднаньні інтэлігенцыі „Беларускі гай“[3].
З 1921 у БССР. У 1921—1926 выкладаў беларускую літаратуру ў Менскім беларускім пэдагагічным тэхнікуме. Зь верасьня 1921 зьяўляўся сябрам навукова-тэрміналягічнай камісіі, зь лютага 1922 — навуковым супрацоўнікам, а з 1925 — правадзейным сябрам Інбелкульту. Зь лютага 1922 працаваў у БДУ: дацэнт, з кастрычніка 1926 — прафэсар катэдры гісторыі. У траўні 1926 року стаў дэканам пэдагагічнага факультэту.
Правадзейны сябра Беларускай акадэміі навук (1929). Да 1936 року працаваў у Інстытуце літаратуры БелАН[4].
У пачатку 1930-х над Міхаілам Пятуховічам навісла пагроза рэпрэсій празь «непралетарскае паходжаньне». Літаратурна-крытычныя выступленьні Міхаіла Пятуховіча заўсёды мелі апанэнтаў, аднак у сярэдзіне 1930-х палеміка выйшла за межы літаратурнай дыскусіі і прыняла характар грубых палітычных абвінавачваньняў. Міхаіл Пятуховіч вырашыў выехаць зь сям’ёй за межы Беларусі (у 1934 ці 1936 року). Жыў у Арджанікідзэ; працаваў выкладчыкам-славістам у Паўночна-Каўкаскім і Паўночна-Асэтынскім пэдагагічным інстытутах. У гэты час у БССР ягоныя кнігі ўжо былі забароненыя[5][6].
9 студзеня 1937 року арыштаваны і перавезены ў Менск. 19 сьнежня 1937 Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суда СССР прыгавораны да расстрэлу. Прысуд прыведзены ў выкананьне на наступны дзень. Рэабілітаваны 27 сьнежня 1957.
Remove ads
Дзейнасьць
Яшчэ да пачатку сваёй дзейнасьці на ніве беларускай навукі Міхаіл Піятуховіч спэцыялізаваўся на заходнеэўрапейскіх літаратурах, у прыватнасьці францускіх рамантыках. Шэраг працаў прысьвяціў творчасьці паэта Альфрэда дэ Віньі («Дэ Віньі як мысьліцель»). Як крытык і дасьледчык беларускай літаратуры выступіў у друку ў 1921 року з артыкуламі, прысьвечанымі творчасьці Якуба Коласа.
Унівэрсытэцкі курс Міхаіла Пятуховіча лёг у аснову ягоных «Нарысаў гісторыі беларускае літаратуры. Ч. 1 (Агляд літаратурна-ідэалягічных плыняў XIX і пачатку XX в.» (1928), якія мелі станоўчае значэньне ў тагачасных мэтадалягічных пошуках, хоць ён і не пазьбег сацыялягічнага схематызму. Аўтар артыкулаў пра фальклёр, Францішка Скарыну, Францішка Багушэвіча, Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цішку Гартнага, Ядвігіна Ш., Міхася Чарота, Кузьму Чорнага й інш. Рэдактар-укладальнік першай гісторыка-літаратурнай хрэстаматыі «Выпісы зь беларускае літаратуры: Новы і найноўшы кругабегі» (1923). Рэдактар, аўтар уступнага артыкула да твораў Паўлюка Труса (1934, 1935). Праца Міхаіла Пятуховіча «Рукапісы А. Рыпінскага» апублікаваная ў 1990 Віталём Скалабанам.
Увосені 1924 року ўвайшоў у склад Скарынінскай камісіі па сьвяткаваньні 400-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня[a], вынікі працы якой выйшлі ў 1927 року ў зборніку „400-лецьце беларускага друку“[7].
Remove ads
Бібліяграфія
- Францішак Скарына і яго літаратурная дзейнасьць. Мн., 1926;
- Апавяданьне «У палескай глушы» як новы этап бел. мастацкай прозы. Мн., 1927;
- Ля вытокаў лірыкі Янкі Купалы. Мн., 1927;
- Паэтычнае сьветаадчуваньне ў творчасьці Якуба Коласа. Мн., 1927;
- Звычаі і песьні беларускаго селяніна ў іх гаспадарчай аснове. Мн., 1928;
- Лірыка і проза Ц. Гартнага. Мн., 1928;
- Нарысы гісторыі беларускай літаратуры: Агляд літаратурна-ідэалягічных плыняў XIX і пачатку XX ст. Мн., 1928;
- Рукапісы А. Рыпінскага / Публ. В. Скалабана // Шляхам гадоў: Гісторыка-літаратурны зборнік. Мн., 1990.
Заўвагі
- адзначалася ў 1925 року, глядзіце Скарыназнаўства
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads