Рэфэрэндум у Беларусі 1996 году

From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Рэфэрэндум у Беларусі 1996 году — імітацыя ўсенароднага галасаваньня, праведзеная 24 лістапада 1996 году з ініцыятывы аўтарытарнага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Як і папярэдні рэфэрэндум 1995 году, адзначаўся неадпаведнасьцю Канстытуцыі і заканадаўству краіны, парушэньнем законаў і фальсыфікацыяй вынікаў галасаваньня[1][2][3]. Стаў фармальнай падставай да фактычнага пашырэньня паўнамоцтваў Лукашэнкі і скасаваў афіцыйны дзяржаўны статус 27 ліпеня як Дня Незалежнасьці, гістарычна абумоўленага прыняцьцем у гэты дзень Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі, замест якога ўводзіўся 3 ліпеня як г. зв. «Дзень Рэспублікі» («Дзень Незалежнасьці»), прымеркаваны да заняцьця Менску савецкімі войскамі ў нямецка-савецкую вайну (эпізод Другой сусьветнай вайны).

Напярэдадні правядзеньня галасаваньня Лукашэнка незаконна вызваліў ад пасады старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктара Ганчара, які выказаў пратэст у зьвязку з ігнараваньнем пастановы Канстытуцыйнага суду і Вярхоўнага Савету аб рэкамэндацыйным, а не абавязковым характары рэфэрэндуму, і прызначыў на яго месца Лідзію Ярмошыну. 27 лістапада 1996 году на падставе афіцыйна абвешчаных вынікаў рэжым Лукашэнкі дэ-факта ўвёў зьмены ў Канстытуцыю Беларусі, па чым разагнаў легітымныя органы ўлады (парлямэнт, Канстытуцыйны суд і Кантрольную палату). Спэцыяльная камісія Вярхоўнага Савету кваліфікавала гэта як захоп улады неканстытуцыйным шляхам[1].

Remove ads

Пытаньні й афіцыйна абвешчаныя вынікі

Пытаньні, ініцыяваныя прэзыдэнтам

«За» прагаласавала 5 450 830 выбарцаў (88,18%), «супраць» — 646 708 (10,46%).
  • Аб занясеньні зьмен і дадаткаў да Канстытуцыі (прапанаваных прэзыдэнтам), якія значна пашыралі паўнамоцтвы прэзыдэнта.
«За» прагаласавала 70,45% выбарцаў, «супраць» — 9,39%.
  • Аб увядзеньні вольнай без абмежаваньняў куплі-продажы земляў сельскагаспадарчага прызначэньня.
«За» прагаласавала 948 756 выбарцаў (15,35%), «супраць» — 5 123 386 (82,88%).
  • Аб скасаваньні сьмяротнага пакараньня.
«За» прагаласавала 1 108 226 выбарцаў (17,93%), «супраць» — 4 972 535 (80,44%).

Пытаньні, ініцыяваныя Вярхоўным Саветам

  • Аб занясеньні зьмен і дадаткаў у Канстытуцыю (прапанаваных дэпутатамі парлямэнцкіх фракцый камуністаў і аграрыяў).
«За» прагаласавала 7,93% выбарнікаў, «супраць» — 71,2%.
  • Аб выбарнасьці кіраўнікоў мясцовых органаў выканаўчай улады.
«За» прагаласавала 28,14% выбарнікаў, «супраць» — 69,92%.
  • Аб фінансаваньні ўсіх галін улады адкрыта і толькі зь дзяржаўнага бюджэту.
«За» прагаласавала 1 989 252 выбарнікаў (32,18%), «супраць» — 4 070 261[4] (65,85%).
Remove ads

Праўная ацэнка рэфэрэндуму

Беларуская апазыцыя, праваабаронцы й міжнародныя назіральнікі зарэгістравалі значную колькасьць парушэньняў пры абвяшчэньні й правядзеньні рэфэрэндуму. У прыватнасьці, назіральнікі ад Эўрапейскага інстытута па СМІ адзначылі, што 90% адпаведнага этэрнага часу на дзяржаўнай тэлевізіі былі прысьвечаныя агітацыі на карысьць пазыцыі Лукашэнкі, у выніку чаго выбары былі пазбаўленыя магчымасьці дэмакратычнага выбару[5].

Існуюць пытаньні датычна фінансаваньня рэфэрэндума, бо паводле словаў Лукашэнкі, рэфэрэндум адбыўся не за кошт бюджэтных сродкаў, але за кошт «добраахвотных ахвяраваньняў». У праекты канстытуцыйных зьменаў уносіліся істотныя папраўкі ўжо па афіцыйнай публікацыі, што забаранялася заканадаўствам. Масавы характар набыло датэрміновае галасаваньне, пры якім існуе небясьпека фальсыфікацыі вынікаў і да якога ўлады актыўна схілялі грамадзянаў. Так, у многіх местах датэрмінова прагаласавала 30 і больш адсоткаў выбарцаў.

Былі зафіксаваныя шматлікія парушэньні пры правядзеньні галасаваньня, падліку галасоў, адзначаліся выпадкі агітацыі на карысьць пазыцыі Лукашэнкі на выбарчых участках у дзень галасаваньня.

Паводле Сяргея Калякіна, кіраўніка фракцыі камуністаў у Вярхоўным Савеце, ад 20 да 50 працэнтаў галасоў былі сфальсыфікаваныя[6][5].

Старшыня Вярхоўнага Савета Сямён Шарэцкі назваў рэфэрэндум «фарсам і насільлем над народам» і заявіў, што «вынікі такога плебісцыта ня могуць быць прызнаныя ані ў Беларусі, ані сусьветнай супольнасьцю»[7].

Беларускі Хэльсынскі камітэт адзначыў наступныя парушэньні ў ходзе правядзеньня рэфэрэндуму[8]:

  1. Мясцовыя камісіі па правядзеньню рэфэрэндума былі ўтвораныя не адпаведнымі Саветамі дэпутатаў не пазьней, чым за месяц да рэфэрэндуму, а за 5—7 дзён органамі выканаўчай улады;
  2. У самы адказны пэрыяд падрыхтоўкі рэфэрэндуму ўказам Лукашэнкі быў незаконна адхілены ад пасады старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Віктар Ганчар. Тым самым была паралізаваная праца органа, які меў ажыцьцяўляць кантроль за законнасьцю галасаваньня і падвесьці вынікі рэфэрэндуму;
  3. Да моманту датэрміновага галасаваньня (9 лістапада) на ўчастках для галасаваньня адсутнічалі тэксты зьменаў і дапаўненьняў Канстытуцыі і грамадзяне ня ведалі, за што яны галасуюць;
  4. У парушэньне заканадаўства выбарцы прыйшлі (а ў многіх выпадках прымушаліся) прагаласаваць датэрмінова. У выніку да дня рэфэрэндуму прагаласавала амаль чвэрць выбарцаў;
  5. Бюлетэні для галасаваньня друкаваліся Управай справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Яны былі дастаўленыя на выбарчыя ўчасткі мінуўшы Цэнтарвыбаркам і абласныя камісіі па рэфэрэндуме. Ўлік колькасьці бюлетэняў нікім не ажыцьцяўляўся.
  6. Насуперак заканадаўству, падрыхтоўка рэфэрэндуму і яго правядзеньне фінансаваліся не зь бюджэту, а выянткова за кошт «дабрачынных» унёскаў. Цэнтарвыбаркам быў цалкам адхілены ад дзейнасьці па фінансаваньні рэфэрэндума;
  7. У аднабаковым парадку вялася агітацыя і прапаганда за пытаньні, вынесеныя на рэфэрэндум з ініцыятывы Лукашэнкі. У шэрагу выпадкаў агітацыя вялася проста на ўчастках для галасаваньня;
  8. У дзень рэфэрэндуму чыніліся перашкоды назіральнікам, прадстаўнікам палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў пры ажыцьцяўленні кантролю за ходам галасаваньня; іх не дапускалі на ўчасткі, адмаўлялі ў атрыманьні патрабаванай інфармацыі;
  9. Тыповымі парушэньнямі заканадаўства на ўчастках для галасаваньня былі наступныя: адсутнічалі кабіны для таемнага галасаваньня; не было праектаў зьменаў і дапаўненьняў Канстытуцыі; выбарцы дапускаліся да галасаваньня без дакумэнтаў, якія сьведчаць асобу; адзначаліся пашкоджаньні пломбаў на скрынях для галасаваньня; выяўляліся факты падробкі подпісаў выбарцаў[9].
Remove ads

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads