Вялікі тэатар Беларусі
тэатар у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Нацыяна́льны акадэмі́чны Вялі́кі тэа́тар о́пэры і бале́ту — галоўны опэрны і балетны тэатар Беларусі.
Remove ads
Гісторыя
Гісторыя тэатру распачалася ў 1920-я гады на сцэне Першага дзяржаўнага тэатра (БДТ-1), які меў у сваім складзе салістаў опэры, харавую і балетную групы і невялікі сымфанічны аркэстар. Ужо тады ставіліся музычна-драматычныя спэктаклі, урыўкі з опэраў і балетаў, гучала народная музыка. У 1920-я гады будучыя зоркі беларускага опэрнага і балетнага мастацтва навучаліся ў музычных тэхнікумах Менску, Віцебска, Гомелю, а таксама ў створанай у 1930 годзе Дзяржаўнай студыі опэры і балету, якую ўзначальваў вядомы сьпявак Антон Баначыч. За тры гады ў студыі былі падрыхтаваныя прафэсійныя артысты і пастаўлены опэры «Залаты певень», «Кармэн», «Яўген Анегін», «Царская нявеста»[1].
Урачыстае адкрыцьцё самастойнага тэатру опэры і балету адбылося на сцэне Першага дзяржаўнага тэатра 25 траўня 1933 году спэктаклям «Кармэн»[1].
У Савецкім Саюзе тэатар меў устойлівую рэпутацыю аднаго з самых яскравых і творча жыцьцяздольных опэрных і балетных калектываў. Яго высокі мастацкі ўзровень у розны час вызначалі такія вядомыя дырыжоры, як Анісім Брон, Уладзімер Пірадаў, Леў Любімаў, Тацьцяна Каламійцава, Яраслаў Вашчак, Уладзімер Машэнскі, Генадзь Праватораў, Аляксандар Анісімаў; рэжысэры Алег Маралеў, Дзьмітрый Смоліч, Юры Ужанцаў, Сямён Штэйн, Вячаслаў Цюпа, Маргарыта Ізворска-Елізар’ева; балетмайстры Леў Крамарэўскі, Канстанцін Мулер, Сямён Дрэчын, Аляксей Андрэеў, Атар Дадышкіліяні, Валянцін Елізар’еў; мастакі Сяргей Мікалаеў, Яўген Чамадураў, Эрнст Гейдэбрэхт, Яўген Ждан, Вячаслаў Вокунеў[1].
У 1996 годзе ў выніку рэарганізацыі адзіны тэатар падзяліўся на дзьве самастойныя структуры: опэры і балету. У 2009 годзе пасьля завяршэньня капітальнае рэканструкцыі будынку тэатру было прынятае рашэньне зноў аб’яднаць трупы ў адзіны Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балету[1].
Remove ads
Будынак
Будынак, у якім месьціцца тэатар — помнік архітэктуры канструктывізму міжваеннага пэрыяду аўтарства Георгія Лаўрова і Ёсіфа Лянгбарда.
Паводле аднаго з кіраўнікоў рэканструкцыі тэатра 2008 году, на месцы будынка тэатра некалі знаходзіўся манастыр. Пад час рэканструкцыі быў выяўлены стары фундамэнт на вапнавым растворы[2].
У 1934 годзе[3] (паводле іншых зьвестак у 1935) на Траецкай плошчы заклалі масіўнае збудаваньне ў духу савецкага канструктывізму — новы тэатар опэры і балету. У 1937 годзе першапачатковы плян быў перапрацаваны ў бок памяншэньня выдаткаў і адпаведна памераў збудаваньня. Будаўніцтва тэатра завяршылася ў 1938[3] годзе (паводле іншых зьвестак — у 1937).
У час нямецкай акупацыі 1941—1944 гадоў тэатар быў пераўтвораны ў стайню. Інтэр’еры і ўпрыгожваньні былі разрабаваны і вывезены ў Нямеччыну. Пасьля выгнаньня захопнікаў тэатар быў грунтоўна рэканструяваны, у прыватнасьці зьявіліся ярусныя бальконы ў глядацкай залі. Пры аднаўленьні інтэр’ераў выкарыстоўваліся эскізы Андрэя Бэмбеля. Рэканструкцыя доўжылася тры гады і скончылася ў 1948 годзе. Навокал тэатру быў разьбіты парк, спраектаваны Ё. Лянгбардам.
У 1967 годзе адбылася рэканструкцыя завяршэньня тэатру, у выніку чаго апошні атрымаў нізкі шаломападобны дах. У 1978 годзе адбылася наступная рэканструкцыя. У 2006 годзе будынак менскай опэры ізноў быў зачынены на капітальную рэканструкцыю, якая закончылася ў 2009 годзе.
Remove ads
Бібліяграфі
- Бэнэдыкт Норд. Опэра «Кармэн». // Мастацтва і рэвалюцыя : часопіс. — 1932, ліпень. — № 1. — С. 25—28.
- В. Вольскі. На шляхох беларускай опэры. // Мастацтва і рэвалюцыя : часопіс. — 1932, жнівень. — № 2. — С. 11—15.
- Арх. Лаўроў. Да пабудовы Беларускага дзяржаўнага тэатру ў Менску. // Мастацтва і рэвалюцыя : часопіс. — 1932, жнівень. — № 2. — С. 23—25.
- Хроніка. Створан Беларускі дзяржаўны тэатр опэры і балету. // Мастацтва і рэвалюцыя : часопіс. — 1933, студзень—люты. — № 1—2. — С. 52.
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads