Уфімскае маторабудаўнічае вытворчае аб’яднаньне
дзяржаўнае прамысловае прадпрыемства Расеі, заснаванае ў ліпені 1925 году ў якасьці «Рыбінскага маторнага заводу № 26» From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
«Уфі́мскае маторабудаўні́чае вытво́рчае аб’ядна́ньне» — дзяржаўнае прамысловае прадпрыемства Расеі, заснаванае ў ліпені 1925 году ў якасьці «Рыбінскага маторнага заводу № 26» (цяпер Яраслаўская вобласьць).
Са сьнежня 1941 году месьціцца ва Ўфе (цяпер Башкартастан). На 2021 год «УМВА» мела 2 падразьдзяленьні: «Досьледна-канстуктарскае бюро імя Архіпа Люлькі» (Масква) і «Лыткарынскі машынабудаўнічы завод» (Маскоўская вобласьць)[6]. Таксама ва Ўфе працавала Досьледна-канструктарскае бюро «Матор»[7]. У падпарадкаваньні знаходзілася 5 дачынных прадпрыемстваў: ТАА «Пансіянат "Галавінка"» (Лазараўскі раён Сочы, Краснадарскі край), АТ «Інвэст Альянс», ТАА «Уфа Матор Інвэст», ААТ «Уфімскі машынабудаўнічы завод» і ААТ «Уфімскія маторы»[8]. Прадпрыемства выпускала турбарэактыўныя рухавікі для самалётаў, вузлы верталётаў і газатурбінныя рухавікі для энэргетыкі[9].
Remove ads
Мінуўшчына
17 ліпеня 1925 году Рада працы і абароны СССР ухваліла Рашэньне аб будаўніцтве «Рыбінскага заводу авіярухавікоў» (Яраслаўская губэрня) на аснове аўтарамонтных майстэрняў. 14 студзеня 1928 году адчынілі «Рыбінскі маторны завод № 26». Першыя 11 гадоў выпускалі поршневы рухавік «М-17», які ставілі на 23 відах самалётаў, зь іх на 18 сэрыйных, а таксама на танках. У 1936 годзе пачалася 10-гадовая вытворчасьць рухавіка сэрыі «М-100» для 58 відаў самалётаў, у якую ўваходзілі «М-103», «М-105», «М-106» і «М-107». Пазьней сэрыю перайменавалі ва «УК-100» у гонар кіраўніка Досьледна-канструктарскага бюро (ДКБ) Уладзімера Клімава. Увосень 1941 году «Рыбінскі маторны завод № 26» вывезьлі на плошчы «Уфімскага маторнага заводу № 384», які таксама належаў Народнаму камісарыяту авіяпрамысловасьці СССР і быў заснаваны ў 1931 годзе для вырабу камбайнавых рухавікоў. 17 сьнежня 1941 году «Рыбінскі маторны завод № 26» перайменавалі ва «Ўфімскі маторны завод № 26», да якога далучылі 2 мясцовыя заводы — «Уфімскі дызэльны завод № 338» і «Ўфімскі маторны завод № 384», а таксама 3 перавезеныя маторныя заводы: 2 ленінградзкія — № 234 і 451, ды «Маскоўскі маторны завод № 219». Падчас Нямецка-савецкай вайны вырабілі звыш 51 000 рухавікоў для бамбавікоў і зьнішчальнікаў канструктараў Сямёна Лавачкіна, Уладзімера Петлякова і Аляксандра Якаўлева. У выніку рухавікі «Ўфімскага маторнага заводу № 26» стаялі на кожным 3-м баявым самалёце Чырвонай арміі. Сярод іншага, самалёт «Як-9У» з рухавіком «УК-107А» стаў найхутчэйшым зьнішчальнікам 2-й сусьветнай вайны[10].
У 1946—1949 гадах «Уфімскі маторны завод № 26» вырабляў рэактыўныя рухавікі «РД-10А» для зьнішчальнікаў «Ла» і «Як», а таксама яго від «РД-10Ф». У 1948 году сталі выпускаць турбарэактыўныя рухавікі з цэнтрабежным кампрэсамрам «РД-45Ф» і яго віды «УК-1» і «УК-1Ф». Іх ставілі на бамбавікі «Іл-28», «Ту-14» і «Ту-82», а таксама на зьнішчальнікі «Ла-176», «Ла-200», «МіГ-15», «МіГ-17», «Су-25-28» і «Як-50». У 1954—1974 гадах выпускалі турбарэактыўны рухавік «РД-9Б» канструкцыі Аляксандра Мікуліна з восевым кампрэсарам, які ставілі на 1-ыя звышгукавыя зьнішчальнікі сямейства «МіГ-19». Яго від «РД-9Ф» ставілі на зьнішчальнік-перахопнік «Як-27». У 1950—1980-я гады таксама выраблялі кароткарэсурсныя раэктыўныя рухавікі распрацоўкі Сяргея Гаўрылава — «РД-9БК», «РД-9БКР» і сямейства «Р11-К». Яны прызначаліся для бесьпілётных самалётаў-выведнікаў, крылатых ракетаў і мішэняў у выглядзе ракетаў і самалётаў. У 1958—1990 гады выраблялі 25 відаў вадкасных ракетных рухавікоў, у тым ліку «С2.720», «С2.720М», «С2.722В», «С5.44» і «С5.83». Іх ставілі на зэнітныя кіраваныя ракеты клясы «зямля-паветра», марскія ракеты клясу «вада-вада» для караблёў і ракеты «паветра-зямля» для бамбавікоў і штурмавікоў. У 1961 годзе сталі выпускаць турбарэактыўныя рухавікі «КР-7-300» канструкцыі Сяргея Туманскага для крылатых ракетаў Вайскова-марскога флёту СССР. У 1962—1987 гадах «Уфімскі маторабудаўнічы завод» вырабляў рухавікі «Р11Ф-300», «Р13-300», «Р25300» розных відаў распрацоўкі Сяргея Гаўрылава, Мікалая Мехцварышвілі, Сяргея Туманскага і Канстанціна Хачатурава. Іх ставілі на сямейства зьнішчальнікаў «МіГ-21» і самалёты «Су-15»[10].
У 1967—2007 гадах на заводзе сабралі звыш 8 млн рухавікоў для аўтамабіляў «Масквіч-412». У 1974—1989 гадах выпускалі турбарэактыўныя рухавікі з фарсажнай камэрай «Р29Б-300» канструкцыі Канстанціна Хачатурава для зьнішчальніка-бамбавіка «МіГ-27». З 1975-га сталі вырабляць рухавікі «Р29-БС-300» для зьнішчальніка-перахопніка «Су-22». У 1978-м стварылі «Ўфімскае маторабудаўнічае вытворчае аб’яднаньне» («УМВА»). У 1980 годзе асвоілі выпуск сямейства турбарэактыўных рухавікоў «КР-17» распрацоўкі Сяргей Гаўрылава для бесьпілётніка-выведніка «Стрыж» і «КР21-300» для крылатых ракетаў. Адначасна сталі вырабляць бесфарсажны турбарэактыўны рухавік «Р-25Ш» распрацоўкі Гаўрылава для штурмавіка «Су-25». У 1988-м для «Су-25» і 8 яго відаў выпусьцілі рухавік «Р195» зь нізкім узроўнем інфрачырвонага выпраменьваньня. Сярод цывільным вырабаў звыш 50 гадоў выпускалі малалітражныя карбюратарныя рухавікі, а за 25 гадоў сабралі 160 000 мотаблёкаў. Таксама «УМВА» ўдзельнічала ў вырабе вузлоў рухавікоў «НК-25» і «НК-32» распрацоўкі Мікалая Кузьняцова для далёкаснага бамбавіка-ракетаносца «Ту-22М» і стратэгічнага ракетаносца «Ту-160». У 1990 годзе «УМВА» асвоіла сэрыйную вытворчасьць сьнегахода «Рысь». У 1993 годзе «УМВА» пераўтварылі ў адкрытае акцыянэрнае таварыства. Сталі выпускаць газатурбінныя рухавікі «АЛ-31Ф» для наземнага стацыянарнага прымяненьня ў цывільнай гаспадарцы. На яго аснове асвоілі выпуск газатурбіннага прывада «АЛ-31СТ» для газаперапампавальніка і «АЛ-31СТЭ» для генэратара на электрастанцыі. У 2016-м прадпрыемства стала публічным акцыянэрным таварыствам[10].
Кіраўнікі
- Васіль Баландзін (1941—1946)
- Міхаіл Ферын (1947—1977)
- Уладзіслаў Дзяконаў (1977—1986)
- Уладзімер Парашчанка (1986—1998)
- Валер Лесуноў (1998—2004)
- Юры Пустаўгараў (2004—2006)
- Аляксандар Арцюхоў (2006 — 18 ліпеня 2015)
- Яўген Сямівялічанка (з 18 ліпеня 2015 году)
Remove ads
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads