Фэс

места ў Марока From Wikipedia, the free encyclopedia

Фэс
Remove ads

Фэс або Фэз (па-арабску: فاس, па-француску: Fès) — найстарэйшы з чатырох імпэрскіх гарадоў Марока, найбуйнейшы на захадзе Афрыкі цэнтар ісламскай культуры і адукацыі. Часам згадваецца як «Мэка Захаду» ці «Атэны Афрыкі». Насельніцтва Фэсу, паводле перапісу насельніцтва 2024 складае 1,256 мільёнаў чалавек. Гэта трэці паводле велічыні горад Марока пасьля Касаблянкі і Танжэру.

Хуткія факты
Remove ads

Гісторыя

Горад быў заснаваны ў 789 годзе як Мадынат-Фас на паўднёва-ўсходнім беразе ракі Джаўгар, якая цяпер вядомая як рака Фэс, Ідрысам I, заснавальнікам дынастыі Ідрысідаў. Ідрыс I быў гасанідзкім шарыфам з Арабіі, які быў вымушаны ўцячы з Гіджазу пасьля няўдалага паўстаньня супраць Абасыдзкага халіфату, у рэшце рэшт пераехаў у паўночны Марока і заваяваў значную частку тэрыторыі[2][3]. Насельніцтва новага места перадусім складалася з бэрбэраў. У хуткім часе павялічылася арабская іміграцыя, а таксама прыбылі андалюзійскія сем’і зьмешанага арабскага і ібэрыйскага паходжаньня, якія былі выгнаныя з Кордавы пасьля паўстаньня ў 817–818 гадах супраць аль-Гакама I. У 828 годзе рэгіён быў падзелены, у выніку чаго Мугамад атрымаў Фэс.

Thumb
Інтэр’еры мячэту Аль-Каравійн.

У X стагодзьдзі горад быў пад уладай Амэядзкага халіфату з Кордавы і Фатымідзкага халіфату з Іфрыкіі, якія кіравалі горадам праз намесьнікаў[4][5][6][7]. Горад, разам з значнай часткай паўночнага Марока, працягваў пераходзіць з рук у рукі паміж даверанымі асобамі Кордавы цягам многіх дзесяцігодзьдзяў. У 1069—1070 гадах Фэс быў заваяваны Альмаравідамі. Не зважаючы на тое, што сталіца была перанесеная ў Маракеш пры Альмаравідах, Фэс набыў рэпутацыю важнага цэнтру гандлю і прамысловасьці[8][9]. Да 1200 году Фэс і Каір, верагодна, былі найбуйнейшымі мусульманскімі гарадамі[10]. У 1250 годзе Фэс аднавіў свой статус сталіцы пры дынастыі Марынідаў, на чый час прыпаў залаты век места[11][12][13]. Паміж 1271 і 1357 гадамі было пабудавана сем мэдрэсэ, якія ёсьць аднымі з найлепшых прыкладаў мараканскай архітэктуры і аднымі з найбольш багата ўпрыгожаных помнікаў у Фэсе[14][15][16][17]. Мараканскае паўстаньне 1465 году зрынула апошняга султана Марынідаў.

У XVI стагодзьдзі да ўлады на поўдні Марока прыйшлі Саадыты, дынастыя, якая прэтэндавала на прароцкую спадчыну. Прыкладна ў той жа час Асманская імпэрыя наблізілася да Фэсу па заваёве Альжыру. Асманы спрабавалі ўварвацца ў Марока пасьля забойства Мугамэда аш-Шэйха ў 1558 годзе, але былі спыненыя ягоным сынам Абдалой аль-Ггалібам у бітве пры Вадзі-эль-Лябане на поўнач ад Фэсу[18]. Абд аль-Малік, брат Абдалы, захапіў Фэс пры падтрымцы Асманскай імпэрыі і зрынуў з трону свайго пляменьніка Абу Абдулу. Саадыты, якія зноў выкарыстоўвалі Маракеш як сваю сталіцу, не надавалі асаблівай увагі Фэсу, за выключэньнем багата ўпрыгожаных павільёнаў для абмываньняў, дададзеных да двара мячэту Каравійн[19]. Толькі калі заснавальнік дынастыі алавітаў Муляй Рашыд узяў Фэс у 1666 годзе, горад аднавіўся і зноў стаў сталіцай, але ненадоўга. Муляй Рашыд пачаў аднаўляць места пасьля доўгага часу занядбаньня. Па сьмерці Рашыда Фэс перажыў яшчэ адзін цёмны час. Пачынаючы з кіраваньня Муляя Мугамада ібн Абдалы, паміж 1757 і 1790 гадамі, краіна стабілізавалася, а Фэс вярнуў сваю значнасьць. Не зважаючы на тое, што Маракеш таксама заставаўся важным горадам, менавіта Фэс заставаўся сталіцай Марока да канца алавіцкага пэрыяду ажно да XX стагодзьдзя[20][21].

Thumb
Адрачэньне ад трону султана Марока Абд аль-Гафіда ў 1912 годзе.

У 1912 годзе па складаньні Фэскага дагавора ў Марока было ўсталяванае францускае каляніяльнае панаваньне. Адным з наступстваў гэтага былі забурэньні ў Фэсе ў 1912 годзе, то бок народнае паўстаньне, цягам якіх адбываліся напады на эўрапейцаў і габрэяў[22][23]. Першы францускі кіраўнік генэрал Юбэр Льютэ пастанавіў перанесьці адміністрацыйную сталіцу пратэктарату ў Рабат у 1912—1913 гадах, які з тых часоў застаецца сталіцай краіны[24][25][26]. У гэты час і цягам XX стагодзьдзя адбыўся шэраг сацыяльных зьменаў. Пачынаючы з часоў Льютэ, адным з важных доўгатэрміновым наступствам стала пастанова ў значнай ступені адмовіцца ад перабудовы існых гістарычных гарадоў-крэпасьцей у Марока і наўмысна захаваць іх як аб’екты гістарычнай спадчыны, якія дагэтуль вядомыя як «мэдыны». Замест гэтага француская адміністрацыя будавала новыя сучасныя гарады недалёка ад старых гарадоў, дзе перадусім пражывалі эўрапейскія засяленцы з сучаснымі выгодамі заходняга стылю. Гэта было часткай больш шырокай «палітыкі асацыяцыі», зацьверджанай Льютэ, якая спрыяла розным формам ускоснага каляніяльнага кіраваньня шляхам захаваньня мясцовых інстытутаў і эліт[27][28][29]. Стварэньне асобнага францускага раёну Віль-Нувэль на захадзе ад места мела больш шырокі ўплыў на разьвіцьцё ўсяго гораду[30]. Тут першапачаткова сяліліся новапрыбылыя французы, але і зь цягам часу заможныя мараканцы. Фэс таксама адыграў пэўную ролю ў мараканскім нацыяналістычным руху і ў пратэстах супраць францускага каляніяльнага рэжыму. Многія мараканскія нацыяналісты атрымалі адукацыю ва ўнівэрсытэце Аль-Каравійн.

Пасьля таго, як Марока аднавіла сваю незалежнасьць у 1956 годзе, многія тэндэнцыі, распачатыя падчас каляніяльнага панаваньня, працягнуліся і паскорыліся. Значная частка буржуазных клясаў Фэсу пераехала ў мэгаполісы Касаблянку і сталіцу Рабат[31][32]. Мясцовыя габрэі масава пераязджалі або ў Касаблянку, або эмігравала ў Францыю, Канаду і Ізраілю. У 1981 годзе стары горад, які складаецца з Фэс-эль-Балі і Фэс-Джыд, быў далучаны ў сьпіс аб’ектаў Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО[33].

Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads