Радыяцыйнае заражэньне ў Краматорску
радыяактыўнае апрамяненьне ў Краматорску, Украінская ССР (1980—1989) From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Радыяцы́йнае заражэ́ньне ў Крамато́рску (па-ўкраінску: Радіоактивне зараження в Краматорську) — радыяактыўнае апрамяненьне жыхароў аднаго з панэльных дамоў Краматорску ва Ўкраінскай ССР у пэрыяд з 1980 па 1989 гады.

Перадумовы
Пад канец 1970-х у Каранскім карʼеры Данецкай вобласьці, дзе здабывалі жвір і друз, была згублена ампула з цэзам-137, які выкарыстоўваўся ва ўзроўнемеры[1]. Пачаліся пошукі[2], кіраўніцтва папярэдзіла сваіх шматлікіх замоўцаў пра згубу. Друз з гэтага карʼера выкарыстоўвалі для будаўніцтва Алімпійскіх абʼектаў у Маскве. Да заканчэньня пошукаў пастаўкі друзу загадам урада СССР былі прыпыненыя. Праз тыдзень пошукі афіцыйна скончыліся няўдачай[3].
У 1980 годзе ў Краматорску быў здадзены ў эксплюатацыю панэльны будынак № 7 па вуліцы Гвардзейцаў-Кантэміраўцаў. Згубленая ампула памерам 8 на 4 мм, якая выпраменьвала 1800 Р/год[4], апынулася ўмураванай у адну са сьценаў дзіцячага пакоя.
Remove ads
Заражэньне
Ужо ў 1981 годзе ў будынку памерла васемнаццацігадовая дзяўчына[5][6].
Праз год у бальніцы памёр ейны шаснаццацігадовы брат, а крыху пазьней і іхная маці[6]. Кватэру перадалі новай сямʼі, аднак празь некаторы час іхны сын-падлетак таксама загадкава захварэў на невылечную хваробу й памёр[5].
Прычынай сьмерці ўсіх гэтых людзей стаў леўкоз[6][2]. Хваробы ў другой сямʼі мэдыкі сьпісалі на дрэнную спадчыннасьць, так і не зьвязаўшы іх з аналягічным дыягназам у ранейшых уладальнікаў кватэры[5].
Незадоўга да сьмерці падлетка на сьцяну ў яго пакоі павесілі дыван. Калі малады чалавек ужо памёр, яго бацькі заўважылі, што на дыване ўтварылася выпаленая пляма.
Бацька памерлага хлопца дабіўся ўважлівага расьсьледаваньня[6][2]. Выявілася, што радыяцыя ў дзіцячым пакоі, у сумежнай кватэры за сьцяной і ў кватэры паверхам вышэй перавышала дапушчальны ўзровень у сотні разоў[7].
Самая вялікая магутнасьць выпраменьваньня была ў дзіцячай, у сумежнай кватэры за сьцяной і ў кватэры паверхам вышэй… <…> …для таго, каб выразаць частку сьцяны, да яе ўчастку з крыніцай выпраменьваньня прыбілі сьвінцовыя плястыны для абароны працоўных.
— Тагачасны галоўны лекар Краматорскай СЭС Мікалай Саўчанка[7]
Жыхароў выселілі, пасьля чаго было вызначана дакладнае месца крыніцы выпраменьваньня. Выразаўшы частку сьцяны, яе даставілі ў Кіеўскі інстытут ядзерных дасьледаваньняў, дзе ампула была выцягнутая[7]. Па заводзкім нумары быў вызначаны ўласьнік ампулы[5].
Remove ads
Вынікі
Пасьля выняцьця ампулы гама-выпраменьваньне ў будынку № 7 зьнікла, узровень радыяактыўнасьці зраўняўся з фонавым[5][7][6][8][9].
Пасьля таго, як усё выявілася, жыхары выставілі шэраг патрабаваньняў па абсьледаваньні іхных кватэр і аказаньні ім мэдычнай дапамогі[7].
У сакавіку 1990 году спэцыялісты, урачы й прадстаўнікі выканкама сустрэліся з жыхарамі і ўручылі кожнаму пратакол аб магутнасьці атрыманых доз. Паведамлялася, што «сустрэча праходзіла ў напружанай атмасфэры, разьвеяць недавер жыхароў да вынікаў дасьледаваньняў цалкам не ўдалося».
Сустрэча была вельмі трагічнай. Злыя выкрыкі, сьлёзы — гэта ўсё можна было зразумець. Дозы вышэй за натуральны фон атрымалі 17 чалавек.
— Тагачасны галоўны лекар Краматорскай СЭС Мікалай Саўчанка[7]
Усяго за пэрыяд з 1981 па 1989 гады ад радыяцыі ў доме № 7 памерлі ад двух[10][11] да шасьці жыхароў[7][12]. Яшчэ 17 жыхароў былі прызнаныя інвалідамі[13].
У 1993 годзе, дзякуючы намаганьням народнага дэпутата ад Краматорска Аляксея Шэхаўцова, гэтых асобвў на заканадаўчым узроўні прыраўнялі да пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы. Аднак пасьля адпаведную папраўку адмянілі з-за парушэньня Рэглямэнту Вярхоўнай Рады[13][14].
Глядзіце таксама
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads