Фэдэральная служба бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі
ведамства ўраду Расеі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Фэдэральная служба бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі — ведамства ўраду Расеі, заснаванае ў красавіку 1995 году на аснове Фэдэральнай службы контарвыведкі Расеі.
Паводле 1-га артыкула Закону 1995 году «Аб Фэдэральнай службе бясьпекі», яе дзейнасьцю кіраваў прэзыдэнт Расеі, які прызначаў кіраўніка ФСБ. Згодна з 3-м артыкулам пры ФСБ дзейнічала Акадэмія крыптаграфіі Расейскай Фэдэрацыі (Заходняя адміністрацыйная акруга Масквы, Ярцаўская вуліца, дом 30), статут якой зацьвярджаў прэзыдэнт Расеі. У 8-м артыкуле згадвалася, што асноўнымі кірункамі дзейнасьці ФСБ былі: супрацьвыведка, барацьба з тэрарызмам і злачыннасьцю, выведка, памежная ахова і забесьпячэньне весткавай бясьпекі[6].
Remove ads
Будова
На 2025 год у склад Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі ўваходзілі:
- Памежная служба ФСБ Расеі;
- Кіраўніцтва справамі (Цэнтральная адміністрацыйная акруга Масквы, вул. Кузьнецкі мост, дом 22)
- 5 асяродкаў — 1) грамадзкіх сувязяў (Цэнтральная адм.акруга, вул. Вялікая Лубянка, дом 1), 2) антытэрарыстычны спэцпрызначэньня, 3) адмысловай тэхнікі, 4) апэратыўна-тэхнічных захадаў (АТЗ), 5) ліцэнзаваньня, засьведчаньня і абароны дзяржаўнай таямніцы;
- Дэпартамэнт вайсковай контарвыведкі;
- 4 управы — 1) вайскова-мэдычная, 2) сьледчая, 3) міжнароднай супрацы, 4) радыёконтарвыведкі;
- Акадэмія ФСБ Расеі (Заходняя адміністрацыйная акруга, Мічурынскі праспэкт, дом 70)[1].
Remove ads
Абавязкі
Паводле 12-га артыкула Закону «Аб Фэдэральнай службе бясьпекі» 1995 году, органы ФСБ Расеі былі абавязаныя:
- апавяшчаць прэзыдэнта і старшыню Ўраду Расеі і на іх даручэньне фэдэральныя органы дзяржаўнай улады, а таксама такія органы суб'ектаў фэдэрацыі пра пагрозы бясьпецы Расеі;
- выяўляць, папярэджваць, спыняць выведку адмысловых службаў замежных дзяржаў і асобаў, накіраваную на нанясеньне шкоды бясьпецы Расеі;
- здабываць выведвальныя зьвесткі ў зацікаўленасьцях бясьпекі Расеі і павышэньня яе гаспадарчых, навукова-тэхнічных і абаронных магчымасьцяў;
- выяўляць, папярэджваць, спыняць і раскрываць злачынствы ў галіне бясьпекі, вышукваць адпаведных злачынцаў і падазраваных;
- выяўляць, папярэджваць, спыняць, раскрываць і расьсьледаваць тэрарыстычныя акты, якія рыхтуюцца, учыняюцца і ўчыненыя, а таксама здабываць зьвесткі аб падзеях і дзеяньнях, якія ствараюць пагрозу тэрарызму;
- распрацоўваць і ажыцьцяўляць ва ўзаемадзеяньні зь іншымі дзяржаўнымі органамі захады па барацьбе з карупцыяй, незаконным абаротам зброі і наркатычных сродкаў, кантрабандай, дзейнасьцю незаконных узброеных фармаваньняў, злачынных групаў, асоб і грамадзкіх аб'яднаньняў, якія ставяць за мэту гвалтоўнае зьмяненьне канстытуцыйнага ладу Расеі;
- забясьпечваць бясьпеку ва Ўзброеных сілах Расеі, іншых войсках, вайсковых фармаваньнях, іх органах кіраваньня і ў органах, у якіх фэдэральным законам прадугледжана вайсковая служба, у органах унутраных справаў, Дзяржаўнай супрацьпажарнай службе, мытных органах і органах па кантролі за абаротам наркатычных сродкаў і псыхатропных рэчываў;
- забясьпечваць бясьпеку пабудоваў абароннай галіны, атамнай энэргетыкі, перавозак і сувязі, жыцьцезабесьпячэньня буйных гарадоў і прамысловых асяродкаў, іншых стратэгічных пабудоваў, а таксама бясьпеку ў галіне касьмічных даследаваньняў, пераважных навуковых распрацовак;
- забясьпечваць бясьпеку фэдэральных органаў дзяржаўнай улады і адпаведных органаў суб'ектаў фэдэрацыі;
- браць удзел у распрацоўцы і ажыцьцяўленьні абароны дзяржаўных таямніцаў, сачыць за іх захаванасьцю ў дзяржаўных органах, вайсковых фармаваньнях, на прадпрыемствах і ва ўстановах незалежна ад формы ўласнасьці, дапускаць упаўнаважаных грамадзянаў да дзяржаўных таямніцаў;
- ахоўваць бясьпеку ўстановаў і грамадзянаў Расеі за мяжой ва ўзаемінах са Службай вонкавай выведкі Расеі;
- абараняць і ахоўваць дзяржаўную мяжу Расеі і гаспадарчыя зацікаўленасьці Расеі ў памежных землях, а таксама ахоўаць марскія біялягічныя багацьці;
- забясьпечваць бясьпеку прадстаўніцтваў замежных дзяржаваў у Расеі ва ўзаемадзеяньні з органамі ўнутраных справаў;
- браць удзел у забесьпячэньні бясьпекі грамадзка-палітычных і рэлігійных масавых мерапрыемстваў сумесна зь іншымі дзяржаўнымі органамі;
- весьці ўлік радыёдадзеных і радыёвыпраменьваньняў перадавальных радыёэлектронных сродкаў, выяўляць іх радыёвыпраменьваньні ў Расеі, калі тыя ўяўляюць пагрозу бясьпецы Расеі і выкарыстоўваюцца супрацьпраўна;
- браць удзел у рашэньнях наконт прыёму ў грамадзянства Расеі і выхаду зь яго, уезду ў Расею і выезду за мяжу, а таксама ладу знаходжаньня замежнікаў і асобаў без грамадзянства ў Расеі;
- падтрымліваць мабілізацыйную гатоўнасьць органаў ФСБ Расеі;
- ажыцьцяўляць прафэсійную асьвету[6].
Remove ads
Правы
Згодна з 13-м артыкулам Закону «Аб Фэдэральнай службе бясьпекі» 1995 году, органы ФСБ Расеі мелі права:
- таемна ўсталёўваць супрацу са згоднымі асобамі;
- праводзіць апэратыўны вышук з выяўленьнем, папярэджаньнем, спыненьнем і раскрыцьцём шпіянажу, арганізаванай злачыннасьці, карупцыі, незаконнага абароту зброі і наркатычных сродкаў, кантрабанды, якія ўяўляюць пагрозу бясьпецы Расеі, і злачынстваў у галіне бясьпекі, дзейнасьці незаконных узброеных фармаваньняў, злачынных групаў, асобаў і грамадзкіх аб'яднаньняў, якія ставяць за мэту гвалтоўнае зьмяненьне канстытуцыйнага ладу Расеі;
- пранікаць у адмысловыя службы замежных дзяржаваў, якія праводзяць выведку на шкоду бясьпецы Расеі, а таксама ў злачынныя групы;
- ажыцьцяўляць дазнаньне і папярэдняе сьледства ў справах аб злачынствах у галіне бясьпекі;
- выконваць шыфраваньне ў органах ФСБ Расеі, наглядаць за выкананьнем таемнасьці пры абыходжаньні з шыфраванымі зьвесткамі ў шыфравальных падразьдзяленьнях дзяржаўных органаў, прадпрыемстваў і ўстановаў незалежна ад формы ўласнасьці;
- выкарыстоўваць у службовых мэтах сродкі сувязі, якія належаць дзяржаўным прадпрыемствам і ўстановам, а ў безадкладных выпадках — прыватным прадпрыемствам і ўстановам, як і грамадзкім аб'яднаньням і грамадзянам Расеі;
- выкарыстоўваць у безадкладных выпадках сродкі перавозак прадпрыемстваў і установаў незалежна ад формы ўласнасьці, грамадзкіх аб'яднаньняў і грамадзянаў для прадухіленьня злачынстваў, перасьледу і затрыманьня злачынцаў і падазраваных, дастаўкі грамадзянаў у лякарню пры патрэбе хуткай лекарска дапамогі, а таксама для праезду да месца здарэньня;
- бесьперашкодна ўваходзіць у жылыя памяшканьні, на прыналежныя грамадзянам зямельныя дзялянкі, на землі і ў памяшканьні прадпрыемстваў і ўстановаў незалежна ад формы ўласнасьці ў выпадку, калі ёсьць дастатковыя падставы меркаваць, што там учыняюць або ўчынілі небяспечнае грамадзтву дзеяньне ў галіне бясьпекі, а таксама ў выпадку перасьледу асобаў, якія падазраюцца ва ўчыненьні такога дзеяньня, калі прамаруджваньне можа паставіць пад пагрозу жыцьцё і здароўе грамадзянаў;
- правяраць у грамадзянаў і службовых асобаў пасьведчаньні асобы, калі ёсць дастатковыя падставы падазраваць іх ва ўчыненьні злачынства;
- ажыцьцяўляць адміністрацыйнае затрыманне асобаў, якія ўчынілі правапарушэньне, звязанае са спробай пранікненьня і пранікненьнем на ахоўныя землі асабліварэжымных пабудоваў і закрытых адміністрацыйна-тэрытарыяльных утварэньняў, а таксама правяраць у гэтых асобаў пасьведчаньні, атрымліваць ад іх тлумачэньні, ажыццяўляць асабісты надгляд і выняцьце іх рэчаў і дакумэнтаў;
- уносіць у дзяржаўныя органы, управы прадпрыемстваў і ўстаноў незалежна ад формы ўласнасьці, а таксама ў грамадзкія аб'яднаньні абавязковыя для выкананьня прадстаўленьні аб прыбіраньні прычынаў і ўмоваў, якія садзейнічаюць пагрозам бясьпецы Расеі і ўчыненьню злачынстваў у галіне бяспекі;
- атрымліваць на бязвыплатнай аснове ад дзяржаўных органаў, прадпрыемстваў і ўстановаў незалежна ад формы ўласнасьці зьвесткі, патрэбныя для выкананьня ўскладзеных на органы ФСБ абавязкаў;
- ствараць прадпрыемствы, установы і падразьдзяленьні, патрэбныя для выкананьня ўскладзеных абавязкаў і забеспячэньня дзейнасьці органаў ФСБ;
- ствараць падразьдзяленьні спэцпрызначэньня для выканання ускладзеных абавязкаў;
- праводзіць крыміналістычныя экспэртызы і дасьледаваньні;
- ажыццяўляць вонкавыя зносіны з адмысловымі службамі і праваахоўнымі органамі замежных дзяржаваў, абменьвацца зь імі на ўзаемнай аснове апэратыўнымі зьвесткамі, тэхнічнымі сродкамі, заключаць міжнародныя міжведамасныя дамовы Расеі;
- накіроўваць афіцыйных прадстаўнікоў у замежныя дзяржавы па ўзгадненьні з адмысловымі службамі і праваахоўнымі органамі гэтых дзяржаваў дзеля павышэньня спраўнасьці барацьбы зь міжнароднымі злачынствамі;
- забясьпечваць уласную бясьпеку, у тым ліку з прадухіленьнем пранікненьня адмысловых службаў замежных дзяржаваў, злачынных групаў і асоб з выкарыстаньнем тэхнічных сродкаў датычна абароненых дзяржаўных таямніцаў;
- дазваляць сваім супрацоўнікам захоўваньне нашэньне табэльнай зброі і адмысловых сродкаў;
- выкарыстоўваць у мэтах зашыфроўкі асобы сваіх супрацоўнікаў, ведамаснай прыналежнасьці іх падразьдзяленьняў, памяшканьняў і сродкаў дакумэнты іншых ведамстваў, прадпрыемстваў і ўстановаў;
- праводзіць навуковыя дасьледаваньні праблемаў бясьпекі Расеі;
- садзейнічаць прадпрыемствам і установам незалежна ад формы ўласнасьці ў распрацоўцы абароны камэрцыйнай таямніцы;
- рыхтаваць кадры для адмысловых службаў замежных дзяржаваў, службаў бясьпекі прадпрыемстваў і ўстановаў незалежна ад формы ўласнасьці;
- упарадкоўваць распрацоўку, вытворчасьць, збыт, выкарыстаньне шыфравальных сродкаў і абароненых зь іх выкарыстаньнем сетак сувязі ў Расеі, а таксама наданьне паслуг шыфраваньня зьвестак у Расеі, выяўленьне электронных прыладаў для негалоснага атрыманьня зьвестак у памяшканьнях і тэхнічных сродках;
- наглядаць за ўладкаваньнем і ўвасабленьнем крыптаграфічнай і інжынэрна-тэхнічнай бяспекі весткава-сувязных сетак, сетак шыфраванай і ўтоенай сувязі, за выкананьнем парадку таемнасьці пры абыходжаньні з шыфраванымі зьвесткамі ў шыфравальных падраздзяленнях дзяржаўных органаў і арганізацый у Расеі і ў яе ўстановах за мяжой, а таксама за абаронай асабліва важных пабудоваў і тэхнічных сродкаў у іх ад уцечкі зьвестак па тэхнічных каналах;
- браць удзел у вызначэнні парадку распрацоўкі, вытворчасьці, збыту, выкарыстаньня і абароны тэхнічных сродкаў апрацоўкі, захоўваньня і перадачы зьвестак абмежаванага доступу, прызначаных для выкарыстаньня ва ўстановах Расеі за мяжой;
- забясьпечваць выяўленьне прыладаў перахопу зьвестак у асабліва важных пабудовах і тэхнічных сродках, прызначаных для выкарыстаньня ў фэдэральных органах дзяржаўнай улады[6].
Remove ads
Мінуўшчына
30 студзеня 1991 году Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету Расейскай СФСР ухваліў Пастанову № 557-1. У адпаведнасьці з гэтай пастановай 31 студзеня 1991 году Савет міністраў Расейскай СФСР зацьвердзіў Пастанову № 66 «Аб пераўтварэньні Дзяржаўнага камітэту РСФСР па грамадзкай бясьпецы і ўзаемадзеньні зь Міністэрствам абароны СССР і КДБ СССР у Дзяржаўны камітэт РСФСР па абароне і бясьпецы»[7]. 5 траўня 1991 году Прызыдыюм Вярхоўнага Савету РСФСР ухваліў Пастанову № 1165-I «Аб пераўтварэньні Дзяржаўнага камітэту РСФСР па абароне і бясьпецы ў Дзяржаўны камітэт у справах абароны і Камітэт дзяржаўнай бясьпекі РСФСР», кіраваньне якімі ўсклалі на Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету і Савет міністраў РСФСР[8].
6 траўня 1991 году старшыня Вярхоўнага Савету Расейскай СФСР Барыс Ельцын і старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі СССР Уладзімер Кручкоў падпісалі Пратакол аб утварэньні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Расейскай СФСР. 26 лістапада 1991 году расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын падпісаў Указ № 233 «Аб пераўтварэньні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі РСФСР у Агенцтва фэдэральнай бясьпекі РСФСР». Цэнтральны апарат АФБ РСФСР склалі:
- 5 галоўных управаў — 1) выведкі, 2) супрацьвыведкі, 3) барацьбы з арганізіванай злачыннасьцю і карупцыяй, 4) інфармацыйна-аналітычная, 5) працы з асабістым складам;
- 10 управаў — 1) вайсковай супрацьвыведкі, 2) барацьбы з тэрарызмам, 3) вонкавай выведкі, 4) інспэктарская, 5) апэратыўна-тэхнічная, 6) сувязі, 7) сьледчая, 8) вайскова-мэдычная, 9) вайскова-будаўнічая, 10) гаспадарчая;
- 3 службы — 1) узаемінаў і каардынацыі з органамі бясьпекі Саюзу, уваходзячых у яго рэспублік і іншых дзяржаваў, 2) прававога забесьпячэньня, 3) эканамічная;
- 2 аддзелы — 1) уласнай бясьпекі, 2) апэратыўных фондаў;
- сакратарыят, асяродак грамадзкіх сувязяў і сьледчы ізалятар[9].
Згодна зь 1-м пунктам Часовага палажэньня аб АФБ РСФСР яго ўзначальваў генэральны дырэктар, які меў 7 намесьнікаў, у тым ліку аднаго першага. АФБ падначальвалася прэзыдэнту РСФСР і было падсправаздачным Вярхоўнаму Савету РСФСР. Згодна з 4-м пунктам прэзыдэнт РСФСР зацьвярджаў склад калегіі АФБ, у які ўваходзілі гендырэктар і ягоныя намесьнікі, начальнікі 4-х галоўных управаў — выведкі, супрацьвыведкі, барацьбы з арганізіванай злачыннасьцю і карупцыяй, інфармацыйна-аналітычнай, а таксама начальнікі 2-х управаў — барацьбы з тэрарызмам і інспэктарскай[9].
24 студзеня 1992 году прэзыдэнт Ельцын падпісаў Указ № 42 «Аб утварэньні Міністэрства бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі» на аснове АФБ РСФСР і Міжрэспубліканскай службы бясьпекі СССР. Пераўтварэньне мелі скончыць да 1 ліпеня 1992 году. Згодна з 3-м пунктам Указу міністру бясьпекі Расеі дазволілі мець 7 намесьнікаў, у тым ліку першага і намесьнікаў па Маскве і Маскоўскай вобласьці ды Санкт-Пецярбургу і Ленінградзкай вобласьці. Калегія Міністэрства мела складацца зь 17 чалавек. Штатную колькасьць супрацоўнікаў Міністэрства ўстанавілі ў памеры 137 900 чалавек, зь якіх 2800 прыпадала на цэнтральны апарат[10]. Паводле 6-га пункту Часовага палажэньня аб Міністэрстве бясьпекі, прэзыдэнт Расеі прызначаў міністра бясьпекі. Згодна з 11-м пунктам камітэты Вярхоўнага Савету Расеі наглядалі за дзейнасьцю Міністэрства. 18 ліпеня 1992 году прэзыдэнт Ельцын падпісаў Указ № 789, якім павялічыў штат Міністэрства ў 2,5 разы да 347 900 чалавек з улікам 210 000 супрацоўнікаў Памежных войскаў Расеі, а штат яго цэнтральнага апарату павялічыў на 25 % да 3500 чалавек[11].
21 сьнежня 1993 годзе прэзыдэнт Ельцын падпісаў Указ № 2233 «Аб скасаваньні Міністэрства бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі і стварэньні Фэдэральнай службы контарвыведкі Расейскай Фэдэрацыі». Паводле 6-га пункту Ўказу, супрацоўнікі Міністэрства бясьпекі лічыліся часовымі службоўцамі ФСК да атэстацыі для залічэньня ў штат. У прэамбуле Ўказу адзначалася[12]:
![]() |
Сыстэма органаў УНК-АДПУ-НКУС-НКДБ-МДБ-КДБ-МБ апынулася нерэфармавальнай. Прадпрынятыя ў апошнія гады спробы рэарганізацыі насілі ў асноўным вонкавы, касмэтычны характар. На гэты час стратэгічная канцэпцыя забесьпячэньня дзяржаўнай бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі ў Міністэрства бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі адсутнічае. Контарвыведвальная праца аслабленая. Сыстэма палітычнага вышуку закансэрваваная і лёгка можа быць узноўленая. | ![]() |
—Барыс Ельцын, Указ прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі ад 21 сьнежня 1993 г. № 2233 «Аб скасаваньні Міністэрства бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі і стварэньні Фэдэральнай службы контарвыведкі Расейскай Фэдэрацыі» |
3 красавіка 1995 году прэзыдэнт Ельцын падпісаў Закон «Аб органах Фэдэральнай службы бясьпекі ў Расейскай Фэдэрацыі», якая стала правапераемніцай ФСК Расеі[13]. 22 траўня 1997 году Ельцын падпісаў Указ № 515 «Аб структуры Фэдэральнай службы бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі», якім скасаваў правядзеньне пераатэстацыі супрацоўнікаў. Склад калегіі ФСБ скарацілі да 11 чалавек. Вызначылі, што 7 намесьнікамі мелі быць 1-ы намесьнік, кіраўнікі 5 дэпартамэнтаў і начальнік управы па Маскве і Маскоўскай вобласьці. У складзе ФСБ Расеі пакінулі:
- 5 дэпартамэнтаў — 1) контарвыведкі, 2) барацьбы з тэрарызмам, 3) аналізу, прагнозу і стратэгічнага плянаваньня, 4) арганізацыйна-кадравай працы, 5) забесьпячэньня дзейнасьці;
- 5 управаў — 1) распрацоўкі і спыненьня дзейнасьці злачынных арганізацыяў, 2) сьледчую, 3) апэратыўна-пошукавую, 4) апэратыўна-тэхнічных захадаў, 5) уласнай бясьпекі;
- кіраўніцтва справамі і сьледчы ізалятар[14].
11 сакавіка 2003 году прэзыдэнт Уладзімер Пуцін падпісаў Указ № 308 «Аб захадах удасканаленьня дзяржаўнага кіраваньня ў галіне бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі», якім ад 1 ліпеня 2003 году ФСБ перадалі Фэдэральную памежную службу Расеі[15].
17 красавіка 2021 году ФСБ Расеі афіцыйна заявіла, што дапамагло прадухіліць зрынаньне рэжыму Лукашэнкі «паводле адпрацаванага сцэнару „каляровых рэвалюцыяў“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў»[16].
Кіраўнікі
- Віктар Іваненка (5 траўня 1991 — 15 студзеня 1992)
- Віктар Бараньнікаў (15 студзеня 1992 — 27 ліпеня 1993)
- Мікалай Галушка (28 ліпеня 1993 — 28 лютага 1994)
- Сяргей Сьцяпашын (3 сакавіка 1994 — 30 чэрвеня 1995)
- Міхаіл Барсукоў (24 ліпеня 1995 — 20 чэрвеня 1996)
- Мікалай Кавалёў (20 чэрвеня 1996 — 25 ліпеня 1998)
- Уладзімер Пуцін (25 ліпеня 1998 — 9 жніўня 1999)
- Мікалай Патрушаў (9 жніўня 1999 — 5 траўня 2008)
- Аляксандар Бортнікаў (ад 12 траўня 2008 году)[13]
Remove ads
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads